«Трывожнасць злавіла». Як беларусцы працуецца ва ўкраінскім калектыве
Пагаварылі з беларускай, якая працавала фронтэнд-распрацоўшчыцай у Львове і праз вайну пераехала разам з украінскімі калегамі ў Кракаў.
Пагаварылі з беларускай, якая працавала фронтэнд-распрацоўшчыцай у Львове і праз вайну пераехала разам з украінскімі калегамі ў Кракаў.
Пагаварылі з беларускай, якая працавала фронтэнд-распрацоўшчыцай у Львове і праз вайну пераехала разам з украінскімі калегамі ў Кракаў.
Маша* пачынала кар’еру распрацоўшчыцы ў Мінску, а потым пераехала ва Львоў. З 2021 года яна працуе на пасадзе Frontend Developer у буйной міжнароднай аўтсорсінгавай кампаніі DataArt. Пачынала ў адным з украінскіх офісаў, але з пачаткам вайны яе разам з многімі мясцовымі калегамі рэлакавалі ў Кракаў.
— Думаю, сярод маіх калег цяпер па-ранейшаму больш украінцаў, чым палякаў. Польскія офісы кампаніі з’явіліся пазней украінскіх, ды і ў цэлым у польскіх ІТ-офісах сёння шмат рэлакантаў з постсавецкіх краінаў. Хоць, вядома, ёсць у нас і палякі. Ёсць яшчэ і беларусы, і расійцы (да вайны ў нашай кампаніі былі офісы ў Расіі, а ў Беларусі не было). Дастаткова шмат і тых, і другіх, хоць менш, чым украінцаў.
Кампанія DataArt са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку была заснавана ў 1997 годзе адным са стваральнікаў Mail.ru расійскім эмігрантам Яўгенам Голандам. У 2007 годзе ў DataArt з’явіліся офісы ў Харкаве і ў Херсоне, пазней — у Кіеве, Дняпры, Адэсе, у 2014 годзе — у Львове. Офісы DataArt адкрыліся таксама ў Польшчы, Аргенціне, Латвіі, Балгарыі і іншых краінах.
Яшчэ ў 2008 годзе Яўген Голанд расказваў, што не любіць працаваць у Расіі. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе DataArt сышла з РФ. Яе расійскі цэнтр распрацоўкі быў прададзены і змяніў назву на ITentika.
Паводле даных reveliolabs, у канцы 2025 года ў DataArt працавала амаль 6 тысяч супрацоўнікаў.
Мая даваенная праца ва Украіне была вельмі камфортнай. Нават камфортней, чым у Беларусі. Мне здаецца, гэта быў найлепшы час у ІТ. Але гэта звязана і з тым, што мой асабісты ўзровень як спецыяліста да таго часу вырас, я адчувала сябе ўпэўненей.

Калі я, жывучы ва Львове, у 2021 годзе ўладкавалася на працу ў DataArt, калегі-ўкраінцы ў офісе былі максімальна прыязнымі і ветлівымі. Былі там і беларусы, хоць у разы менш. Я ўспамінаю той час як шчаслівы.
Пасля пачатку вайны і рэлакацыі ў Польшчу адносіны з калегамі для мяне асабліва не змяніліся. У кампаніі забаронена якая-небудзь дыскрымінацыя, і я асабіста з такім не сутыкалася. Аднак у агульных чатах на вэбінарах ад кагосьці з супрацоўнікаў магло прамільгнуць нешта накшталт: «Ці будзем мы падзяляць каманды на праектах з калегамі з РФ і з Украіны, каб яны не сутыкаліся?» Гэта было ў 2022 годзе, калі людзі яшчэ былі разгарачанымі.
Але кіраўніцтва выразна давала зразумець, што ніякай дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце мы не падтрымліваем і такіх практык не будзе. Дарэчы, менавіта ў дачыненні да беларусаў я такога і не чула. Больш было непрыязі ў бок расійцаў. Цяпер такога ўжо няма. Не так даўно я працавала з міксам калег з трох постсавецкіх краін, і ў нас была вельмі дружная каманда.
Стаўленне да мяне як да беларускі з боку кіраўніцтва і калег не змянілася. Кіраўніцтва, наадварот, усяляк дапамагала. Дапамагло з самой рэлакацыяй, падтрымала бонусамі праз вымушаную рэлакацыю. За гэта кампаніі вялікі дзякуй. Інфармацыі, рэсурсаў, патрэбных людзей, чатаў — усяго гэтага таксама было дастаткова.

Я лічу, што не памылілася з кампаніяй у свой час, таму што чула і пра адваротныя сітуацыі. Мой былы хлопец працаваў ва Украіне ў буйной ІТ-кампаніі. Калі пачалася вайна, усе дзяржаўныя банкі Украіны заблакавалі карты расійцам і беларусам, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны без пастаяннага віду на жыхарства. Яны не маглі зняць грошы, увогуле страцілі да іх доступ.
І ў кампаніі майго былога яму так і сказалі: выкручвайся як хочаш. Можам рэлакаваць цябе ў Мексіку. Мы разглядалі варыянт з Грузіяй, але там у іх не было офіса, і заробак у Грузію яны таксама выплачваць не маглі. А ў Польшчу мы не рэлакуем. Хоць у Польшчы офісы ў іх былі, проста яны былі перагружаны людзьмі.
Усё гэта было вельмі нядобра ў нашай сітуацыі. Мексіка нам не падыходзіла, там у маёй кампаніі не было офіса. Я думаю, яны маглі б неяк паспрыяць, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася. Аформіць яго ў Польшчы як дыстанцынага працаўніка, напрыклад… Але не. На мой погляд, яны паставіліся так сабе. Ён потым вымушаны быў звольніцца з гэтай кампаніі.
Не скажу, што з пачаткам вайны наша праца неяк прынцыпова змянілася. Хіба што стала менш праектаў. Праз усю гэту сітуацыю кліенты не вельмі хацелі працаваць з супрацоўнікамі з постсавецкай прасторы, асабліва калі яны знаходзяцца ў гарачых кропках. Дарэчы, я памятаю, што вельмі доўга шукала праект адразу пасля пачатку вайны ўжо з Польшчы. Магчыма, наклаўся крызіс у ІТ у цэлым. У кавідныя часы многіх наймалі «пра запас», і гэта таксама паўплывала на сітуацыю. З двух фактараў, якія памяншылі попыт, вайна, магчыма, нават не ключавы.
Сама вайна, вядома, паўплывала на псіхіку многіх маіх калег. Я вось таксама трывожнасць злавіла, на антыдэпрэсантах пасля ўсяго гэтага. Але на працы гэта не павінна адбівацца. А інакш ніяк. Без прадуктыўнасці і росту не выжыць у наш час. Каб справляцца, стараюся проста больш якасна адпачываць і менш чытаць навіны. Мне здаецца, што камусь і праца дапамагае абстрагавацца.
Некаторыя ўкраінцы да гэтага часу працуюць з Кіева. Так, яны стрэсуюць, але справляюцца. Ёсць у нас адзін такі калега, таксама фронтэнд, і не магу сказаць, што ён не прадуктыўны. Хоць, хто яго ведае, якім спецыялістам ён быў да вайны. Мабыць, яшчэ крутым.

Нейкай напружанасці паміж беларусамі і ўкраінскімі калегамі я не адчуваю. Усё пазітыўна.
* — імя апавядальніцы зменена на ейную просьбу


Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.