У Беларусі абяцаюць запусціць свой «ютуб». Ужо 12 верасня

Відэахостынг пад назвай videobel.by мае запрацаваць у Беларусі 12 верасня.

35 каментарыяў

Гэта «першы крок да стварэння беларускага Youtube», паведамляе БЕЛТА са спасылкай на намесніка кіраўніка адміністрацыі Уладзіміра Пярцова.

«Відэахостынг videobel.by. Гэта нашая першая OTT-платформа, на якой будуць размяшчацца праграмы і розныя рубрыкі. І нават пазаэфірныя актыўнасці стваральнікаў відэакантэнту. Калі хочаце, гэта досыць слабы аналаг, але такі першы крок да стварэння беларускага YouTube», — сказаў Пярцоў. Датай запуску ён назваў 12 верасня.

Стварэнне відэахостынгу намеснік кіраўніка адміністрацыі патлумачыў праблемамі з YouTube (відаць, у Расіі).

«Вы бачыце, што адбываецца з YouTube і іншымі OTT-сэрвісамі відэа на запыт. Мы не можам прадбачыць, мы не можам ведаць, як будзе гэтая сітуацыя развівацца далей. Але мы ведаем цалкам дакладна, што беларускі глядач  (і не толькі беларускі) хоча глядзець відэа на запыт праз персанальны камп’ютар, мабільны тэлефон там, дзе яму гэта зручна, у той час, калі яму гэта зручна рабіць», — сказаў Пярцоў. 

Паводле яго слоў, акрамя карыстальніцкага відэа, на відэахостынгу будзе глядзець беларускія тэлеканалы ў рэжыме рэальнага часу.


Читать на dev.by