«Хутка рос». Чаму айцішнікі ідуць ва ўніверсітэт, нават калі з кар’ерай усё ок (і ў 40+ таксама)

Некаторыя беларускія айцішнікі вырашаюць вярнуцца да навучання ўжо пасля некалькіх / многіх гадоў у прафесіі: хтосьці закрывае гештальт, а хтосьці хоча цалкам змяніць сферу.

Пагаварылі з тымі, хто пайшоў атрымліваць дыплом — нягледзячы на стабільную кар’еру.

16 каментарыяў

«Хацелася закрыць прабелы ў ведах»

Ніжнесілезскі ўніверсітэт ва Ўроцлаве, інфарматыка

Аляксею* 25 гадоў. Ён працуе распрацоўшчыкам у геймдэве, жыве ва Ўроцлаве больш за тры гады. У ІТ — больш за 5 гадоў. Пачаў працаваць яшчэ падчас навучання ў Беларусі.

Вучыўся ў БДУІРы, але не скончыў — сышоў з другога курса. Пазней спрабаваў перавесціся на завочку, але таксама не давучыўся.

— Праграма была перагружанай, прадметы накладваліся. Вельмі часта патрабаваліся веды з будучага семестра. Было адчуванне, што або трэба спісваць, або не здасі.

Пасля пераезду ў Польшчу пачаў разглядаць магчымасць атрымаць адукацыю ўжо на месцы. Вырашыў паступаць у прыватную ВНУ DSW (Uniwersytet Dolnośląski Wrocław, Informatyka).

— Хацелася павучыцца за мяжой — гэтая думка была яшчэ ў Беларусі. Акрамя таго, гэта спосаб увайсці ў мясцовае асяроддзе, пацвердзіць узровень мовы і закрыць прабелы ў ведах. Яшчэ гэта гештальт, які хацелася завяршыць.

Спачатку Аляксей не здаў унутраны моўны іспыт, але паступіў на наступны год. Зараз сканчвае першы курс інфарматыкі ў прыватным універсітэце ва Ўроцлаве. Навучанне — у нестацыянарнай форме, на польскай мове.

— Пары праходзяць раз на два тыдні па выходных. Лекцыі часта анлайн, астатняе — ва ўніверсітэце. Часам цяжка, але сумяшчаць з працай атрымліваецца.

Па словах Аляксея, польская праграма ўспрымаецца прасцейшай, чым у БДУІРы, але пры гэтым больш лагічнай і структураванай.

— Прадметы звязаныя паміж сабой, веды паслядоўна пераходзяць з аднаго ў іншы. Няма перагрузу. Можна рабіць базавы мінімум, а можна браць цікавыя задачы і атрымліваць падтрымку ад выкладчыкаў. Усё залежыць ад матывацыі.

Аляксей кажа, што важнай адметнасцю польскай адукацыі стала атмасфера.

— Тут да студэнтаў ставяцца як да калег. У БДУІРы адчуваўся фармат «настаўнік — вучань». Тут — больш павагі і свабоды. Выкладчыкі часта дзеляцца практычным досведам з індустрыі. Гэта робіць курсы больш актуальнымі і ужывальнымі.

Вучыцца ён пачаў не дзеля дыплома, а каб пакінуць сабе больш варыянтаў на будучыню.

— Пакуль не ведаю, ці было гэта правільным рашэннем. Але не шкадую. Вучыцца цікава. Магчыма, пасля захачу ў магістратуру — не хочацца закрываць сабе шлях.

«Напрамак такі выбраў таму, што два гады быў у персанальнай тэрапіі»

Універсітэт сацыяльных і гуманітарных навук у Варшаве, псіхалогія

Мікіту 23 гады. Ён родам з Мінска, а з 2022 года жыве ў Польшчы: спачатку два гады ва Ўроцлаве, цяпер — у Варшаве. Працуе праграмістам ужо амаль шэсць гадоў, спецыялізуецца на бэкендзе і піша на Kotlin і Java. Зараз — у фінтэху: нядаўна падпісаў кантракт з Visa, да гэтага працаваў у American Express.

Вышэйшай адукацыі ў Мікіты пакуль няма. Ён скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж, паступіўшы пасля 9 класа. Ужо на трэцім курсе пачаў працаваць. Пазней паступіў у БДУІР на скарочаную форму, але хутка забраў дакументы.

— Магу сказаць, што ў цэлым люблю вучыцца, і ў каледжы мне вельмі падабалася, але крыніцай маёй матывацыі ўсё ж была магчымасць працаваць. Каледж даў мне дастаткова ведаў для працы, і асноўны далейшы рост у прафесіі ўжо адбываўся на самой працы. Універсітэт выглядаў як паўтор таго, што я ўжо прайшоў, і гэта не ўяўляла для мяне каштоўнасці ў той момант.

Да таго ж, я вельмі паспяхова і хутка рос на працы, і старэйшыя калегі сыходзіліся ў меркаванні, што адсутнасць вышэйшай адукацыі не будзе перашкодай для майго кар’ернага росту.

Пасля пераезду Мікіта вырашыў змяніць вектар. Зараз вучыцца на першым курсе псіхалогіі ў варшаўскім універсітэце SWPS (University of Social Sciences and Humanities, Psychology in English). Навучанне дзённае, праходзіць на англійскай.

— Напрамак такі выбраў таму, што два гады быў у асабістай тэрапіі і ў дзвюх тэрапеўтычных групах. З’явілася жаданне стаць псіхатэрапеўтам у будучыні. А ў гэтай сферы, каб стаць добрым прафесіяналам, трэба атрымаць акадэмічную адукацыю.

Год навучання каштуе каля 7000 еўра, але Мікіта выйграў стыпендыю, якая пакрывае ўсю суму за першы навучальны год. Ён адзначае, што сумяшчаць навучанне з працай цяжка, асабліва пад канец семестра.

— У мяне 5 навучальных дзён на тыдзень, па 1–3 пары ў дзень. Лекцыі не з’яўляюцца абавязковымі для наведвання, але па кожным прадмеце, акрамя лекцый, ёсць практыкумы, наведванне якіх адзначаецца, можна прапусціць не больш за 2 практыкумы па адным прадмеце.

— Пад канец навучальнага года адчуваю сябе вельмі выматаным, вельмі моцна чакаю летніх вакацый. Але нягледзячы на гэта, вучыцца вельмі цікава, і гэта адна з галоўных крыніц задавальнення ў маім жыцці зараз.

Нягледзячы на тое, што кар’ера Мікіты развівалася без дыплома, ён не лічыць адукацыю пустой фармальнасцю. Наадварот — бачыць у ёй структурную базу, якая дапамагае ў прафесіі.

— Могу сказаць, што я ні разу не сутыкаўся з недахопам ведаў ці нейкай перашкодай у сваёй кар’еры праграміста з-за таго, што ў мяне няма вышэйшай адукацыі ў сферы. Але абясцэньваць адукацыю таксама не хачу. Каледж даў мне вельмі трывалую аснову і дапамог сфармаваць сістэмнае мысленне. Я рэгулярна ўжываю веды, якія там атрымаў.

Акрамя таго, ён лічыць, што акадэмічная база дае перавагу на фоне перанасычанага рынку.

— Усё хутка змяняецца. Ёсць адчуванне, што рынак працы ў ІТ моцна перапоўнены, прынамсі ў Еўропе. Я ведаю толькі свой шлях, але ёсць адчуванне, што акадэмічная адукацыя дае глыбокае разуменне асноў, з якім далей працаваць будзе прасцей. Не ўпэўнены, што курсы ці саманавучанне могуць гэта даць.

Unsplash

Нядаўна экспат-канал Dzik таксама распавядаў гісторыі беларусаў (раз, два, тры, чатыры), якія вырашылі вучыцца пасля 40+ гадоў.

У некаторых з іх усё добра з кар’ерай, у некаторых — не вельмі, і яны робяць стаўку на адукацыю.

«Большасць вакансій стажыроўкі або „без досведу“ у Польшчы патрабуюць статус студэнта ці дыплом па спецыяльнасці»

Магістратура Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, камп’ютарная матэматыка

— У канцы 2019 года паддаўся агульнаму трэнду і вырашыў пайсці ў ІТ.

Чаму? У пэўны момант зразумеў, што выгарыў у асноўнай інжынернай спецыяльнасці: ні задавальнення ад працы, ні перспектываў. З іншага боку, праграмаванне са школы было запаветнай марай, прыцягвала і свабодай перамяшчэння, і даходам.

На той момант знайшоў анлайн-школу і некалькі гадоў (з перапынкамі па розных прычынах) вучыў Java і планаваў уладкавацца бэкенд-распрацоўшчыкам.

Незалежна ад гэтага ў 2023 годзе пачалі задумвацца пра пераезд у Польшчу. Ідэальным варыянтам было б уладкавацца джуном, а не шукаць працу па старой спецыяльнасці ці ісці ў дастаўку.

Аднак большасць вакансій стажыровак або «без досведу» ў Польшчы патрабуюць статус студэнта ці дыплом па спецыяльнасці. Так з’явілася ідэя поўнасцю адвучыцца ў магістратуры па нейкім камп’ютарным напрамку.

Чаму Ягелонскі?

За некалькі месяцаў да пераезду вырашылі паехаць у Кракаў. Выбар Ягелонскага ўніверсітэта ў пэўным сэнсе стаў рэалізацыяй мары, а ў пэўным — адзіным магчымым варыянтам.

З аднаго боку — «Скарына», традыцыі, статус і вывучэнне матэматыкі (мара яшчэ са студэнцкіх часоў). З іншага — выявілася, што ў іншых ВНУ ўжо няма набору або патрабуецца сертыфікат на веданне англійскай В2 (нават пры навучанні на польскай).

Было даступна некалькі спецыяльнасцяў, і камп’ютарная матэматыка стала залатой сярэдзінай паміж інфарматыкай і матэматыкай. Аплата — 6000 злотых у год (унесці трэба перад кожным семестрам па 3000) выглядае сімвалічнай, калі параўноўваць з платнай адукацыяй у РБ ці з камп’ютарнымі курсамі.

Што спатрэбілася для паступлення?

Патрабаваўся дыплом з апастылем па сумежнай спецыяльнасці (зрабіў у Мінску напрыканцы перад ад’ездам, інжынерная спецыяльнасць мінскага ВНУ, выпуск 2007 года) і прысяжны пераклад (зрабілі па скане, забраў ужо ў Кракаве).

Дакументы падаваў анлайн, на гэтым этапе патрэбны быў толькі нумар дыплома, без скану/перакладу.

Пасля прыёму дакументаў прайшоў анлайн-сумоўе на польскай: пытанні па матэматыцы/інфарматыцы і праверка ведання мовы ў адным. У выніку набраў неабходны мінімум для спецыяльнасці «камп’ютарная матэматыка».

Як праходзіць навучанне?

Навучанне на польскай. У 2010–2012 гадах прайшоў моўныя курсы Польскага інстытута ў Мінску, таму нейкая база ўжо была. Прыкладна месяц рыхтаваўся да сумоўя: глядзеў відэа па матэматыцы/інфарматыцы на польскай, вучыў тэрміналогію.

У працэсе навучання амаль няма праблем з мовай. Часам выкладчык гаворыць вельмі хутка і можна згубіць сэнс, але гэта, хутчэй, выключэнне. За 7+ месяцаў у Польшчы адчуваецца прагрэс у размоўнай польскай.

Адукацыя істотна адрозніваецца. У РБ (наколькі памятаю) у магістратуры нейкія факультатывы, дыплом, і праз год ты магістр. Тут жа магістратура — гэта другі ўзровень вышэйшай адукацыі. Гэта, па сутнасці, 4 і 5 курс.

У першым семестры было два абавязковыя прадметы і яшчэ два трэба было выбраць (можна і больш, але мне хапіла).

Англійская абавязковая (пазначана як В2+). Java і базы дадзеных узяць не дазволілі, бо прадметы належаць да першай ступені. У выніку ўзяў Python — і не дарма.

Па матэматычных прадметах трэба пісаць код. Калі не ведаеш С, то на Python значна прыемней, чым на Java (а некаторыя нават патрабуюць ведання гэтай мовы). Ёсць практыка на дошцы: розныя доказы, разуменне прынцыпаў і іншыя радасці.

На некаторыя заняткі прыносім ноўтбукі па дамоўленасці. Па прадметах з праграмаваннем ёсць лабараторныя ў камп’ютарных класах, можна карыстацца сваім ноўтбукам.

Складанасць і від іспыту моцна залежаць ад выкладчыка. Па некаторых прадметах дастаткова было актыўнасці на працягу семестра, адсутнасці запазычанасцяў і пропускаў. Па іншых — асобна ад заліку практычных заняткаў — паўнавартасны вусны ці пісьмовы іспыт.

Асабіста мне вучыцца складана, але цікава: пасля інжынернага ВНУ адчуваецца недахоп базы па матэматыцы. Аналагічна і па прадметах, звязаных з тэарэтычным праграмаваннем. Але патроху прагрэс ёсць. Адчуваю сябе на ўпэўненыя 3–4 па пяцібальнай.

У першым семестры было 11 пар на тыдзень і адзін вольны дзень. У другім паспрабаваў зрабіць два выходныя: 7 пар (тры будныя дні) і вялікі праект, які трэба проста выканаць і прынесці у канцы семестра.

На стыпендыю не падаваўся — планую працаваць.

Якія аднагрупнікі?

Аднагрупнікі пераважна працягваюць сваю першую ступень. Хтосьці прыйшоў з іншага ВНУ. Па адчуваннях, усе маладзейшыя за 25 і ўсе палякі (наколькі мне вядома).

Але я ў свае 40 адчуваю сябе даволі камфортна. Думаю, ім складаней успрымаць мяне на роўных. Агульная атмасфера добразычлівая: агульны чат, узаемадапамога.

Рускую мову ва ўніверсітэце чую часта. Ведаю некалькіх беларусаў і ўкраінцаў на іншых спецыяльнасцях.

Навучанне дае тэарэтычную базу, якой няма на курсах, а таксама задае тонус. Калі даюць складаныя заданні і абмежаваны час, мозг працуе інакш, чым калі б сам сабе знайшоў нейкае практыкаванне.

Вельмі хачу скарыстацца летняй стажыроўкай: студэнтаў наймаюць на поўную стаўку на тры месяцы вакацый. Яшчэ не страціў надзею, што змагу стаць распрацоўшчыкам у наш час.

«Хутчэй, just for fun»

завочнае ў Апольскай палітэхніцы, Computer Engineering

— Паступіў у магістратуру на завочнае пасля 40 гадоў. Год адвучыўся, палёт нармальны.

Выбраў спецыяльнасць «Computer Engineering» у Апольскай політэхніцы, мова навучання — польская (не, сертыфікат не спатрэбіўся, у мяне польскае грамадзянства).

Навучаюся на платным, бо завочнае навучанне — гэта за грошы, бясплатна — толькі дзённае. У нашым універсітэце навучанне каштуе 2100 злотых за семестр. Можна аплачваць усю суму адразу або ўносіць штомесячныя плацяжы.

Так, Аполе ў гэтым плане добры горад. У нас шмат студэнтаў з Уроцлава. Ёсць нават адзін з Варшавы (прыязджае кожныя выходныя).

У маім выпадку ўсё навучанне зойме 2 гады. Але ёсць і праграмы, разлічаныя на 1,5 года.

Чаму вырашыў пайсці вучыцца? Хутчэй, just for fun. Старэйшая дачка паступала, ну і я паралельна падаў заяву. У выніку паступіў і цяпер езджу на заняткі на выходных.

З плюсаў: магчымасць атрымаць мясцовы дыплом. Раптам спатрэбіцца.

Як праходзяць заняткі: ёсць нвучальны план на семестр. Кожныя выходныя праходзяць лекцыі, лабараторныя работы, кансультацыі па праектах.

Заданні даюцца паводле навучальных праграм. Калі прадмет звязаны з праграмаваннем — так, будуць заданні па напісанні праграм. Калі іншы прадмет, напрыклад, мадэляванне або пабудова чарцяжоў, то адпаведна, будзе мадэляванне працэсаў у нейкім ПЗ або чарцяжы ў аўтакадзе.

Вучым мовы Python, C++. З бібліятэк/тэхналогій — CUDA, PyTorch, OpenMP, scikit-learn.

Цягам семестра выконваюцца розныя лабараторныя работы, і напрыканцы падходзім да іспытаў. Калі пашанцуе, іх можна здаць за некалькі дзён да пачатку сесіі. І калі не паспеў нешта здаць падчас заняткаў на працягу семестра, ёсць шанец дагнаць усё падчас сесіі (здаць прапушчаныя лабараторныя, праекты, іспыты).

Навучанне падабаецца, заняткі цікавыя. Большасць студэнтаў — маладыя людзі да 30 гадоў. Старэйшага ўзросту, асабліва пасля 40 — адзінкі.

Дарэчы, важны момант — стыпендыя! Яна прадугледжана для ўсіх студэнтаў незалежна ад формы навучання. Але толькі калі гэта першая адукацыя дадзенага ўзроўню. У мяне ж ужо ёсць дыплом інжынера, які па польскай класіфікацыі адпавядае аднагадовай магістратуры.

Ці спатрэбіцца дыплом, каб уразіць працадаўцу? Не ведаю, каго і чым ён можа ўразіць. Я ўжо 17 гадоў у праграмаванні, за плячыма — дыплом інжынера АСАіУ і аспірантура па спецыяльнасці 05.13.01 («сістэмны аналіз, кіраванне і апрацоўка інфармацыі»).

«Праца продакта звязаная з ІТ, а базавых тэхнічных ведаў не хапае»

анлайн-навучанне ў амерыканскім універсітэце з Польшчы, Computer Science

— Я вырашыў атрымаць адукацыю ў Польшчы, але не знайшоў зручнай для сябе формы: каб быў бакалаўрыят у галіне інфармацыйных тэхналогій + на англійскай мове (бо кепска ведаў польскую) + анлайн/дыстанцыйна (бо працаваў).

Таму паступіў у 48 гадоў у uopeople.edu (прачытаў на dev.by пра досвед беларуса ў Канадзе ў гэтым універсітэце). Вучуся ўжо другі год.

Выбраў Computer Science як адзіную спецыяльнасць у ІТ-сферы. Чаму? Мая праца продакта звязаная з ІТ, а базавых тэхнічных ведаў не стае, бо ў мяне гуманітарны і бізнес бэкграўнд па адукацыі.

Для паступлення на бакалаўрыят або associate (напаўбакалаўрыят) дастаткова мець атэстат аб сярэдняй адукацыі.

Ці падобнае гэта навучанне на Coursera або Udemy? Толькі ў частцы доступу да анлайн-матэрыялаў. Больш ніякіх падабенстваў не заўважыў.

Асноўныя адрозненні ад «курсеры»:

  • У UoPeople выразная структура і дэдлайны, якія нельга падладзіць пад свой графік/жаданне. Адзін Term = 8 тыдняў навучання + 1 экзаменацыйны тыдзень + 1 тыдзень на адпачынак. Адпаведна, у годзе 5 тэрмаў. Пачаць навучанне можна ў любы з іх.
  • У сярэднім кожны тыдзень па кожным прадмеце трэба выканаць некалькі заданняў, якія ацэньваюцца выкладчыкам: напісаць эсэ-пост на форум класа, ацаніць працы некалькіх аднакурснікаў, выканаць пару пісьмовых работ (written assignment, learning journal), прамежкавыя тэсты (звычайна не ўплываюць на адзнаку — проста для самаправеркі). Выкладчык дае зваротную сувязь і тлумачэнне ацэнкі.
  • Частка прадметаў/іспытаў здаецца пад наглядам анлайн-супервізара (proctor), каб выключыць падгляданне ў навучальныя матэрыялы.
  • У кожнай групы студэнтаў ёсць уласны program advisor, які дапамагае вырашаць адміністрацыйныя і навучальныя пытанні. Што да канкрэтных прадметаў, камунікацыя адбываецца непасрэдна з выкладчыкам праз чат/пошту.
  • Праграма, навучальныя матэрыялы і ўсё астатняе — бясплатныя. Але за кожны іспыт трэба заплаціць $120.
  • Гэта ліцэнзаваны амерыканскі ўніверсітэт з дыпломам, які прызнаецца іншымі ВНУ — калі захочаце працягваць навучанне і пры наяўнасці дастатковай сярэдняй ацэнкі (GPA).

Ці задаволены навучаннем? Каротка — так, задаволены.

Калі падрабязней, то хочацца згадаць сцэну з фільма Good Will Hunting: «Ты выдаткаваў 150 тысяч на адукацыю, якую можна атрымаць за $1,5 у публічнай бібліятэцы, — кажа Уіл Хантынг. «Затое ў мяне будзе ступень, — адказвае студэнт з Гарварда, — а ты будзеш смажыць фры для маіх дзяцей на запраўцы, пакуль мы едзем на лыжны курорт».

У маім выпадку — я не валодаю ні геніальнасцю, ні магчымасцю вучыцца ў прэстыжным універсітэце. Таму UoPeople — вельмі добрая альтэрнатыва / кампраміс (калі сапраўды вучыцца, каненчне).

Ну і яшчэ: мне здаецца, што адно з асноўных базавых правоў для чалавека — бясплатная адукацыя — пакуль што не з’яўляецца пустой дэкларацыяй для гэтага ўніверсітэта.


*Імя зменена.

«Праз грошы». Як самавукі ўваходзяць у ІТ у галодныя гады — 7 спосабаў
Па тэме
«Праз грошы». Як самавукі ўваходзяць у ІТ у галодныя гады — 7 спосабаў

Читать на dev.by