А што я зрабіў? Маск здзіўляецца, адкуль столькі хейту да Tesla

У Tesla з’явілася яшчэ адна праблема, акрамя падзення продажаў і байкотаў: вандалы. На днях у інтэрв’ю Fox News Ілан Маск заявіў, што сітуацыя дасягнула такіх маштабаў, якіх ён ніколі не бачыў, хоць ні ён, ні кампанія «не зрабілі нічога дрэннага».

9 каментарыяў

Гаворка ідзе пра ўсё часцейшыя напады на дылерскія цэнтры, зарадныя станцыі і электрамабілі Tesla ў ЗША. Гендырэктар абвінаваціў у гэтым левыя партыі і асудзіў зламыснікаў.

«Мяне па-сапраўднаму шакаваў узровень нянавісці і жорсткасці з боку левых», — сказаў Маск. Пасля таго як ён пачаў працаваць у Дэпартаменце эфектыўнасці ўрада, па ўсёй краіне прайшлі пратэсты з заклікамі не купляць машыны яго кампаніі. Гэтыя заклікі чуваць нават за акіянам — у Германіі і Уэльсе, адзначае Business Insider.

Удзельнікі руху «Tesla Takedown», што ўзнік у BlueSky — сацыяльнай сетцы-канкурэнце X Маска, — заклікаюць уладальнікаў Tesla прадаваць свае аўтамабілі і акцыі вытворцы, каб «як мага хутчэй спыніць Маска». Паводле інфармацыі на сайце ініцыятывы, за апошнія тыдні каля аўтасалонаў Tesla ў ЗША прайшлі дзясяткі акцый.

«Я заўсёды лічыў, што левыя — дэмакраты — павінны быць партыяй спачування, партыяй клопату. А яны падпальваюць машыны, кідаюць кактэйлі Молатава ў дылерскія цэнтры, абстрэльваюць іх, разбураюць аўтамабілі», — распавёў Маск.

«Мы мірная кампанія. Мы нікому не нашкодзілі», — дадаў ён.

Таксама мільярдэр без доказаў заявіў, што пратэсты і пагромы могуць быць часткай змовы супраць яго асабіста: «Хто гэта фінансуе, хто каардынуе? Таму што гэта нейкае вар’яцтва. Ніколі нічога падобнага не бачыў».

DOGE, якім кіруе Маск, спрабуе разабрацца з растратамі і карупцыяй у дзяржаўным апараце ЗША, паралельна звальняючы дзясяткі тысяч дзяржслужбоўцаў. Яго падначаленыя праводзяць праверкі ведамстваў і федэральных праграм. Маск не назваў канкрэтных устаноў, але заявіў, што некаторыя людзі атрымлівалі грошы незаконна, і гэтыя факты могуць быць звязаныя з кампаніяй супраць яго і Tesla. «Яны наогул хочуць мяне забіць, бо я змагаюся з гэтымі махлярамі, і імкнуцца нашкодзіць Tesla, бо [DOGE] змагаецца з велізарнай растратаю і карупцыяй у ўрадзе», — перакананы Маск.

«Я нікому не зрабіў нічога дрэннага», — канстатаваў мільярдэр.

Нядаўна за яго заступіўся іншы мільярдэр. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што атакі на дылерскія цэнтры Tesla будуць кваліфікавацца як тэрарызм, а хуліганам зладзяць «пекла».

Маск паскардзіўся, што яму цяжка жангліраваць усімі пасадамі генеральнага дырэктара і DOGE
Па тэме
Маск паскардзіўся, што яму цяжка жангліраваць усімі пасадамі генеральнага дырэктара і DOGE
Tesla ў Германіі — усё: 94% немцаў не стануць купляць электракар Маска
Па тэме
Tesla ў Германіі — усё: 94% немцаў не стануць купляць электракар Маска

Читать на dev.by