ЗША праз 50 гадоў вярнуліся на Месяц — здзейсніў пасадку модуль «Адысей»
Прыватны пасадачны модуль Nova-C («Адысей») здзейсніў пасадку на Месяцы. Задача місіі — даследаваць Паўднёвы полюс спадарожніка. Гэта першая камерцыйная місія на Месяц у гісторыі ЗША.
Дагэтуль толькі дзяржаўныя касмічныя кампаніі ЗША, СССР, Кітая, Індыі і Японіі паспяхова высаджваліся на Месяц. Прыватным кампаніям яшчэ ні разу не ўдавалася ажыццявіць такую спробу. Чакаецца, што модуль прапрацуе на Месяцы 14 дзён.
Апарат стварыла кампанія Intuitive Mashines. Nova-C даставіў на Месяц некалькі навуковых і даследчых грузаў для праграмы Commercial Lunar Payload Services (CLPS). Яе мэта — збор даных пра паверхню Месяца, бо ў раёне Паўднёвага полюса навукоўцы спадзяюцца знайсці вялікія запасы вадзянога лёду ў пастаянна зацененых кратарах.
«Адысей» абсталяваны лазерным рэтрарэфлектарам, які будзе арыенцірам для іншых касмічных караблёў пры пасадцы. Радыёнавігацыйны маяк здольны перадаваць даныя геалакацыі спушчальным апаратам, месяцаходам і астранаўтам. Прыватная місія можа дапамагчы праграме NASA Artemis па дастаўцы людзей на Месяц пры канцы гэтага дзесяцігоддзя.
Читать на dev.by