Трамп увёў «узаемныя» тарыфы супраць усіх. А супраць Беларусі — не ўвёў
Учорашні ўказ амерыканскага прэзідэнта абкладае дадатковым зборам тавары, што імпартуюцца ў ЗША з 185 краін і тэрыторый (ЕС пазначаны ў пераліку як адзіная сутнасць). Трамп заявіў, што памер мыт павялічваецца «на ўзаемнай аснове», то бок таму, што аналагічныя тарыфы дзейнічаюць у гэтых краінах адносна імпарту з ЗША. Яны ўступяць у сілу з 5 красавіка. Мыты для Кітая, напрыклад, у выніку дасягнуць 54%.
Для Мексікі і Канады прадугледжаны індывідуальныя тарыфы. Аднак у спіс не трапілі яшчэ чатыры краіны: Беларусь, Куба, Паўночная Карэя і Расія. Як патлумачыла Axios прэс-сакратар Белага дома Кэралін Лівіт, супраць гэтых краін ужо і так дзейнічаюць даволі строгія мыты і санкцыі. Што да Расіі, Лівіт адзначыла, што ўведзеныя супраць яе санкцыі «выключаюць нейкі значны гандаль» з ёй.
Для адмены амерыканскіх мытаў Трамп запатрабаваў ад замежных урадаў адмовіцца ад сваіх мыт на ўвоз тавараў з ЗША. Сусветныя лідары ўжо папярэдзілі пра адказныя меры. Урад Кітая назваў рашэнне Трампа «запалохваннем», у ЕС папярэдзілі, што мыты выклічуць глабальны рост коштаў і ўдараць па спажыўцах. Лідар Паўднёвай Карэі заявіў пра набліжэнне «глабальнай тарыфнай вайны».
Читать на dev.by