У Кітаі інфлюенсераў баняць у сацсетках за надта раскошны лад жыцця
Хвальба і прасоўванне матэрыялізму ў Кітаі не вітаюцца. Тут ушчыльную заняліся інфлюенсерамі, якія дзеля прыбытку рэкламуюць аж надта прыгожае жыццё, піша Financial Times.
У красавіку Дзяржаўная канцылярыя інтэрнэт-інфармацыі Кітая запусціла кампанію, закліканую адбіць у карыстальнікаў сацсетак жаданне «наўмысна выстаўляць напаказ марнатраўны лад жыцця», які кажа пра іх багацце.
За гэта іх выганяюць з сацсетак. Напрыклад, пацярпела «кітайская Кім Кардаш’ян», у якой 4,3 млн падпісчыкаў у Douyin (гэта мясцовая версія TikTok), блогерка з 2 млн падпісчыкаў, якая ладзіла відэатуры па сваім шыкоўным доме, і яшчэ адная, што выкладвала пасты пра дарагія прадметы.
15 мая буйныя платформы, уключаючы Weibo, Douyin і Xiaohongshu, абвясцілі пра ўвядзенне мер супраць падобных паводзін. У Weibo, напрыклад, інфлюенсеры магу атрымаць бан за дэманстрацыю багатых дамоў і аўто для прасоўвання прадуктаў, вялікіх пачкаў гатоўкі і дзяцей, якія выкарыстоўваюць прадметы раскошы, для «прыцягнення трафіку і хайпу».
Яшчэ ў 2021 годзе ўлады забаранілі кітайскім інфлюенсерам публікаваць «неэтычны» кантэнт. Тады Канцылярыя заявіла, што знакамітасцям не варта «выстаўляць напаказ багацце» і «экстравагантныя забавы» ў сацсетках.
Читать на dev.by