Указ №278 набывае моц 7 верасня. Прэс-служба МЗС дала каментар

Цуду не здарылася. У ім тыя ж тэзісы, што і ў тэксце ўказа.

45 каментарыяў

Указ № 278, які забараняе консульствам прымаць заявы на абмен пашпартоў, выдачу важных даведак і даверанасцяў, набудзе моц 7 верасня. Гэта вынікае з публікацыі на pravo.by і каментара МЗС

Прэс-служба МЗС вытлумачыла новы ўказ гэтак жа, як і медыя. Калі коратка: за пашпартамі, даверанасцямі, даведкамі, апастылямі і да т. п. — сардэчна запрашаем у Беларусь. Калі хочаце аддалена прадаць/падарыць нерухомасць/аўто, даверанасць мае быць аформленая ў Беларусі. Тым, хто паспеў падаць заявы да 7 верасня, пашанцавала: іх працэдуры будуць завершаныя.

Прыводзім каментар прэс-службы МЗС цалкам:

«7 верасня 2023 г. набывае моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 278 «Пра парадак выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў».

Дадзены заканадаўчы акт уносіць змены ў пералік консульскіх дзеянняў і адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюць замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь на заяву грамадзян.

Пасольствы і консульства будуць па-ранейшаму займацца пытаннямі грамадзянства, консульскага ўліку, рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану, афармленнем пастаяннага пражывання па-за межамі Беларусі.

Дыпламатычныя місіі будуць і далей выдаваць пасведчанні на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь, сведчыць завяшчанні, згоды, адмовы, сведчыць вернасць копій і сапраўднасць подпісу на дакументах.

Беларускія замежныя ўстановы больш не ўпаўнаважаныя займацца пытаннямі выдачы/абмену/прадаўжэння ўсіх відаў пашпартоў і ідэнтыфікацыйных карт. Названыя дзеянні можна ажыццявіць на тэрыторыі Беларусі. 

Грамадзяне, якія аформілі пастаяннае пражыванне па-за межамі Рэспублікі Беларусь, змогуць звяртацца па пытаннях абмену пашпартоў у галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС або ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь (па месцы апошняга жыхарства бацькоў — для асоб, якія не пражывалі ў Рэспубліцы Беларусь).

Грамадзяне, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, змогуць атрымаць/абмяняць /прадоўжыць пашпарт па звычайнай для ўсіх грамадзян Беларусі працэдуры ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі УУС па месцы рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Апастыль таксама будзе прастаўляцца ў адным з кампетэнтных органаў у Рэспубліцы Беларусь (МЗС, Мінадукацыі, Мінюст і галоўныя ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў — у залежнасці ад тыпу дакумента).

Падача дакументаў для прастаўлення апастыля магчымая толькі асабіста ўладальнікам дакумента альбо іншай асобай пры прад’яўленні даверанасці, аформленай у Рэспубліцы Беларусь.

Асабістая падача дакументаў у зацікаўлены орган таксама прадугледжаная і па шэрагу іншых адміністрацыйных працэдур, пералічаных у адпаведным дадатку да Указа (для атрымання даведак ЗАГСа, паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (акрамя смерці) і інш.).

Важна адзначыць, што звароты, пададзеныя грамадзянамі да набыцця Указам моцы разглядаюцца ў парадку, які дзейнічаў да набыцця ім моцы».


Читать на dev.by