У Расіі хочуць забараніць аддаленую працу для айцішнікаў, якія з'ехалі з краіны
Учора кіраўнік камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве Рады Федэрацыі Андрэй Клішас заявіў, што расійскія ўлады працуюць над законапраектам, які абмяжуе магчымасць дыстанцыйнай працы для ІТ-спецыялістаў, што пакінулі краіну. Мінлічбы Расіі выступіла супраць падобнай ініцыятывы.
«Рашэнні па фармаце працы сваіх супрацоўнікаў маюць прымаць самі ІТ-кампаніі. Пры гэтым мы настойліва раім вельмі ўважліва падысці да аналізу рызык аддаленай працы супрацоўнікаў, якія адмініструюць крытычна важныя праграмы, а таксама сістэмы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі», — адзначаецца ў Telegram-канале ведамства.
Там растлумачылі, што татальная забарона на працу з-за мяжы прывядзе да зніжэння тэмпаў развіцця лічбавых платформаў і рашэнняў. А гэта адмоўна адаб’ецца на канкурэнтаздольнасці расійскіх сэрвісаў.
У Мінлічбы патлумачылі, што лічаць аддаленую працу з-за мяжы немагчымай для супрацоўнікаў, якія працуюць у праектах па развіцці і стварэнні дзяржаўных інфармацыйных сістэм. Ведамства прапанавала ўключаць такое патрабаванне ў дзяржкантракты.
На пачатку снежня Клішас заявіў, што ў Расіі могуць увесці абмежаванні супраць грамадзян, якія з’ехалі з краіны праз частковую мабілізацыю. Паводле яго, гэта можа закрануць тых, хто жыве за мяжой, але працуе на расійскія кампаніі. Пазней у Крамлі паведамілі, што не абмяркоўваюць ніякіх абмежаванняў супраць расійцаў, якія з’ехалі. 14 снежня Клішас паведаміў, што законапраект знаходзіцца ў рабоце і неўзабаве будзе ўнесены ў Дзярждуму.
Читать на dev.by