Колькі людзей патрэбна камандзе? Правіла дзвюх піц для ШІ больш не працуе
Тэхналагічныя кампаніі перагледжваюць уяўленне пра аптымальныя памеры працоўных груп. Дзякуючы ШІ невялікія каманды атрымліваюць больш абавязкаў, а межы паміж распрацоўшчыкамі, дызайнерамі і менеджарамі паступова размываюцца.
Тэхналагічныя кампаніі перагледжваюць уяўленне пра аптымальныя памеры працоўных груп. Дзякуючы ШІ невялікія каманды атрымліваюць больш абавязкаў, а межы паміж распрацоўшчыкамі, дызайнерамі і менеджарамі паступова размываюцца.
Як піша Business Insider, раней папулярным арыенцірам лічылася «правіла двух піц» заснавальніка Amazon Джэфа Безаса: каманда павінна быць настолькі невялікай, каб яе ўдзельнікаў можна было накарміць дзвюма піцамі. Цяпер кіраўнікі тэхналагічных кампаній лічаць занадта вялікім нават такі склад.
Кіраўнік Instagram Адам Масэры расказаў, што раней тыповая каманда сервісу налічвала каля 13 чалавек. Цяпер кампанія фарміруе групы з чатырох–шасці распрацоўшчыкаў шырокага профілю, прадуктавага спецыяліста і эксперта ў канкрэтнай галіне. Паводле яго, такія каманды хутчэй працуюць і радзей прымаюць рашэнні «калектыўным камітэтам».
Кіраўнік Meta Марк Цукерберг таксама лічыць, што для прыкметнага прагрэсу ў галіне ШІ не абавязкова наймаць сотні даследчыкаў. Паводле ягонай ацэнкі, сур’ёзных вынікаў можа дасягнуць моцная група з 12–24 спецыялістаў.
Некаторыя кампаніі ўжо звязваюць пераход да невялікіх камандаў з масавымі звальненнямі. Фінтэх-кампанія Block скараціла штат больш чым на 4000 чалавек — з больш чым 10 тысяч да менш чым 6000 супрацоўнікаў. Кіраўнік кампаніі Джэк Дорсі заявіў, што ШІ разам з кампактнымі і плоскімі камандамі мяняе сам падыход да кіравання бізнесам.
Coinbase скараціла каля 14% супрацоўнікаў і пачала эксперыментаваць з групамі, якія складаюцца з аднаго чалавека. Меркуецца, што такі спецыяліст зможа адначасова выконваць функцыі распрацоўшчыка, дызайнера і прадуктавага менеджара, кіруючы некалькімі ШІ-агентамі.
Snap пасля скарачэння прыкладна 16% штату таксама робіць стаўку на невялікія групы. Кіраўніцтва кампаніі хоча, каб каманды з 10–15 чалавек працавалі як самастойныя стартапы: атрымлівалі асобныя мэты, паказвалі вынікі кожны тыдзень і працавалі кароткімі 90-дзённымі цыкламі.
Тэхнічны дырэктар Cursor Дэвід Пэн прапанаваў канчаткова адмовіцца ад старога правіла Безаса. «Ён быў правы наконт невялікіх камандаў. Але ў эпоху ШІ дзве піцы — гэта занадта шмат піцы», — напісаў Пэн.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.