Кіраўнік беларускага ўрада Аляксандр Турчын выступіў на пленарнай сесіі лічбавага форуму «Індустрыя 5.0: Сіла ўзаемадзеяння» ў Казахстане.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што надышоў час пятай прамысловай рэвалюцыі, заснаванай на лічбавай трансфармацыі, аўтаматызацыі і рабатызацыі вытворчасці.
«Для Беларусі з яе магутнай індустрыяльнай базай гэта не проста трэнд або даніна модзе, а стратэгічны прыярытэт. Як яе інакш называюць, „індустрыя 5.0“ сёння з’яўляецца адначасова залогам і ўмовай павышэння прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі. Гэта таксама аснова для далейшага развіцця чалавечага патэнцыялу, захавання сацыяльна арыентаванай мадэлі беларускай дзяржавы, забеспячэння ўстойлівасці да знешніх фактараў і ўмацавання тэхналагічнага суверэнітэту», — адзначыў ён.
Турчын сказаў, што дзяржава і бізнес укараняюць новыя падыходы да арганізацыі вытворчасці, пераходзячы ад разрозненых інфасістэм да адзінага лічбавага контуру кіравання. Для прыкладу ён прывёў малочны брэнд «Савушкін прадукт». У вытворчы цыкл прадпрыемства інтэгравана каля 80 робатаў, якія задзейнічаны ў працэсах укладкі, упакоўкі і маркіроўкі прадукцыі, а таксама ў лагістыцы для захоўвання і перамяшчэння тавараў.
«На „Савушкіным прадукце“ створана лабараторыя робататэхнікі, прыцягнуты патэнцыял рэгіянальнага тэхнічнага ўніверсітэта для падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама вырабляюцца ўласныя робататэхнічныя сістэмы. Іншымі словамі, фарміруецца не проста асобная сучасная вытворчасць, а цэласныя прамыслова-сацыяльныя комплексы, якія адказваюць выклікам новай індустрыяльнай эпохі», — расказаў прэм’ер.
У машынабудаванні дасягненні «індустрыі 5.0» выкарыстоўваюцца для забеспячэння бяспекі людзей у складаных умовах працы, зніжэння прастояў і аварыйнасці, скарачэння вытворчых выдаткаў.
«Сёння мы тэсціруем магчымасці, вывучаем перспектывы прымянення інтэлектуальнага кар’ернага самазвала. Гэта беларускі праект як у частцы стварэння самой машыны, так і па распрацоўцы праграмнага прадукту для яго. Тэхналогія сувязі 5G тут выкарыстоўваецца для камунікацыі, а штучны інтэлект — для планавання аўтаномнай працы машыны ў кар’еры», — падзяліўся Турчын.
Ён назваў важнай умовай для эфектыўнай тэхналагічнай трансфармацыі прамысловасці стварэнне і развіццё нацыянальнай лічбавай экасістэмы.
«Драйверам тут выступае Парк высокіх тэхналогій, вядучы ІТ-кластар рэгіёна, які часта называюць Крамянёвай далінай Усходняй Еўропы. Рэзідэнты Парка ствараюць рашэнні на базе штучнага інтэлекту і камп’ютарнага зроку, якія ўжо працуюць у прамысловасці: ад кіравання жыццёвым цыклам прадукту да аўтаномнай лагістыкі на складах. Праграмныя комплексы таксама шырока ўкараняюцца для падрыхтоўкі кадраў да працы на вытворчых аб’ектах», — працягнуў Турчын. Ён дадаў, што гэта актуальна для энергетыкі Беларусі, дзе на лічбавых трэнажорах адпрацоўваюць асноўныя бізнес-працэсы і навучаюць працы ў пазаштатных сітуацыях.
У заключэнне ён сказаў, што ў Беларусі ёсць вялікі набор кампетэнцый для эфектыўнага развіцця тэхналогій новага індустрыяльнага ўкладу: «Гэта моцная індустрыяльная база, інжынерная школа, высокі ўзровень тэхнічнай адукацыі і, нарэшце, развітая ІТ-экасістэма, здольная хутка ствараць і ўкараняць тэхналагічныя рашэнні».
Усё гэта, па яго словах, Беларусь гатова інвеставаць у сумесную працу ў рамках ЕАЭС. Турчын дадаў, што ўступаючы ў новую індустрыяльную эру, «вельмі важна на старце быць уключанымі ў лік распрацоўшчыкаў правіл гульні, каб не падладжвацца пад чужыя нормы». Кажа, любой дзяржаве паасобку гэта зрабіць вельмі складана, калі наогул магчыма, але як аб’яднанне Еўразійскі Саюз зможа паўнавартасна і непасрэдна ўдзельнічаць у выпрацоўцы новага індустрыяльнага парадку.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.