«У мяне двое дзяцей і пухліна мозга». Цяжкая гісторыя падпольнага аборту ў Польшчы
Нядаўна Dzik расказаў гісторыю беларускі, якой давялося выязджаць з Польшчы, каб зрабіць аборт праз нежыццяздольны плод.
Пасля гэтага ў рэдакцыю напісала яшчэ адная ахвяра забароны абортаў у Польшчы — 39-гадовая Марыя з анкалогіяй, якой давялося перажыць аборт ва ўласнай ваннай. А пасля пачаліся ўскладненні, якія польскія дактары таксама не спяшаліся лячыць.
Нядаўна Dzik расказаў гісторыю беларускі, якой давялося выязджаць з Польшчы, каб зрабіць аборт праз нежыццяздольны плод.
Пасля гэтага ў рэдакцыю напісала яшчэ адная ахвяра забароны абортаў у Польшчы — 39-гадовая Марыя з анкалогіяй, якой давялося перажыць аборт ва ўласнай ваннай. А пасля пачаліся ўскладненні, якія польскія дактары таксама не спяшаліся лячыць.
Перадрукоўваем гэтую гісторыю з канала Dzik у межах дыскусіі пра тое, як польскі закон аб абортах уплывае на жыццё і планы айцішнікаў у эміграцыі.
Чаму гэтая тэма
Польскае заканадаўства аб абортах — прадмет вялікай дыскусіі ў грамадстве, у беларускай дыяспары таксама. Амаль татальную забарону на перапыненне цяжарнасці многія ўспрымаюць як дадатковы фактар рызыкі пры вырашэнні завесці дзіця.
Нават цяжкая паталогія плода ў Польшчы не прычына для аборту, адзіныя выключэнні — пагроза здароўю/жыццю маці і згвалтаванне. Але і з гэтым складанасці: праз страх крымінальнага пераследу або «з меркаванняў сумлення» дактары могуць цягнуць да апошняга з аперацыйным умяшаннем. Так, пры канцы мая ў Новым Таргу на пятым месяцы цяжарнасці ад сепсісу памерла 33-гадовая Дарота: дактары не зрабілі ёй аборту, нягледзячы на воды, якія заўчасна адышлі. Падобная трагедыя здарылася ў снежні 2021 года з 37-гадовай Агнешкай у Чэнстахове, а перад гэтым з 30-гадовай Ізабелай у Пшчыне (верасень 2021 года) і з 34-гадовай Юстынай у Вадзіславе Слёнскім (снежань 2020-га).
У лютым гэтага года адразу ў некалькіх бальніцах Падляшскага ваяводства дактары адмовіліся зрабіць аборт непаўнагадовай дзяўчыне, якую згвалціў дзядзька (зрабілі пасля ўмяшання праваабаронцаў і СМІ).
Кожны такі выпадак суправаджаецца пратэстамі, аднак непадобна, каб заканадаўцы збіраліся ісці на саступкі. Значная частка грамадства падтрымлівае такі парадак. Пад публікацыямі пра трагедыі, як правіла, нямала каментароў пра тое, што смерць жанчыны — вынік медычнай памылкі, а не законаў.
«Жанчыны з такім відам пухліны ў 40% атрымліваюць рэцыдыў у першы год пасля родаў»
— У мінулым лютым мы з мужам толькі пераехалі ў Польшчу з Беларусі і жылі там з аднымі толькі візамі. Нагадаю, гэта быў самы пачатак вайны: з’яўляліся ўсё новыя гісторыі пра закрыццё межаў, я адусюль чула «рускія, ідзіце за ваенным караблём» і гэтак далей.
А ў мяне расійскі пашпарт, хоць я 15 апошніх гадоў жыла ў Беларусі і ўвесь гэты час была замужам за беларусам. Пару гадоў таму я паспрабавала памяняць дакумент, але гэта выявілася па-вар’яцку складана, і я «забіла».
І вось у лютым 2022 года я даведваюся, што цяжарная. Сказаць, што гэта быў шок — нічога не сказаць. У нас з мужам двое дзяцей-падлеткаў, таму свой, так бы мовіць, «фертыльны абавязак» я ўжо выканала. Шчыра, у мяне няма ніводнай ідэі, як гэта магло адбыцца: мы надавалі гэтаму пытанню вельмі шмат увагі. Хіба што вазэктамію муж рабіць адмовіўся.
Магчыма, я б захацела яшчэ дзяцей, але ў мяне пухліна мозга — астрацытома. Гэта апошняя стадыя перад глыябластомай, і пытанне толькі ў часе: хтосьці пасля першай аперацыі жыве паўгода, хтосьці — 20 гадоў. Для мяне прайшло ўжо 10 гадоў.
Выявілі пухліну яшчэ ў Беларусі, пасля нечаканага эпілептычнага прыпадку. Пасля аперацыі рост пухліны спыніўся, але прыпадкі ўсё яшчэ здараюцца раз на некалькі месяцаў. Падчас аднаго з іх я атрымала субдуральную гематому — яшчэ адное захворванне з узроўнем смяротнасці 75%. Але я прымудрылася выйсці з комы, да таго ж без сур’ёзных наступстваў.
Маё шанцаванне яшчэ і ў тым, што такі від пухліны вельмі часта дае рэцыдывы, але пакуль усё чыста.
Пры гэтым ёсць прамая залежнасць паміж цяжарнасцю і развіццём рэцыдываў пухліны мозга. Усім вядомыя выпадкі Заваратнюк, Фрыске ці жонкі Хабенскага. На pubmed ёсць даныя, што жанчыны з такім відам пухліны ў 40% атрымліваюць рэцыдыў у першы год пасля родаў. Так, не стапрацэнтная верагоднасць, але гэта амаль кожная другая жанчына! Добра б гэта быў мой адзіны ў жыцці шанец на бацькоўства, але цяпер я рызыкую пакінуць сваіх дзяцей сіротамі.
Зрэшты, нават пры ўсім жаданні ў мяне мала шанцаў нарадзіць здаровае дзіця. Я прайшла антыэпілептычную тэрапію і атрымала вельмі вялікія дозы радыётэрапіі, якія пашкоджваюць яйкаклеткі.
Увогуле, з такім «наборам» цяжка ўявіць больш дрэннага кандыдата для нараджэння дзіцяці, гэта ж пацвярджалі дактары ў Беларусі.
«Пажылы польскі „доктар“ паставіў свае перакананні вышэй за маё жыццё»
Што маем у выніку: у Беларусь мне вяртацца няможна — я прымудрылася засвяціцца ўсюды падчас пратэстаў і знаходжуся ва ўсіх магчымых «спісах». У Польшчы я прыкладна ўяўляла сітуацыю, але ўсё роўна вырашыла паспрабаваць легальны шлях — я ж «памяркоўная». Тады я яшчэ верыла ў здаровы глузд: гэта ўсё ж такі Еўропа, дзе ведаюць аб правах чалавека, і з маім дыягназам дактары мне дапамогуць.
Я адправілася да анколага ў пшыходню і ўжо з парога зразумела: праблемы дакладна будуць. Пажылы паляк змяніўся ў твары, калі зразумеў прычыну майго звароту. Ён стаў адкрытай хлуснёй пераконваць мяне нараджаць: маўляў, пухліна не гарманальная і ніякіх рызык няма.
А я не веру, што чалавек не разумее мае рызыкі — у яго дзясяткі гадоў досведу і ён мусіць ведаць, што нават пры негарманальнай пухліне велізарны шанец рэцыдыву праз развіццё сасудаў, якія сілкуюць плод… і пухліну. Я зразумела, што гэты «доктар» відавочна ставіць свае перакананні вышэй за маё жыццё, і спрачацца з ім бескарысна».
Потым былі яшчэ гінеколагі, нейрахірургі і неўролагі, якія таксама нічым мне дапамагчы не маглі, хоць многія і спачувалі (асабліва, жанчыны). Адзін доктар параіў мне зрабіць аборт у іншай краіне.
Аднак, нават калі б я змагла выехаць у якую-небудзь Балгарыю, не было ніякай гарантыі, што я змагу вярнуцца ў Польшчу праз абмежаванні супраць расійцаў. Так, межаў у ЕС няма, але шанец нарвацца на кантроль унутры краіны ўсё ж не нулявы. Заставацца там сам-насам са сваім горам і хваробай мне зусім не хацелася.
Так прайшлі два месяцы, тэрміны падціскалі: на крайні выпадак я ўжо дамовілася з клінікай у Эстоніі, але шукала і іншыя варыянты. Выявілася, у Польшчы досыць вялікі валанцёрскі рух, які дапамагае жанчынам у падобнай сітуацыі. Занятак гэта небяспечны: за дапамаганне ў перапыненні цяжарнасці ёсць крымінальная адказнасць. У выніку з дапамогай складанай лагістыкі я атрымала неабходныя таблеткі і падрабязную інструкцыю. Таксама са мной на сувязі на англійскай мове 24/7 быў куратар — гінеколаг з Канады.
Карацей, я прыняла таблеткі дома, пакуль муж прыглядаў за мной і дзецьмі. Наступныя два дні былі жудаснымі — гэта былі самыя сапраўдныя роды са схваткамі, пякельным болем і крывацёкам. Я правяла іх у ваннай, напоўненай вадой, — каб не так моцна спіну выварочвала.
Затым мне трэба было пераканацца, што ўсё прайшло добра. Настолькі, наколькі гэта наогул магчыма пры закрытым доступе да нармальнай меддапамогі.
«Тут ратуюць толькі дзяцей, на жанчын усім пляваць»
У мяне доўга не праходзілі тэмпература і крывацёк. УГД паказала: частка плодных абалонак засталася ў матцы. Калі нічога не рабіць, гэта амаль стапрацэнтная верагоднасць заражэння крыві. Доктар усё зразумеў адразу і без спачуванняў і крывадушнасці сказаў: «Ну, я думаю, вы і так у курсе, што цяжарнасць спынілася, але ёсць праблемы». Выдаў мне тэрміновае скіраванне на гістэраскапію — чыстку маткі. Мой стан на той момант быў, мякка кажучы, не надта: ферыцін у крыві быў 3 (пры пажаданым узроўні — 50).
З гэтым скіраваннем я звярнулася наўпрост у шпіталь і патлумачыла, што ў мяне адбылося прыпыненне цяжарнасці, але больш за месяц працягваецца крывацёк. У выніку я праседзела там 8 гадзін, назіраючы, як хутка і энергічна яны прымаюць цяжарных. Некалькі разоў я пыталася, ці памятаюць пра мяне — мне адказвалі «чакаць». Потым я ўжо пачала скандаліць: ну як я магу са сваёй інваліднасцю, эпілепсіяй і крывацёкам сядзець тут 8 гадзін без ежы і вады?
На што доктар мне адказаў: у вас не экстранная сітуацыя, а мы планавыя напрамкі не абслугоўваем. Увогуле, я зразумела, што ў гэтым месцы таксама ратуюць толькі дзяцей, а на жанчын усім пляваць.
Тэрміновае скіраванне ад нетэрміновага мала адрозніваецца, усё роўна ты маеш сам шукаць свабодны тэрмін. Найбліжэйшы са знойдзеных быў праз год. У мой пакет Люксмед гістэраскапія, вядома, не ўваходзіла, але ў іх была зніжка для сваіх кліентаў. Што праўда, нават з гэтай зніжкай аперацыя выходзіла даражэйшай, ніж дзе заўгодна без зніжкі. Карацей, я зрабіла гістэраскапію платна ў прыватным медцэнтры за 1,5 тысячы долараў.
У гэтыя грошы ўваходзіла ўсё: выдатная асабістая палата, усё неабходнае лячэнне, аналізы, харчаванне (кейтэрынг), але асноўную частку чэка склалі дарагія паслугі анестэзіёлага. Гэта можа быць значна танней, але з маім дыягназам мне быў неабходны агульны наркоз і вельмі дасведчаны анестэзіёлаг.
Сама аперацыя доўжылася паўгадзіны і прайшла паспяхова.
Але я проста не змагла стрымаць смеху, калі вельмі горды сабой хірург паведаміў мне пасля выхаду з наркозу, што зрабіў практычна немагчымае, каб захаваць маю фертыльнасць. Шчыра кажучы, я думала, што заб’ю яго. Нікому нават у галаву не прыйшло спытаць мяне: а ці хачу я мець дзяцей?
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.