У Беларусі не збіраюцца закрываць YouTube — Мінінфарм
Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў у часе прэзентацыі беларускага «аналага» YouTube (відэахостынгу videobel.by), піша БЕЛТА.
— Давайце мы не будзем казаць сёння, што мы хочам забараніць YouTube. Бо нават такая пастаноўка пытання не зусім правільная… Як толькі мы адчуем пагрозу з боку любога пастаўшчыка паслугі, мы будзем адэкватна дзейнічаць. Адэкватна, суразмерна, дыпламатычна слушна. Але сёння не стаіць задачы штосьці закрываць самім, — заявіў Маркаў.
Пры гэтым ён патлумачыў неабходнасць запуску свайго «ютуба» — відэахостынгу videobel.by.
— Не для таго, каб штосьці замяніць, а для таго, каб, калі нас «абрэжуць», не застацца без інструментаў інфармацыйнага ўздзеяння. Вось гэта галоўная мэта», — удакладніў кіраўнік Мінінфарма.
Відэасэрвіс videobel.by быў запушчаны сёння. Раней намеснік кіраўніка адміністрацыі Уладзімір Пярцоў заявіў, што гэта «першы крок да стварэння беларускага Youtube».
Стварэнне відэахостынгу намеснік кіраўніка адміністрацыі патлумачыў праблемамі з YouTube (відаць, у Расіі).
«Вы бачыце, што адбываецца з YouTube і іншымі OTT-сэрвісамі відэа на запыт. Мы не можам прадбачыць, мы не можам ведаць, як будзе гэтая сітуацыя развівацца далей. Але мы ведаем цалкам дакладна, што беларускі глядач хоча глядзець (і не толькі беларускі) відэа на запыт праз персанальны камп’ютар, мабільны тэлефон там, дзе яму гэта зручна, у той час, калі яму гэта зручна рабіць», — сказаў Пярцоў.
Читать на dev.by