Разам з мужам затрымалі дачку Яўгена Лівянта. Яны вярталіся з Польшчы
У Беларусі затрымалі Ганну Лівянт і яе мужа Мікіту Дразда. Відэа з іх удзелам з’явілася ў тэлеграм-канале «Зводкі цэнтра», які звязваюць з беларускімі сілавікамі. Ганна Лівянт — дачка вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта, пра затрыманне якога стала вядома на мінулым тыдні.
Аўтары тэлеграм-канала сцвярджаюць, што шлюбную пару арыштавалі пасля вяртання з Польшчы ў снежні. Прычына арышту, паводле слоў аўтараў канала, — удзел мужа і жонкі ў так званых масавых беспарадках у 2020 годзе.
Паводле інфармацыі з сацсетак, Ганна Лівянт працуе бізнэс-аналітыкам у польскім філіяле EPAM. Мікіта Дрозд працуе спецыялістам па кіраванні рызыкамі ў польскай кампаніі EY Polska.
Паводле звестак праваабарончых арганізацый, суд над Ганнай адбыўся 30 снежня 2022 года. Пра рашэнне суда пакуль невядома.
Пра затрыманне бацькі Ганны, Яўгена Лівянта, стала вядома пры канцы снежня 2022 года. Відэа з яго ўдзелам распаўсюджвалі тэлеграм-каналы, звязаныя з беларускімі сілавікамі. На відэа рэпетытар казаў пра свой удзел у так званых масавых беспарадках 2020 года і сяброўства ў Каардынацыйнай радзе.
Акрамя таго, аўтары тэлеграм-каналаў сцвярджалі, што ў сілавікоў могуць быць прэтэнзіі да працы заснаванага Лівянтам рэпетытарскага цэнтра «100 балаў». Нібыта цэнтр «ажыццяўляў ліцэнзаваную дзейнасць з дапамогай змовы з прыватнай школай „Апельсін“».
Знаёмыя сям'і Лівянтаў паведамілі незалежным медыя, што сілавікі затрымалі і Юлію — жонку Яўгена Лівянта.
Гэта не першы выпадак, калі сілавікі затрымліваюць супрацоўнікаў замежных офісаў ІТ-кампаній пасля іх прыезду ў Беларусь. Напрыклад, у ліпені 2022 года стала вядома пра затрыманне Кацярыны Глінскай, якая працуе ў літоўскім філіяле EPAM. Яе арыштавалі разам з сястрой. Пазней праваабаронцы паведамілі, што дзяўчыну асудзілі на 2 гады калоніі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Читать на dev.by