Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Беларускія для войска, топавыя для журналістаў. Якія ноўтбукі купляюць дзяржорганы

2 каментарыя

Ад пачатку верасня ўсе абмяркоўваюць таямнічы ноўтбук беларускай вытворчасці. Мы вывучылі сайт дзяржзакупак, каб даведацца, якія ноўтбукі набываюць чыноўнікі і сілавікі і колькі бюджэтных грошай на гэта выдаткоўваюць. Аказалася, што некаторыя арганізацыі гатовыя траціць тысячы долараў на топавыя дэвайсы, а некаторыя (спойлер) «купляюць беларускае».

Уся інфармацыя пра закупкі і сумы ўзятыя з адкрытых крыніц.

Войска і МУС: загадкавыя беларускія і кітайскія ноўтбукі

У гэтым годзе з усіх дзяржарганізацый больш за ўсё сродкаў на куплю ноўтбукаў трацілі вайсковыя часці і падраздзяленні МУС.   

Напрыклад, у маі вайсковая часць 01313 (размешчаная ў Асіповічах) закупіла 20 абароненых ноўтбукаў Durabook S15AB за 216 тыс. рублёў (~$85 000). 

Галоўная фішка дэвайсаў тайваньскай вытворчасці — узмоцнены корпус, які вытрымлівае падзенне з вышыні амаль метр. Durabook S15AB абсталяваны (у залежнасці ад канфігурацыі) працэсарамі Intel Core i5 або i7 восьмага пакалення, аператыўнай памяццю ад 8 да 32 ГБ, асноўным SSD-дыскам 256 ГБ і дадатковым (ад 512 ГБ да 1 ТБ), а таксама графічным адаптарам Intel UHD Graphics 620.

У заказчыкаў у войску да ноўтбукаў ёсць адно спецыяльнае патрабаванне — з дэвайсаў павінныя быць вынятыя WiFi- і Bluetooth-адаптары, а наяўнасць LAN-адаптара абавязковая.

Падрабязней пра патрабаванні войска да канфігурацыі ноўтбукаў

Адзін з удзельнікаў аўкцыёну па пастаўцы Durabook для войска цікавіцца ў заказчыка: 

«У тэхнічных патрабаваннях пазначана, што ў ноўтбуках павінныя быць вынятыя: модуль Bluetooth v 5.0 і модуль бесправадной лакальнай сеткі: Intel Dual Band Wireless AC 9260. Пры гэтым вышэй у патрабаваннях пазначана, што ноўтбук павінны мець функцыю навігацыі і мабільнай сувязі: GPS and 4G LTE multi-carrier mobile broadband. Узнікае слушнае пытанне, навошта ў ноўтбуку, з якога павінныя быць вынятыя модулі бесправадной сувязі, функцыя GPS and 4G LTE? Акрамя таго, функцыя GPS and 4G LTE з’яўляецца опцыяй, якая ўбудоўваецца, і ў стандартнай камплектацыі ноўтбука яна адсутнічае. Да таго ж адсутнасць опцыі GPS and 4G LTE дазволіць на парадак зменшыць кошт прапанаванага ноўтбука. На падставе напісанага вышэй прашу паведаміць, ці патрэбная опцыя GPS and 4G LTE?». 

Вайсковая часць тлумачыць: 

«Функцыі GPS і 4G-LTE неабходныя, каб мець варыянт падлучэння вонкавых WiFi-адаптараў». 

Іншая вайсковая часць — № 42747 (размешчана ў Старых дарогах) — таксама здзейсніла буйную закупку ноўтбукаў у маі. Толькі ўжо не абароненых, а звычайных. Вайскоўцы заплацілі 92 тыс. рублёў (~$36 000) за 20 ноўтбукаў АСТ A4. 

Такія ноўтбукі вырабляе беларуская кампанія «Астлайн». На яе сайце напісана, што ў аснове дэвайсаў «ляжаць камплектуючыя такіх брэндаў як Hewlett-Packard, Acer, Lenovo, ASUS».

Яшчэ ў 2017 годзе дзяржаўная газета «Рэспубліка» спрабавала даведацца ў прадстаўнікоў «Астлайн», «як маюцца нашы вытворцы камп’ютарнай тэхнікі», але беспаспяхова.

АСТ A4 абсталяваны Intel Core i5 1135G7, аператыўнай памяццю 8 ГБ, SSD-дыскам на 1 ТБ і 17-цалёвым IPS-дысплеем.

У жніўні вялікую партыю ноўтбукаў закупіў Дэпартамент фінансаў і тылу МУС. На дэвайсы выдаткавалі прыкладна 350 тыс. рублёў (~$138 000). 

Першая партыя для МУС — гэта 25 кітайскіх ноўтбукаў мадэлі JK Z12 GHL156D за 105 тыс. рублёў (~$45 500).  

Знайсці ў інтэрнэце такую мадэль ноўтбукаў (як і вытворцу JK) нам не ўдалося. МУС заключыла дамову на пастаўку тэхнікі з кампаніяй «СвікТэхнаГруп». Кампанія спецыялізуецца на продажы будаўнічых матэрыялаў і інструментаў.

Ноўтбукі таямнічага вытворцы магутныя (характарыстыкі апісаныя ў дамове паміж МУС і дастаўнікам): працэсар Intel Core i9-9900T, аператыўная памяць 16 ГБ, відэакарта NVIDIA RTX 3060 6 GB GDDR6, дыяганаль 15,6 цаляў.

Знайсці на папулярных гандлёвых пляцоўках (каталог Onliner, rozetka.ua, AliExpress) ноўтбукі з такім жа спалучэннем характарыстык нам не ўдалося. 

Акрамя кітайскіх дэвайсаў Дэпартамент фінансаў і тылу МУС набыў таксама больш як 100 ноўтбукаў за 246 тыс. рублёў (~$97 000). 

Іх мадэлі невядомыя, але ў дакументах можна знайсці апісанне рэкамендаваных характарыстык: працэсар частатой не меншай за 3,5 Ггц (4 ядры, 8 патокаў), памяць не меншая за 8 Гб, SSD не меншы за 240 Гб. Увогуле, пад такое апісанне можа падысці амаль любы бюджэтны ноўтбук.  

Відэакарты для Ваеннай акадэміі

Даволі актыўна закупляюць ноўтбукі і камп’ютарную тэхніку адукацыйныя ўстановы. 

БНТУ выдаткаваў 232 тыс. рублёў (~$91 500) на больш як 100 ноўтбукаў і 10 планшэтаў. Грошы былі выдзеленыя з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама.

У якасці ўзораў набыванай тэхнікі ў дакументах згадваюцца мадэлі Lenovo V330-15IKB і ASUS G713QE-HX012. Першы — стандартны офісны бюджэтны ноўтбук, другі — больш прасунуты і дарагі гульнявы дэвайс. 

Цікавую закупку правяла Ваенная акадэмія. 

Яна распачала аўкцыён з купляй двух магутных ноўтбукаў за 13 тыс. рублёў (~$5000). Гэты аўкцыён не адбыўся. Затое акадэмія набыла 3 магутныя гульнявыя відэакарты — GeForce RTX 3070 Ti 8 Gb. Кожная каштуе больш за тысячу долараў. 

Якія дзяржарганізацыі трацяць на ноўтбукі па 4-6 тыс. долараў

Апошнімі месяцамі самы дарагі ноўтбук гатовы быў купіць Аператыўна-аналітычны цэнтр (займаецца дзяржрэгуляваннем у сферы інтэрнэту і ІТ).  

Арганізацыя прапаноўвала 16 тыс. рублёў (~$6300) за мадэль, аналагічную Acer Predator Helios 500 PH 517-52. На афіцыйным сайце Acer згаданая мадэль каштуе $2500. Мадэль павінная была ўключаць у сябе працэсар не горшы за Intel Core i7, не менш за 32 ГБ аператыўнай памяці, не менш за 2 ТБ SSD і відэакарту GeForce RTX (мадэль не ніжэйшая за 3080). 

Невядома, якую мадэль ноўтбука ў выніку купіў ААЦ і за якія грошы.

Не скупіцца на тэхніку дзяржустанова «Палац Рэспублікі». Пры канцы жніўня яна купіла тры ноўтбукі за агульную суму амаль 25 тыс. рублёў (~$10 000). 

За мадэль з 15-цалёвым экранам, Intel Core i7 і 16 ГБ аператыўнай памяці палац гатовы быў аддаць 11 тыс. рублёў. Пры гэтым у дакументах прапісана, што ноўтбук павінны валодаць убудаваным графічным адаптарам і ўсталяванай Windows 10 Pro. 

На беларускім рынку дэвайс з такім спалучэннем характарыстык і цаны знайсці даволі складана. За 10+ тыс. рублёў на рынку можна знайсці альбо розныя мадэлі Macbook на працэсары M1, альбо магутныя гульнявыя ноўтбукі на «віндзе» з дыскрэтнымі відэакартамі. 

Верагодна, нацэлілася на геймерскую тэхніку і навінавае агенцтва БЕЛТА. Там гатовыя выдаткаваць на ноўтбукі і планшэты больш за 80 тыс. рублёў (~$31 600). Пры гэтым за два 15- або 16-«цалёвіка» гатовыя плаціць 26 тыс. рублёў (~$10 200), а за 17-цалёвы дэвайс — 15 тыс. рублёў (~$6000). Апісанне характарыстык максімальна расплывістае: працэсар не меншы за 8 ядраў, аператыўная памяць не меншая за 32 ГБ, аб’ём відэапамяці не меншы за 8 ГБ. 

Закупка ноўтбукаў для БЕЛТА ўсё яшчэ трывае.

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

Nik Burnt
Nik Burnt IOS Developer в Easybrain
2

3070 с 8 на борту больше 1000?)

4

Мы пилим бюджет. Осторожно, опасная зона !
Мы пилим бюджет по инструкции, в рамках закона,
Нам все механизмы известны и схема знакома.
Мы пилим бюджет. Выше локтя закатан манжет.