Топ-менеджар Microsoft: хочаце прыбаўку — зрабіце так, каб раслі каціроўкі
Microsoft нядаўна сказала, што сёлета не будзе павышаць заробкі і бонусы супрацоўнікам. Дырэктар тэхнагіганта па маркетынгу Крыс Капосела даў простую параду незадаволеным, якія хочуць атрымліваць больш грошай: трэба добра працаваць і зрабіць так, каб даражэлі акцыі.
Капосела назваў кошт каштоўных папер «галоўным рычагом павышэння ўзнагароджання амаль для ўсіх супрацоўнікаў». Між тым сам ён на пачатку мая скінуў акцыі Microsoft на $1,55 млн і яшчэ на $2,85 млн — мінулага тыдня.
«Выдатныя квартальныя вынікі робяць акцыі прывабнейшымі, што ў сваю чаргу прыводзіць да росту агульнага ўзнагароджання для ўсіх», — сказаў менеджар у лісце, які трапіў у распараджэнне Fortune. Ён дадаў, што кампанія па-ранейшаму ўкладвае велізарныя сродкі ў сваіх працаўнікоў і дата-цэнтры, якія граюць важную ролю ў АІ-трансфармацыі.
У маі стала вядома, што Microsoft вырашыла не падымаць заробкаў супрацоўнікам сёлета і паменшыць бюджэт на прэміі ў сувязі з макраэканамічнымі абставінамі. На пачатку года кампанія абвясціла пра скарачэнне больш як 10 тысяч супрацоўнікаў.
Читать на dev.by