Стартап звольніў чвэрць супрацоўнікаў, а астатніх папрасіў напісаць добрыя водгукі на Glassdoor
Healthtech-стартап Vial мінулага кастрычніка скараціў 40-50 супрацоўнікаў — прытым што станам на снежань яго штат налічваў 125 чалавек. Астатніх папрасілі напісаць станоўчыя водгукі на Glassdoor, расказвае Insider са спасылкай на трох былых супрацоўнікаў і скрыншот перапіскі ў Slack.
У сярэдзіне снежня сузаснавальнік і гендырэктар Vial Сайман Бёрнс напісаў у адным з карпаратыўных каналаў у Slack словы падзякі за дапамогу — імаверна, адной з супрацоўніц, чыё імя выданне схавала, — у «нацягванні» рэйтынгу на партале амаль да 4. Таксама ён папрасіў калег дапамагчы ёй з водгукамі на Glassdoor, дзе супрацоўнікі распісваюць плюсы і мінусы працадаўцаў, іх заробкі, менеджмент, карпаратыўную культуру і не толькі, і прымацаваў спасылку на профіль Vial.
Дапамога спатрэбілася таму, што ў кастрычніку рэйтынг кампаніі складаў 1 з 5 зорак, а на гэты момант падняўся да 3,8 на аснове 26 водгукаў. За лістапад там раптам з’явілася адразу 20 добрых водгукаў. У іх Vial апісваюць як хуткарослы стартап з таленавітымі супрацоўнікамі, якім даецца аўтаномнасць і магчымасці кар’ернага росту. Але, паводле слоў экс-супрацоўнікаў, настрой у кампаніі ўпадніцкі і многія людзі сыходзяць самі.
Wall Street Journal яшчэ ў 2019 годзе правёў расследаванне і высветліў, што такое маніпуляванне рэйтынгамі на Glassdoor сустракаецца ўсё часцей. Наплывы станоўчых водгукаў заўважалі ў тым ліку за SpaceX і SAP.
Стартап Vial быў заснаваны ў 2020 годзе і спецыялізаваўся на кіраванні працэсамі выпрабавання лекаў, а пасля засяродзіўся на праграмных прадуктах. У негатыўных каментарах адзначаецца таксічнасць культуры, няўзгодненасць менеджменту і адсутнасць экспертызы ў галіне. За некалькі месяцаў да звальненняў стартап падняў больш за $100 млн інвестыцый.
Читать на dev.by