У Барысаве будуць імпартазамяшчаць складаную аўтаэлектроніку
На прадпрыемстве «Экран» у Барысаве запусцілі новы інвестпраект, у межах якога створаць высокатэхналагічную аўтаматызаваную вытворчасць аўтакампанентаў, прыбораў і вузлоў для грузавой, пасажырскай і сельгастэхнікі. Пра гэта паведамляе sb.by са спасылкай на генеральнага дырэктара завода Міхаіла Чарніна.
На прадпрыемстве «Экран» у Барысаве запусцілі новы інвестпраект, у межах якога створаць высокатэхналагічную аўтаматызаваную вытворчасць аўтакампанентаў, прыбораў і вузлоў для грузавой, пасажырскай і сельгастэхнікі. Пра гэта паведамляе sb.by са спасылкай на генеральнага дырэктара завода Міхаіла Чарніна.
Раней паспяхова завяршылі распрацоўку электронных сістэм. Цяпер завод рыхтуецца да іх серыйнай вытворчасці і адаптацыі пад канкрэтныя транспартныя сродкі.
Праект рэалізуецца пры падтрымцы дзяржавы і Беларускага інавацыйнага фонду. Гэта частка праграмы па забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту машынабудаўнічага сектара краіны.
Галоўная задача — імпартазамяшчэнне складанай аўтаэлектронікі, перш за ўсё вузлоў, якія раней пастаўлялі еўрапейскія вытворцы, а цяпер кітайскія, для найбуйнейшых канвеераў Беларусі — МАЗ, МТЗ, МЗКТ. На бягучым этапе акцэнт зроблены на ўніфікацыі электронных кампанентаў і стварэнні новай архітэктуры кіравання тармазнымі сістэмамі.
Праграмісты ды інжынеры завода распрацавалі новы базавы блок кіравання для тармазных сістэм. Калі раней тут выпускалася 5 мадэляў блокаў розных канструкцый, то цяпер завод пяройдзе на адзіны канструктыў і дзве базавыя платы. На іх аснове будзе збірацца ўся тармазная электроніка, а таксама будуць асвоены новыя электронныя сістэмы кіравання рухам і дапамогі кіроўцу.
Выданне падкрэслівае, што праграмы для блокаў кіравання пішуць штатныя праграмісты «Экрана», што выключае залежнасць ад замежнага софту і абнаўленняў.
Таксама завод стварае новыя лініі зборкі і кантролю якасці электронікі, каб перайсці на патокавую аўтаматызаваную вытворчасць электронных вузлоў. У межах праекта плануецца пашырыць наменклатуру антыблакіровачных сістэм тармазоў і электронна-пнеўматычных сістэм тармажэння, электронных сістэм кіравання пнеўматычнай падвескай, высокадакладных датчыкаў расходу і якасці паліва, ціску і палажэння для інтэлектуальных сістэм бяспекі руху.
ААТ «Экран» заснаванае ў 1976 годзе. Распрацоўвае і серыйна выпускае аўтамабільную электроніку, аўтакампаненты ды інтэлектуальныя сістэмы кіравання. Прадукцыю пастаўляе найбуйнейшым машынабудаўнічым прадпрыемствам Беларусі і Расіі. Уваходзіць у склад беларускага прамысловага холдынгу «Аўтакампаненты».
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.