«Аб’ём рынку — 1,3 млрд рублёў у год». «А1» запускае ўласны таксі-сэрвіс

У Беларусі з’явіцца новы агрэгатар таксі, які стане канкурэнтам «Яндекс Go». Праект запускае кампанія А1, паведамляе av.by.

2 каментарыя

Па ацэнках начальніка ўпраўлення інфраструктурных рашэнняў і кіраўніка праекта «А1 таксі» Яўгена Ляўданскага, аб’ём беларускага рынку таксі ацэньваецца ў 1,3 млрд рублёў у год.

— Асноўная прычына, якая не дае развіваць гэты рынак, уплываць на кошты, прыхаваная ў манаполіі — адзін буйны агрэгатар займае больш за 90% рынку. А гэта значыць, што час прапанаваць альтэрнатыву, — распавёў ён.

Паводле слоў Ляўданскага, А1 мае намер стварыць нацыянальны таксі-сэрвіс. Для рэалізацыі праекта аператар набыў аднаго з вядомых гульцоў на рынку — кампанію «Баварыя». Гэта нішавы гулец прэміум-сегмента на рынку таксі.

У межах праекта А1 запускае ўласную новую аплікацыю для таксі. У ёй карыстальнікам будуць даступныя, у прыватнасці, папярэдняя замова аўтамабіля на пэўную дату і час, а таксама (у пэўных тарыфах) опцыя выбару аўтамабіля і кіроўцы.

У кожнай машыне новага таксі-сэрвісу будзе відэарэгістратар з пастаянным запісам і трывожныя кнопкі. Персанальныя даныя кліентаў, як сцвярджае Ляўданскі, будуць захоўвацца ў Беларусі ў атэставаным сегменце дата-цэнтра А1. «То бок доступ да персанальных даных будзе абмежаваны, і інфармацыя не выйдзе за межы дзяржавы», — удакладняе прадстаўнік А1.

Цяпер кампанія атрымлівае ўсе неабходныя дазволы, становіцца агрэгатарам плацяжоў, рэгіструе свае інфармацыйныя рэсурсы, уступае ў рэестр дыспетчараў таксі. Паўнавартасны запуск сэрвісу плануецца на травень гэтага года.

Раней пра планы запусціць у Беларусі таксі-сэрвіс абвесціў маркетплейс Wildberries.


Читать на dev.by