Айцішніца выдаткавала 9К на ментараў — дзеля чаго? Аповед пра невялікі бізнэс да 24.02 і пасля

Гэтая беларуска ўвайшла ў ІТ праз бухгалтэрыю і будуе бізнэс па продажы софту юрыдычным асобам. Калі яна адчула, што скілоў не хапае, вырашыла прапампаваць іх са спецыялістам. І ад таго часу робіць гэта рэгулярна. За 6 гадоў нашая гераіня папрацавала з 7 кансультантамі — коўчамі, ментарамі, экспертамі — выдаткаваўшы на самаразвіццё каля 9К. І засталася вельмі задаволеная.

12 каментарыяў

dev.by распытаў маладую СЕО, нашто ёй так шмат коўчаў і як адрозніць кампетэнтных настаўнікаў ад інфацыганоў. А яшчэ нам падалася цікавай сама гісторыя станаўлення гераіні: у ёй дзяцінства ў правінцыі, вучоба ў Мінску, праца ў аграгаспадарцы, пераезд у Кіеў (задоўга да 2020 года) і пабудова ІТ-бізнэсу, нарэшце, уцёкі ад вайны і спробы наладзіць жыццё ў Польшчы.

Інтэрв’ю адбылося пры падтрымцы бясплатнай адукацыйнай платформы для жанчын у ІТ wintech.me.

Змест

Пра шлях у ІТ з сельскай гаспадаркі і бухуліку

Маё дзяцінства прайшло ў маленькім беларускім мястэчку. Там мяне ўсе памятаюць як «дзяўчыну з нататнікам»: я любіла планаваць, структураваць і ўсё запісваць. У дачкі-малодшакласніцы цяпер такія ж схільнасці: «Мама, давай планаваць, давай складаць спіс».

А яшчэ ад ранніх гадоў у мяне было жаданне скараць вялікія гарады. Я ведала, што, калі вырасту, абавязкова пераеду ў вялікі горад. 

Школу я скончыла з сярэбраным медалём на пачатку нулявых. Я не была выдатніцай, проста наш клас быў моцным, і гэта дапамагала развівацца. Тым не менш у галаве сядзеў стэрэатып, быццам паступіць у ВНУ бясплатна нерэальна. На платнае навучанне і на рэпетытараў грошай не было. Але знайшоўся чалавек, які сказаў: Чаму не паспрабуеш сама?

І вось за два тыдні да экзаменаў я прыняла рашэнне паступаць. На балконе паўтарыла курс англійскай, мама сяброўкі падцягнула мяне па рускай, у матэматыцы я разбіралася.

У выніку паступіла на бюджэт у БДЭУ, на эканоміку і кіраванне прадпрыемствамі АПК. АПК — бо там быў меншы конкурс. Мне далі месца ў інтэрнаце, і я, як і марыла, з’ехала ў Мінск. Гэта быў першы кейс, які падштурхнуў мяне да думкі, што ўсё магчыма.

Не магу сказаць, што была руплівай вучаніцай — хутчэй я «скарала сталіцу». Мне не надта падабалася агратэма, таму я вучыла ўсе прадметы акрамя «агра». Размеркаванне палохала: баялася, што мяне замкнуць у вёсцы, а я ж толькі вырвалася ў Мінск.

Але атрымалася інакш. На апошніх курсах мы паехалі на экскурсію ў нямецкую гаспадарку пад Мінскам. Там мы з аднакурсніцай падышлі да галоўнага бухгалтара і папрасіліся на практыку. Толькі дзве дзяўчыны з усяго патоку адважыліся на гэта.

Я прайшла практыку, а потым мяне ўзялі на працу эканамістам-бухгалтарам. Так я засталася пры сталіцы, ды яшчэ і ў нямецкім прадпрыемстве. Я была гатовая ўбіраць усё, і мне даручалі многае: асноўныя сродкі, арэнду, лізінг, крэдыты. Гэта дало мне ўяўленне пра работу прадпрыемства: як арганізаваныя ўлік і баланс, як уладкаваныя працэсы, як узаемадзейнічаюць аддзелы.

Аднойчы ў кампанію прыйшла праверка Deloitte, і так як я сябравала з Excel-табліцамі і 1С, мяне пасадзілі дапамагаць аўдытарам даставаць інфармацыю з сістэмы і фармаваць справаздачы. Потым прадпрыемства вырашыла пераходзіць з 1С на ERP, сістэму міжнароднага ўзору, то прыйшлося разбірацца і з ёй.

Увесь час, пакуль я працавала на прадпрыемстве, праграмісты і сісадміны былі маімі найлепшымі сябрамі. Мяне любілі, бо са мной можна было размаўляць на адной мове.

Моладзі на прадпрыемстве было мала, а я неўзабаве паразабралася ў нюансах новай сістэмы і магла ставіць задачы праграмістам, што апгрэйдзіць, што змяніць.

Ужо тады казалі: «Навошта працуеш у бухгалтэрыі, калі ў цябе ёсць здольнасць да сістэм?» А яшчэ ў мяне быў добра падвешаны язык, то я ўвесь час вяла перамовы з банкамі і іншымі інстанцыямі. Гэтыя навыкі потым мне спатрэбіліся ў бізнэсе.

Праз нейкі час мяне заўважылі ў аддзеле продажаў і захацелі забраць туды з бухгалтэрыі. Гэта было суперперспектыўна, але на той час я ўжо сустрэла будучага мужа, і мы вырашылі пераехаць ва Украіну.

Пра пераезд у Кіеў і бізнэс-старт

Ва Украіну мы абое ездзілі турыстамі, нам вельмі спадабаўся Кіеў, і мы вырашылі, што там больш магчымасцей для развіцця. Апошнім аргументам стала тое, што мяне ўзялі ва ўкраінскую ІТ-кампанію.

Як так атрымалася? Кампанія — сістэмны інтэгратар, якая паставіла ERP на нашае аграпрадпрыемства, неяк прывезла да нас свайго кліента, каб мы расказалі яму, як гэта працуе. І я прэзентавала іх кліенту гэты прадукт: патлумачыла, з якіх модуляў ён складаецца, якія функцыі выконвае. Так у мяне з’явілася знаёмства з прадстаўніком Мінскай ІТ-кампаніі. І калі я задумалася пра пераезд і змену працы, калега падсвяціў магчымасць: ці не хочаш падаць рэзюмэ ў кіеўскае прадстаўніцтва гэтай мінскай кампаніі?

Падала рэзюмэ праз мінскі філіял і з першага разу прайшла сумоўе ў Кіеў. Так у 2011 годзе мы з мужам пераехалі. 

У кіеўскай кампаніі я навучылася прадаваць ІТ-рашэнні для бізнэсу. Выявілася, гэта вельмі крута ў параўнанні з фінансамі і бухгалтэрыяй. У бухгалтэрыі ты цэлы дзень сядзіш сам-насам з лічбамі, і тваёй працы не відаць, а тут бавіш час у перамовах з кліентамі, і вынік у наяўнасці — угоды. Я кайфавала ад таго, наколькі гэта маё. Моўных перашкод не было. Дакументацыя вялася на ўкраінскай мове, але размаўляць можна было па-руску. 

Муж таксама неўзабаве знайшоў сябе як менеджар па продажах у галіне будматэрыялаў і інструментаў. 

У 2013 годзе я зацяжарыла, трэба было прымаць рашэнне наконт працы. Вельмі хацелася працягнуць, але тады аддаленая праца была не ў трэндзе і мне давялося сысці ў дэкрэт.

Перад родамі я хуценька з’ездзіла ў Беларусь, нарадзіла там дзіця і праз два месяцы вярнулася з дачкой у Кіеў. Ад гэтага часу і пачаўся мой прадпрымальніцкі шлях.

Я ўжо мела кола зносін у бізнэс-асяроддзі, і адзін партнёр прапанаваў мне займацца продажамі праз яго кампанію аддалена. Заставаліся знаёмствы з пастаўшчыкамі, кліенты, якія мяне памяталі, і я стала падпрацоўваць. Жылі мы тады ў 1-пакаёвай кватэры: пакуль дзіця спала, я тэлефанавала кліентам. Пара ўдалых угод мяне натхніла, і я стала думаць, як паспяваць больш.

Знайшла дзіцяці няню і стала запрашаць на ролю сэйлзаў сяброў і сваякоў. Першыя мае спробы бізнэсу выглядалі так: дачка за сцяной 1-пакаёвай кватэры з няняй, а я на кухні чакаю першых менеджараў і спрабую іх навучаць. 

Тады я магла прапанаваць толькі працэнт ад продажаў, мужчыны не згаджаліся на такія ўмовы.

У выніку, пераспрабаваўшы некалькіх менеджараў, я звярнулася да нашай няні. Гэта была разумная, адукаваная дзяўчына, якая з асабістых абставін часова была без працы. І ў нас усё атрымалася. Няня дапамагла знайсці на сваё месца іншую годную няню, і мы разам пачалі ІТ-бізнэс.

Пазней мы пераехалі ў 4-пакаёвую кватэру, дзе адзін пакой я абсталявала пад офіс. Ішоў 2015 год, дачцэ быў ужо год.

Як узнікла патрэба ў настаўніках

У нейкі момант я прапанавала заснавальніку змяніць схему ўзаемадзеяння, ён не пагадзіўся, і мы разышліся. На той час я скончыла грудное выгадоўванне, і ў нас ужо была каманда з 5-6 чалавек, офіс, напрацаваная база кліентаў, пастаўшчыкі. Перавесці бізнэс з адной юрыдычнай асобы на іншую было не складана.

Так мы выправіліся ў самастойнае плаванне. І даволі хутка я зразумела: усе веды, якія ў мяне былі, я рэалізавала поўнасцю. Кампанія ператварылася ў маленькі сямейны бізнэс: спачатку да мяне далучыўся муж, потым — сястра са сваім мужам. Таксама з намі працавала былая няня, якая вырасла ў сапраўднага бізнэс-партнёра і стала маёй кумой. Вядома, у нас былі супрацоўнікі не з сям'і, але ўсё роўна гэта быў камфортны маленькі бізнэс.

А мне хацелася маштабавацца. Пры гэтым я разумела, што для росту патрэбныя новыя веды. Так я і пачала займацца з ментарамі. 

Першыя спецыялісты, з якіх я пачынала, былі псіхолагамі. Я заўважала, што на маю працаздольнасць моцна ўплывае эмацыйны стан. Я магла глыбока занурацца ў нейкія асабістыя сітуацыі, і гэта перашкаджала мне ясна і цвяроза думаць на працы. Захацелася навучыцца кіраваць сваім станам.

Я паспрабавала працаваць з псіхолагам па рэкамендацыі. Але аднойчы на сустрэчы ў жаночым клубе ўбачыла спікерку, якая мяне адразу скарыла. Падышла да яе і спытала, ці не працуе яна наўпрост з людзьмі. Яна сказала: так. Гэта была нятанная спецыялістка, але я пачала з ёй займацца на рэгулярнай аснове — раз на тыдзень. Адная сесія каштавала 50 долараў, але я ведала, за што плачу. І атрымала ваў-эфект: цалкам нармалізавала свой эмацыянальны стан. 

Так я зразумела, што кнігі не дапамагаюць так хутка дасягаць вынікаў, як гэта робяць жывыя людзі. Усе прадпрымальнікі, якія хочуць расці, без ментарства, тэрапіі, працы з псіхолагам не могуць рухацца далей. Гэтая праца дазваляе прыбраць якары і рухацца далей. 

Я дагэтуль працую з тым псіхолагам, яна мне добры сябар. Гутаркі з ёй для мяне як гігіена душы.

https://unsplash.com/photos/vzFTmxTl0DQ

Якія яшчэ былі ментары

Нашае цела непарыўна звязанае з галавой. Таму разам з псіхолагам я знайшла класнага спецыяліста па целе. Ён — нешта сярэдняе паміж масажыстам, астэапатам, кінезіёлагам, псіхолагам — афігенна працаваў з целам, а яшчэ на яго сеансах мы маглі размаўляць, і гэта давала надзвычайны эфект. Кожныя 2-3 тыдні да мяне прыходзіла новае ўсведамленне, месяц сыходзіў на адаптацыю, а за ёй ішлі нейкія канкрэтныя змены. Я таксама спрабавала займацца ёгай, бегаць, але са спортам так і не пасябравала, а масажы былі маім выратаваннем.

Сеанс масажу каштаваў 35 долараў, я да яго хадзіла гады 2-3. І яно таго было вартае. Акрамя ўласна цялесных вынікаў, былі ментальныя: я ўсвядоміла свае патрэбы, што мною рухае, пачала больш шанаваць адносіны ў шлюбе. 

Ключавым дасягненнем было тое, што мы з мужам прызналі ролі адно аднаго ў бізнэсе. Мы абое лідары і спачатку спаборнічалі, хто круцейшы. Дзякуючы працы над сабой мы ўсвядомілі, што нам трэба перастаць канкураваць і стаць камандай.

Кайфануўшы ад першага ўдалага досведу, я падумала: чаму б не паспрабаваць і ў іншых сферах?

Наступным спецыялістам была кансультантка па стратэгіі. Каб вывесці бізнэс на новы ўзровень, трэба было зразумець, з якога боку падыходзіць да гэтых змен. Спачатку я думала прыцягнуць вядомую брэндавую кампанію накшталт Big Money University або Кірыла Куніцкага, але прайс-ліст (ад 2 тысяч еўра толькі за перадабследаванне) мяне працверазіў, і я вырашыла паспрабаваць кагосьці са свайго атачэння. На той час такое экспертнае кола ў мяне ўжо склалася. Кансультантку па стратэгіі я знайшла ў кіеўскім кніжным клубе, дзе чыталі і абмяркоўвалі бізнэс-літаратуру. 

Уласніца гэтага клуба была саўладальніцай невялікай, але паспяховай ІТ-кампаніі, адказвала ў ёй за стратэгію. Калі я ўбачыла яе поспехі, падумала: навошта мне Big Money University за 2 тысячы еўра — лепш я папрацую з чалавекам, вынікі якога мяне натхняюць і кампетэнцыі якога я давяраю. І яна стала нашым стратэгам. Разам мы правялі класную стратсесію для кампаніі, якая дала мне шмат інструментаў і дапамагла па-новаму паглядзець на многія бізнэс-працэсы.

Стратэгу за некалькі месяцаў працы я заплаціла каля 2K. Папрацаваўшы з ёй, я пераканалася ў неабходнасці такіх кансультацый: калі ў мяне няма такога досведу, дзе ж яго ўзяць?

У нас былі вельмі амбіцыйныя планы, мы ўсё падрыхтавалі да ўзлёту ў 2022 годзе: і карпаратыўную культуру прапісалі, і каштоўнасці, і ролі пачалі размяркоўваць. Мне трэба было набраць каманду, працаваць з матывацыяй і службовымі інструкцыямі. Я разумела, што сама не пацягну, і падабрала сабе кансультанта па HR.

Для стратэгічных задач шукала дарагога, класнага спецыяліста, а для аперацыйных задач — бюджэтнейшага. Падбіраючы кандыдатуру, разаслала прапановы некалькім крутым эйчарам у ФБ. І адныя толькі папярэднія бясплатныя зносіны з імі выявіліся карыснымі: я расказвала, якая ў мяне стаіць задача, мне давалі фідбэк і рэкамендавалі, як лепш падысці да рашэння. 5-6 гутарак з класнымі эйчарамі многае мне падсвяцілі. У выніку я правяла адную платную сесію з дзяўчынай, якая мяне больш за ўсіх уразіла. За гадзіну заплаціла 120 долараў. І яшчэ раз пераканалася, што трэба вучыцца ў найлепшых — толькі б хапіла грошай і часу на імплементацыю атрыманых ведаў. 

Як выбіраю кансультанта

Я зыходжу з сітуацыі, якая мяне хвалюе, і шукаю таго, хто дапаможа мне з ёй разабрацца. Сустракаю на якім-небудзь мерапрыемстве лідара меркаванняў у гэтай сферы, пачынаю сачыць за яго публікацыямі/выступамі, і калі кантэнт ува мне адклікаецца, шукаю з аўтарам аўдыенцыі. Некаторыя з маіх настаўнікаў раней не былі ментарамі — я папрасіла стаць імі для мяне.

Лад жыцця, фінансавыя і кар’ерныя дасягненні таксама маюць значэнне. Дапусцім, чалавек (адзін з маіх кансультантаў) жыў у Іспаніі, яго дзіця хадзіла ў тую ж школу, што і сын Месі, яго кансультацыя каштуе 200 долараў, і ён працуе выключна з вялікімі прадпрымальнікамі. Я таксама хачу дасягнуць такога ж выніку.

Увогуле, выбіраю «чуйкай». Калі паслугі кансультанта вельмі дарагія, я раблю сесіі рэдкімі. Колькі каштуе кансультацыя? 100 долараў? Я магу ўзяць адну ці дзве на месяц.

Неяк я схадзіла на мерапрыемства для аўтсорс-бізнэсу і пасля яго падпісалася на адную дзяўчыну, якая практыкавала ментарства. Пачала за ёй сачыць і ўбачыла, што яна плануе групавы майстармайнд па асабістым росце. З боку гэта выглядала як інфацыганства: «Ці хочаш кіраваць сваім жыццём?» Але мне падабалася, што і як яна кажа ў сваіх сторыз, і захацелася з ёй пагутарыць. У яе быў недарагі месячны майстармайнд: 50-100 долараў за некалькі сеансаў, і я яго прайшла. Яна расказвала пра пастаноўку мэт, адносіны з грашыма, сэксуальнасць і тое, як мы самі ўплываем на сваё жыццё — здавалася б, простыя рэчы, але мы разам на канкрэтных прыкладах разбіралі важныя рэчы і я лавіла неверагодную колькасць інсайтаў.

Яшчэ ў мяне ёсць кансультантка па маркетынгу, якая працавала ў вялікіх карпарацыях. Гэта аддаленая дарагая спецыялістка, якая сёння дапамагае прадумваць маркетынгавую стратэгію для новай кампаніі. А ў штат я вазьму маркетолага-аперацыяніста.

Як вайна змяніла планы

Незадоўга да пачатку вайны мы з мужам купілі кватэру ў Кіеве — прасторную, класную. І вось вайна — а мы толькі пару месяцаў як пераехалі. І мама прыехала з Беларусі, мы пачыналі перастаноўку. 

І вось Кіеў бамбяць, а ў мяне яшчэ два каты. Вырашылі вырушаць. Мая сястра не захацела ехаць: у яе шмат дробных жывёл: свінкі, смаўжы, рыбкі — нетранспартабельныя. Яны з мужам засталіся ў Кіеве. 

Ноч перад ад’ездам мы правялі ў метро пад выццё сірэны. Назаўтра скаапераваліся з украінскімі сябрамі і паехалі гужам на некалькіх машынах. Ехалі бяспечнымі шляхамі, рабілі прыпынкі на начлег у сяброў і сяброў сяброў. Нас вельмі цёпла прымалі. Рухаліся да мяжы, не плануючы яе перасякаць. Але мама вельмі баялася, што ракеты нас дастануць, сяброўка таксама была наладжаная ехаць за мяжу. Ужо ў Польшчы ў першых чыслах сакавіка я выявіла, што ўсе рахункі заблакаваныя.

Доўга спадзяваліся на гумвізы — нарэшце ў кастрычніку родныя змаглі іх атрымаць. А я не: выявілася, майму пашпарту больш за 10 гадоў. Наогул ён дзейнічае да 2031 года — я нават не ўяўляла, што для візы патрэбны пашпарт маладзейшы за 10 гадоў. Таму я ўсё яшчэ займаюся пытаннямі легалізацыі.

Калі легалізуюся, буду адкрываць кампанію ў Польшчы — цяпер я рыхтую глебу, праводжу перамовы з пастаўшчыкамі і партнёрамі.

Улічваючы ваеннае становішча, я скараціла колькасць спецыялістаў, пакінуўшы толькі коўча па росце бізнэсу і псіхолага. Першыя тры месяцы вайны ў мяне быў цяжкі эмацыйны стан, я не магла прыняць таго, што адбываецца. Гэтыя два спецыялісты за пару сесій вярнулі мяне да жыцця.

Пра залежнасць ад ментараў і прыняцце катастрофы

Пра залежнасць мне намякнулі ў варшаўскім бізнэс-кам’юніці, да якога я далучылася. Тут прыдумалі фармат групавой працы з ментарам — я, вядома, не магла прайсці міма. І на першай жа сесіі, калі я пачала пералічваць свой досвед, мяне спыталі: «А навошта табе столькі?» 

Але я не лічу гэта залежнасцю. Для мяне норма чэрпаць звонку тое, чаго я сама не магу знайсці ў кнігах. 

Так што цяпер у мяне ёсць яшчэ адзін ментар і каманда, мы працуем два разы на тыдзень, інтэнсіўна прапампоўваем мэты, разбіраем кейсы і проста падтрымліваем адно аднаго. Гэта першы выпадак, калі я не выбірала спецыяліста, а прыйшла на таго, хто быў. І не пашкадавала. 

Спачатку працаваць было складана. Я ж такая ініцыятыўная: думала, зараз хуценька разбяром мае кейсы. Пры індывідуальнай працы з ментарамі праца ідзе спакойна і экалагічна, а ў групе вельмі хуткая дынаміка і зваротная сувязь. Спачатку мяне разнеслі ў пух і прах: маўляў, я 80% сваіх намаганняў усё яшчэ канцэнтрую на праблемах, а не на магчымасцях і на росце.

І праўда, мяне моцна трыгернула гісторыя з Беларуссю, з вайной, з украінска-беларускімі адносінамі, і ўся мая рыторыка так ці інакш зводзілася да таго, што ёсць праблемы. А як жа інакш, пра што цяпер яшчэ гаварыць? Але мне падсвяцілі, што прадмет размоў забірае ў нас вельмі шмат энергіі. І калі я факусуюся толькі на вайне і беларусах, у мяне не застаецца рэсурсаў на сябе, сям’ю, бізнэс. 

Нічога новага, здаецца, але яны змаглі пераключыць маю ўвагу. І я стала лепей высыпацца, лепей сябе адчуваць, з’явіўся рэсурс. 

https://unsplash.com/photos/8e0EHPUx3Mo

Як жа не факусавацца цяпер на праблемах?

Вось і ў мяне была такая рыторыка: сёння быў цяжкі дзень, але я дала рады, сёння было складана, але я змагла. Усё маё ўспрыманне ішло праз прызму абцяжарвання. 

Якія рэчы мне дапамаглі? Па-першае, я прыняла тое, што свет несправядлівы. Мяне моцна закранула тое, што беларусаў з пачаткам вайны сталі хэйціць. Мне здавалася несправядлівым, што ніхто не занураўся ў сітуацыю 2020 года — здавалася, што я зараз напішу пост ці хтосьці з блогераў растлумачыць беларускае пытанне, і ўсё ўстане на свае месцы. Але ў адказ мае партнёры пісалі каментары, якія разыходзіліся з маім бачаннем, і мае сацыяльныя апоры абвальваліся.

Я спрабавала з гэтым змагацца: вось яшчэ адзін пост, і справядлівасць запануе. Хаця б у інфармацыйным полі. Дапамагла мне банальная фраза: «Свет несправядлівы, прымі яго такім як ёсць».

Па-другое, мне нагадалі, што жыццё працягваецца. Так, сёння адбываецца трагедыя, і такіх у свеце шмат, проста канкрэтна гэтая трагедыя бліжэйшая за ўсё да мяне. 

Я ўсвядоміла такія рэчы: трэба дапамагаць, данаціць, але пры гэтым пражываць сваё жыццё. Не варта думаць дзень і ноч: вайна, вайна, вайна — і нічога не рабіць. Гэта не значыць, што думаць пра гэта не трэба. Але, прынамсі, не трэба апраўдваць сябе гэтым, маўляў, таму я нічога не раблю. 

Ці не крыўдна, што курсы пройдзеныя, грошы выдаткаваныя, але праз вонкавыя абставіны вы не змаглі маштабаваць бізнэс?

Не. Я маю дакладнае разуменне, што трэба рабіць. Я атрымала неабходныя веды — засталося толькі ўвасабляць. Я падрыхтавала свой самалёт да ўзлёту. 

Мы хочам увайсці ў топ-10 інтэгратараў рэгіёна. Класна было б, калі б не было вайны і ўжо ў кастрычніку можна было б было штосьці прадэманстраваць. Што ж, значыць атрымаецца пазней. Прадпрымальнік — той, хто гатовы сем разоў збанкрутаваць і пачаць нанова.

«Спасаем мир от радиационной угрозы». Антоновская: выживание в бизнесе и в горах
По теме
«Спасаем мир от радиационной угрозы». Антоновская: выживание в бизнесе и в горах
«Могла бы спокойно найти работу на $4-5 тысяч». CEO RocketData о зарплатах в стартапах
По теме
«Могла бы спокойно найти работу на $4-5 тысяч». CEO RocketData о зарплатах в стартапах
15 белорусок, без которых наша ИТ-индустрия была бы другой
По теме
15 белорусок, без которых наша ИТ-индустрия была бы другой
От стриминга до менторства: 8 источников дополнительного дохода для разработчика
По теме
От стриминга до менторства: 8 источников дополнительного дохода для разработчика

Читать на dev.by