«Нерухомасці не маю». 24-гадовы айцішнік пра тое, як зарабляць і траціць $12К

Беларускі ІТ-спецыяліст у Варшаве (Machine Learning R&D) падзяліўся сваёй гісторыяй і рэкамендацыямі з каналам @DzikPic
32 каментарыя

«Трапіў у Entrepreneur First як наймаладзейшы СТО і давёў да ацэнкі ў 10М кампанію ў Drug Discovery»

— Я жыву ў Варшаве (шмат у чым праз нізкія падаткі), паспеў утапіць два стартапы і амаль трапіць у лонданскую Meta на L6 (а варта ж было сесці за літкод!). Так, проста як тыя самыя 20-гадовыя сеньёры. 

Уся мая кар’ера ляжыць у кірунку ML, пры гэтым ніякіх таблічак і класічнай аналітыкі — суцэльныя генератыўныя і моўныя мадэлі. Сумарна трохі больш за 5 гадоў, але амаль заўсёды ў раёне 60-80 гадзін на тыдзень сыходзіла на штосьці звязанае з ML. Апошнія два гады таксама займаўся архітэктурай і інжынерным менеджментам на некалькіх кантрактах.

З асноўных поспехаў:

  • працаваў у бельгійскім NXP Semiconductors над тэхналогіяй шумапрыглушэння для Samsung TWS; 
  • яшчэ ў 2019 годзе спрабаваў аб’яднаць генератыўныя мадэлі з RL-ам (як у ChatGPT) з хлопцамі з MIT; 
  • трапіў у акселератар Entrepreneur First (сярод інвестараў СЕО LinkedIn і DeepMind) у Сінгапуры як наймаладзейшы СТО; 
  • давёў да ацэнкі ў 10М кампанію ў Drug Discovery, прайшоўшы праз два акселератары Creative Destruction Lab (у партнёрстве з D-wave, Xanadu і Google X) і HealthInc (spin-off Startupbootcamp);
  • дапамагаю IQVIA (другая паводле аб’ёму CRO ў свеце) з аўтаматызацыяй;
  • перыядычна дапамагаю венчурным інвестарам і займаюся ментарствам;
  • атрымаў офер у Antler Amsterdam (early stage VC).

Былі і промахі: напрыклад, я ўтапіў два стартапы ў Сінгапуры/ЗША ў якасці СТО. Прычын шмат, уключаючы мяне самога: самаўпэўненасць у магчымасці будаваць два стартапы адначасова; трывожнасць, якая не дазваляе засяродзіцца на чымсьці адным; неабдуманасць у выбары людзей; згодлівасць у перамовах; зацяжны кавід і апатыя на фоне адносін, якія разваліліся.

Цяпер я працую па B2B праз ryczalt пад 8,5% і фіксаваны ZUS (1007,81 PLN на месяц).

Доўгі час у мяне былі два кантракты з пагадзіннай аплатай, таму вялікая частка дня была занятая працоўнымі справамі. Пры гэтым атрымлівалася выбудаваць для сябе чатырохдзённы працоўны тыдзень. Калі браць у сярэднім, то выходзіла больш за $12К на месяц пасля выліку падаткаў. 

Цяпер ужо з адным кантрактам будзе выходзіць тое ж самае, толькі вольнага часу будзе значна больш.

«Практычна ўсюды можна камфортна жыць удваіх на $5К на месяц»

Я люблю зніжкі і распродажы, але толькі на тое, што і так збіраўся купіць. Дакладна не хочацца марнаваць час на ўсе гэтыя міні-гульні з купонамі, маркетынгавымі акцыямі і да таго падобным.

Арэнда ў «Vonder Warsaw» з дзвюма спальнямі/душавымі абыходзіцца ў $1500, пры гэтым туды ўваходзіць каворкінг і просценькая спартзала. Але з такім цэннікам (а ён найбліжэйшым часам стане вышэйшым) аж надта шмат праблем у гэтай кватэры, дый цэнтр горада даўно не здаецца мне цікавым, так што планую перабірацца ў іншы раён.

У мяне дастаткова прагназаваны рацыён і большую частку часу я лічу за лепшае гатаваць сам, бо мне падабаюцца эксперыменты на кухні. У асноўным выбіраюся кудысьці на вячэру толькі ў тыя дні, калі не стае фантазіі зрабіць штосьці самому. Сумарна выдаткі на ежу, алкаголь і ўсялякую хімію з касметыкай рэдка перавальваюць за $1000.

Пераменныя траты на хобі і спантанныя пакупкі не выходзяць за $500, калі не лічыць нейкіх стратэгічных пакупак тэхнікі (але гэта ўжо працоўныя выдаткі). 

«Ніколі не траціў заробку цалкам і паўнавартасна не інвеставаў»

За апошні год падарожжаў было няшмат, але адзін тыднёвы трып на дваіх выходзіць у сярэднім у $2000.

Мне падабаецца ідэя чатырохдзёнкі і пастаянных (раз на паўтара-два месяцы) адпачынкаў на гэтыя самыя чатыры дні, якія ствараюць вокны ў 10-11 дзён на адпачынак. Я думаю, што наяўнасць паўнавартаснага сабатыкалу на некалькі месяцаў пасля нейкіх значных майлстоўнаў вельмі карысная. Спрабуючы пабудаваць бізнэс зноў, абавязкова рэалізую гэта на практыцы для ўсіх.

Я планую свой базавы burn rate ў раёне $3000 на месяц. З наяўнасцю нерухомасці было б значна танней: мне здаецца, што практычна ўсюды ў свеце (акрамя фінансавых цэнтраў) можна камфортна жыць удваіх на $5К.

Але пакуль мае запасы знаходзяцца ў межах $100К і апошнім часам даход не вельмі стабільны, таму думкі пра сваю нерухомасць адышлі на другі план. Нерухомасць, якою сапраўды хацелася б валодаць, у Варшаве каштуе $300–500К, што проста недасягальна без крэдыту. А ў бягучай эканамічнай сітуацыі ні пра якія іпатэкі гаворкі не вядзецца, таму застаецца толькі інвеставаць уласны час для пабудовы кампаніі.

Я ніколі не траціў заробку цалкам, але і паўнавартасна не інвеставаў (а варта было б). Цяпер я лічу за лепшае інвеставаць назапашаныя сродкі ў вызваленне свайго часу і планую зноў узяцца за стартапы. Самі грошы прыкладна раўнамерна размеркаваныя паміж гатоўкай і некалькімі банкамі ў розных краінах, пры гэтым моцнай валютнай дыверсіфікацыі няма. Ад інвестыцый у рынкі акцый або нерухомасці я ўсё яшчэ не адмаўляюся, але не маю ілюзій у сваёй экспертнасці як інвестара і таму імкнуся глядзець на найменш рызыкоўныя опцыі.

Не сказаў бы, што праз мой даход у мяне з’явіліся дарагія звычкі або рэчы. 

Думаю, што людзі часта трапляюць у пастку навязаных прыкмет багацця накшталт дызайнерскага адзення або жвавенькай машыны, паралельна падаграваных яшчэ і жаданнем сацыяльнага спаборніцтва. Усе сапраўды багатыя людзі, з якімі я меў гутарыў, вельмі далёкія ад падобнага, і я таксама не бачу сэнсу ў гэтым. Увогуле, усе мае рэчы ўлезуць у звычайны багаж самалёта.

«Вядомая мне столь для найманых людзей складае $2М на год»

Мой заробак шмат у чым — чыстае шанцаванне і ў куды меншай меры — вынік маіх рашэнняў.

Цяпер я думаю, што ў якасці лінейнага супрацоўніка досыць рана настае столь вартасці, якую можна прынесці бізнэсу, таму рана ці позна ўсё прыходзіць да менеджменту.

Мне здаецца, што ў Еўропе і ЗША (варта зрабіць папраўку на UK і Швейцарыю, а таксама на фінансавыя/тэхналагічныя цэнтры) складана скокнуць вышэй за $200К base на год, хаця ёсць выключэнні з 500K base без менеджарскіх абавязкаў (напрыклад, D. E. Shaw Research у Нью-Ёрку). 

Найвышэйшы заробак, пра які я размаўляў у Польшчы, быў у раёне $200К base + прыкладна столькі ж у апцыёнах (пазіцыя engineering manager у дамене insurance).

Прыкладна такі ж узровень у Meta UK на IC L6, але найманне дагэтуль замарожанае і я не магу прайсці лейку далей. Я ўсё яшчэ ўпэўнены, што мне ёсць чаму павучыцца ўнутры падобных арганізацый, аднак малаверагодна, што я захацеў бы заставацца там надоўга. Дый сітуацыя на рынку змушае шукаць іншыя опцыі, уключна з пабудовай чагосьці свайго.

У выніку найважнейшае для мяне — зрабіць штосьці сапраўды значнае для чалавецтва, а ў гэтай мэты ёсць мноства шляхоў дасягнення.

Усе знакамітыя фармацэўтычныя кампаніі, з якімі я камунікаваў, у асноўным трымалі планку ў раёне $120–135K base, былі прыемныя сюрпрызы ў раёне $150К, пры гэтым гаворка была ўжо пра Director/Head пазіцыі.

Так што мае цяперашнія $160К base гучаць не такімі ўжо экстраардынарнымі. Хоць гэта і не фултайм пазіцыя, але нейкіх іншых бенефітаў, акрамя грошай і вольнага часу, у мяне няма. Вядомая мне столь для найманых людзей складае $2М на год (уключна з валоданнем акцыямі кампаній) для высокага менеджменту карпарацый. Значна большыя сумы будуць толькі ў асобных інвестараў і заснавальнікаў кампаній. 

Як сённяшняму джуну перасягнуць даход у 10К

  • Асяроддзе падсілкоўвае амбіцыі. Важна апынуцца ў амбіцыйным асяроддзі, куды трапляе далёка не кожны — топавы акселератар, універсітэт або кампанія. Асяроддзе вельмі моцна паскарае развіццё асобы, а ва ўразлівыя моманты не дае патануць. Разам з тым сацыяльныя цэтлікі дазваляюць значна прасцей знаходзіць патрэбных людзей і не даказваць чарговы раз, што гэтае знаёмства вартае іх часу. 
  • Чым бліжэй да бізнэсу, тым большая кампенсацыя. Пагоня за ўласнай цікаўнасцю (і толькі ёю) звычайна прыводзіць да кар’еры добрага спецыяліста, але не генераліста. $10К пасля падаткаў — гэта рэальная сума для інжынера, але калі апетыты большыя, трэба занурацца ў даменныя (фармацэўтычныя працэсы і базавая біяхімія) і бізнэс-веды (стратэгія, продажы, працэсы). Калі столь у $1-2М здаецца нізкай, то застаецца толькі рабіць штосьці самому і валодаць значнай доляй у кампаніі. 
  • Прагматычна прымаць і выкарыстоўваць сябе. Кожны мае свой набор характарыстык, якія робяць дасягненне мэт прасцейшым або складанейшым, але, незалежна ад талентаў, вырашае ўсё якраз затрачаная ўвага. Важна вызначыць для сябе некаторыя доўгатэрміновыя арыенціры, якія не дадуць мімалётна распыліцца на тое, што не збіраецца ў цэласную карцінку. Напрыклад, праз пяць гадоў хочацца знаходзіцца ў пазіцыі СТО пэўнага deep tech стартапа або дырэктарскай ролі ў FAANG-е? Падумайце, якія захады цяпер трэба зрабіць для гэтага.
  • Абмежаваць бескантрольнае спажыванне. Празмернасць інфармацыі ўключае рэжым выжывання і з часам спараджае трывожнасць, якая раз’ядае працу і адпачынак. Важна навучыцца кантраляваць увагу і засяроджвацца на чымсьці адным. Устойлівы фокус — гэта тое, што дае большасці таленавітых людзей дасягнуць сваіх арыенціраў.

У адрозненне ад нашага героя, dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Айцішнік навучыўся зарабляць 14К+ на месяц. Даведаліся як 
Па тэме
Айцішнік навучыўся зарабляць 14К+ на месяц. Даведаліся як
«Пакуль усе вучылі Java, я выбраў іншае». Як 25-гадовы айцішнік выйшаў на 10К на месяц
Па тэме
«Пакуль усе вучылі Java, я выбраў іншае». Як 25-гадовы айцішнік выйшаў на 10К на месяц

Читать на dev.by