Tesla страціла двух ключавых топ-менеджараў. Людзі даведваліся пра звальненне па дэактываваных пропусках
Старшы віцэ-прэзідэнт інжынернага кірунку Tesla Дру Бальіна ўчора абвясціў, што пакінуў кампанію на фоне буйнога раўнда звальненняў. Ён падзякаваў калегам і сказаў, што рашэнне было складаным, але прычыны не ўдакладніў. Бальіна прапрацаваў тут амаль два дзясяткі гадоў.
Бальіна далучыўся да Tesla ў 2006-м — праз два гады пасля таго, як у кампанію ўпершыню ўклаўся Ілан Маск. Ён пачынаў свой шлях тут інжынерам і працаваў над Roadster, першым аўтамабілем Tesla. На момант адстаўкі ён значыўся ў ліку ўсяго чатырох топ-менеджараў разам з Маскам, якія называліся «кіраўніцтвам» на старонцы Tesla па сувязях з інвестарамі. Бальіна ўзначальваў распрацоўку тэхналогій для энергетычных прадуктаў Tesla, у тым ліку аўтамабільных акумулятараў і рухавікоў.
Разам з ім пра сыход учора паведаміў віцэ-прэзідэнт Tesla па вонкавых сувязях і развіцці бізнэсу Рохан Патэл. У гутарцы з TechCrunch ён сказаў, да гэтага яго падштурхнулі «агульныя змены» ў кампаніі.
У мінулым жніўні Tesla пазбавілася фінансавага дырэктара Закары Кіркхорна. Ён прапрацаваў у кампаніі 13 гадоў і, паводле чутак, мог стаць пераемнікам Маска.
У нядзелю Маск апавясціў супрацоўнікаў Tesla пра скарачэнне 14 тысяч іх калег у ЗША, Еўропе і Кітаі. Як адзначае TechCrunch, «пад нож» патрапілі супрацоўнікі ўсіх падраздзяленняў і ўзроўняў іерархіі, уключаючы высокапрадукцыйныя кадры. Крыніца выдання была «шакаваная» тым, колькі таленавітых людзей выставілі за дзверы. Многія з іх працавалі на праектах, якія сталі менш прыярытэтнымі для Tesla. Некаторыя каманды страцілі да 20% штату. Звальненні тлумачацца дрэннымі фінансавымі вынікамі кампаніі, яны маюць дапамагчы ёй знізіць выдаткі і стаць эфектыўнейшай.
Суразмоўцы Business Insider расказваюць, што некаторыя людзі даведаліся пра сваё звальненне, калі прыехалі на працу ў панядзелак. На заводзе ў Невадзе супрацоўнікі стаялі амаль дзве гадзіны ў чарзе, каб патрапіць у будынак, пакуль ахова правярала іх бэйджы. У Фрыманце ахоўнікі на прахадной проста казалі людзям, што калі іх бэйджы не дзейнічаюць, значыць яны тут больш не працуюць. Business Insider адзначае, што тых, хто трапіў пад скарачэнне, кампанія апавясціла пра гэта паведамленнем на асабістую электронную пошту ў нядзелю ўвечары, паабяцаўшы растлумачыць пра выхадную дапамогу ў найбліжэйшыя два дні, а ўжо ў панядзелак ім закрылі доступ да карпаратыўных сістэм. Імэйл Маска з анонсам скарачэнняў быў разасланы незадоўга да поўначы ў нядзелю.
Читать на dev.by