«Ад 10К — гэта калі ты лепшы за усяго толькі 200 сярэдніх праграмістаў у App Store». Павел Агафонаў пра тое, як самастойна ствараць прадукты і зарабіць мільёны даляраў
Гаворым з вядомым беларускім распрацоўшчыкам, «амбасадарам пет-праектаў» Паўлам Агафонавым пра незалежную распрацоўку прадуктаў.
Павел Агафонаў — вядомы распрацоўшчык з Беларусі. У 90-я ён пачынаў як супрацоўнік мінскага офіса IBA і нямецкага офіса IBM, пасля шмат працаваў у прадуктовых кампаніях, прычым заўсёды сумяшчаў працаўладкаванне з распрацоўкай уласных прадуктаў. Амбасадар пет-праектаў.
Пасля пяці гадоў працы ў Германіі Агафонаў вярнуўся ў Беларусь і стаў сузаснавальнікам кампаніі-правайдэра хуткасных хостынг-рашэнняў Extmedia, а ў 2008 годзе закахаўся ў iPhone і пачаў распрацоўваць аплікацыі для App Store (яны не раз траплялі ў топы стора), пазней — кампанію Happymagenta. Менавіта самастойныя праекты прынеслі Паўлу вядомасць. Яго ведаюць як стваральніка компаса-навігатара з дапоўненай рэальнасцю Spyglass, сеткавага сканера Scany, распрацоўшчыка тэхналогій для гульняў.
Адна з іх, NLP-тэхналогія для працы з мовамі, стала асновай не толькі для гульні Under a spell, але і для платформы хуткага вывучэння моў WPD. На сёння гэта галоўны для Агафонава праект.
У суме ў асабістых прадуктаў Агафонава 25 млн+ карыстальнікаў, яны прынеслі 3 млн+ даляраў даходу. Больш за 10 гадоў жыве ў Вільні.
Гаворым з Паўлам пра тое, ці варта ў 2025-м годзе ісці ягоным шляхам, як AI змяніў правілы гульні на рынку аплікацый, дзе жыць і ці будзе пенсія.
«У параўнанні з сённяшнім днём 15 гадоў таму канкурэнцыі не было наогул»
Павел, як гэта — быць незалежным стваральнікам прадуктаў: якія плюсы і мінусы самастойнай працы?
Калі ты здольны стварыць і падтрымліваць добры прадукт, які пройдзе праверку рынкам і будзе прыносіць карысць людзям ва ўсім свеце, то быць яго аўтарам зусім нядрэнна.
Само ўсведамленне, што ты гэта змог у тэхнічным плане, дадасць балаў тваёй самаацэнцы, а даход ад праекта дасць пэўную свабоду — здавалася б, адны плюсы.
Але справа ў тым, што з кожным годам такі ідэальны сцэнарый робіцца ўсё менш імаверным і патрабуе ўсё большых выдаткаў (працоўных і фінансавых): узмацняюцца правілы пляцовак, канкурэнцыя за аўдыторыю расце, рэгулятары выстаўляюць усё новыя патрабаванні (напрыклад, па абароне персанальных дадзеных), усё больш становіцца платформаў і прылад, якія трэба падтрымліваць. Каб самастойна цягнуць усё гэта на сабе, трэба анёльскае цярпенне.
Нядаўна Apple апублікаваў статыстыку: з 30 мільёнаў уліковых запісаў распрацоўшчыкаў толькі крыху больш за 0,5% зарабляюць $10K+ у месяц і менш за 0,1% зарабілі $1M+ за ўвесь час.
Гэтыя лічбы выглядаюць песімістычна, але на самай справе гаворка ідзе пра сотні тысяч распрацоўшчыкаў, прычым многія з іх — не фізічныя асобы, а кампаніі. Так ці інакш, калі ёсць сіла і настойлівасць, поспеху можна дасягнуць і сёння: каб зарабляць ад дзесяці тысяч даляраў у месяц, трэба быць лепшым за дзве сотні сярэднестатыстычных распрацоўшчыкаў, якія маюць уліковы запіс у App Store. А каб зарабіць мільён даляраў, трэба быць лепшым за ўсяго толькі тысячу іншых.
І крыху мінору: медыянны даход аплікацыі ў App Store праз год яго існавання усяго $50 у месяц.
15 гадоў таму патрапіць у топы App Store ужо было складана, што змянілася да 2025? Як ты ацэньваеш канкурэнцыю сёння? Якія механізмы самыя эфектыўныя, што працуе пры мінімальным бюджэце?
У параўнанні з сённяшнім днём 15 гадоў таму канкурэнцыі не было наогул: у 2009 годзе дастаткова было зрабіць адносна простую аплікацыю, і яна без маркетынгавых выдаткаў мела шанцы апынуцца ў топе.
Імавернасць таго, што карыстальнік знойдзе прадукт, тады была істотна вышэй: я нават распрацаваў алгарытм для аптымальнага падбору ключавых слоў, які даваў на 30% больш арганічнага трафіку. Зрабіў гэта на аснове задачы аптымальнага маршруту коміваяжора, якую вырашыў на паўгода раней, чым пара вучоных апублікавалі свае рашэнні. А потым App Store змяніў алгарытм пошуку на паводзінны, і карыстальнікам стала складаней адшукаць прадукт.
Раней я ніколі не думаў пра даходы прадукту — на першым месцы для мяне былі тэхналагічнасць, карысць і эфектыўнасць. Зараз жа шанцы на тое, што нават ідэальны прадукт сам па сабе прыцягне аўдыторыю, роўныя нулю — без бюджэтаў на маркетынг гэта практычна немагчыма. Таму калі ваш прадукт не вырашае вузкую задачу для дзясятка чалавек, ён павінен зарабляць, акупляючы сваё развіццё і жыццёвы цыкл.
«Прадукт павінен вырашаць пастаянна ўзнікаючы боль»
Як ты выбіраў і выбіраеш дамены прадуктаў? З чым сёння і праз год варта прыходзіць у App Store, каб былі шанцы?
Раней было прасцей. Мае першыя прадукты былі карысныя асабіста для мяне, а паколькі на мабільных платформах гэтыя задачы яшчэ не былі вырашаныя, то пытанне выбару нават не стаяла — я проста рабіў нешта патрэбнае мне, а гэта аказвалася карысным і для кагосьці яшчэ.
Зараз усё інакш: я б рабіў нешта, што патрэбна, як мінімум, мільярду чалавек+. Добрыя сучасныя прыклады — гэта AI, LLM, ChatGPT, трошкі раней — агрэгатары таксі і дастаўкі, якія вырашаюць задачы мноства людзей.
Але такія рэсурсазатратныя праекты складана весці самастойна ці маленькай камандай. Навучанне мадэляў патрабуе выдаткаў на «жалеза», электраэнергію, дадзеныя — адсюль і такая ўвага да нібыта таннага DeepSeek.
Таму я б выбіраў прадукт, які вырашае пастаянна і рэгулярна ўзнікаючы боль або задачу нейкім арыгінальным, эфектыўным, больш эканамічным спосабам, за што людзі былі б гатовыя рэгулярна плаціць. Пажадана, каб прадукт меў у аснове ўнікальнае рашэнне, якое складана скапіяваць або аднавіць на прымальным узроўні якасці.
Якія мадэлі манетызацыі ты спрабаваў і што лепш за ўсё працуе сёння?
Шмат што залежыць ад прадукту і мэтаў. Прадукт, кошт якога канчатковы, рана ці позна запоўніць рынак і завершыць свой жыццёвы цыкл. Прыток фінансаў у яго спыніцца. Пэўныя прадукты, напрыклад, прэміяльныя гульні ААА, могуць нават акупацца, але ўсё роўна іх жыццё канечнае.
Выйсце — паўторная манетызацыя, падпіска або рэклама. Адна з першых гэта зразумела Adobe: высветлілася, што карыстальнікам хапае старой версіі, і яны не хочуць плаціць больш, якія б цікавыя фішкі ні дадавалі ў новыя версіі. У выніку кампанія перайшла на падпісную мадэль манетызацыі.
«У чыстым выглядзе AI ніколі не зможа замяніць думаючага чалавека»
Як AI змяніў тваю працу? Якія інструменты ты выкарыстоўваеш? І калі, на тваю думку, AI будзе здольны здзяйсняць поўны цыкл распрацоўкі прадукта для App Store?
Штучны інтэлект я паспрабаваў адносна позна, калі ён ужо даваў істотна большы эфект, чым спачатку, — і мне зайшло. Вядома, ШІ сур’ёзна змяніў працу, я актыўна выкарыстоўваю практычна ўсе віды даступных мадэляў і сэрвісаў — і ў распрацоўцы, і ў сумежных з ёй сферах, і ў прадуктах таксама. AI значна паскорыў прасоўванне і маіх пет-праектаў, і працоўных. Нядаўна, напрыклад, я за два дні зрабіў у кодзе тое, што звычайным спосабам рабіў бы некалькі тыдняў. Эфект ад AI нагадвае той, што давалі рэгулярныя выразы ў FAR у канцы 90-х — толькі разумнейшы.
Пры гэтым няма адчування, што думаць пра алгарытмы і архітэктуру дзякуючы AI трэба менш — хутчэй, цяпер гэтаму можна надаць больш часу, бо AI бярэ на сябе руцінныя задачы і рэфактарынг.
Нядаўна я зрабіў невялікі сайт для апісання прадукту з нуля — з графікай, тэкстам і перакладамі — за гадзіну. Звычайным спосабам гэта заняло б значна больш часу.
Хаця здараюцца і кур’ёзы. На мінулым тыдні ChatGPT адмовіўся перакласці некалькі старонак тэксту — адправіў мяне да прафесійных перакладчыкаў і нават даў кантакты.
Вядома, значна цікавей змешваць AI ў прадуктах са сваімі алгарытмамі. Але трэба памятаць пра галюцынацыі і трызненні. Я сутыкаюся з імі ва ўсіх сферах: і пры распазнаванні каманды на адкрыццё гаража, і ў згенераваным кодзе/тэкстах/перакладах/малюнках, і ў нашых уласных працоўных мадэлях.
З улікам гэтых нюансаў здаецца, што ў чыстым выглядзе ШІ ніколі не зможа замяніць думаючага чалавека — за ім заўсёды патрэбны будзе кантроль.
«Трэба думаць пра даход акрамя пенсіі»
Ты калі-небудзь выгараў?
Выгаранні, вядома, былі, але яны доўжыліся нядоўга. Я ў сябе назіраю эфект, супрацьлеглы пракрастынацыі: мне вельмі цяжка нічога не рабіць, пакінуць, або кінуць задачу. У рэсурсным стане даводзіцца сябе ўгаворваць дзесьці прытармазіць, зрабіць паўзу і вылучыць час не праектам, а жыццю і сям’і.
Можа, распрацоўка ўласных прадуктаў — гэта прышчэпка ад выгарання?
Уласныя праекты, на якія можна пераключацца, сапраўды дапамагаюць не выгараць па ўсіх напрамках працы. Але ў мяне гэтых праектаў столькі, што, каб не патануць, даводзіцца расстаўляць прыярытэты і выкарыстоўваць тэхнікі для паляпшэння асабістай прадуктыўнасці. Гэта, прынамсі, дапамагае структураваць задачы.
Ці ёсць розніца, у якой лакацыі жыць беларусу, каб ствараць свае прадукты?
Відавочна, жыць лепш там, дзе больш перспектыў.
Чаму, выбіраючы краіну, ты не застаўся ў Германіі? Якія перавагі і недахопы жыцця ў Літве?
У Германіі я не застаўся, хутчэй за ўсё, таму што тады плёўся па плыні, і мне было проста лянота актыўна шукаць працу. У IBM нам плацілі вышэй за сярэдні ўзровень на рынку, таму, калі на сумоўях у Германіі я называў жаданую суму, мае інтэрв’юеры сутаргава сціскалі клавіятуру. Моўны бар’ер таксама меў значэнне.
А ў Літве я прыжыўся, вывучыў мову і здаў дзяржаўныя іспыты. Я быў у многіх краінах і гарадах свету, але мне заўсёды хацелася вяртацца ў чароўны горад Вільнюс, які нібыта спецыяльна створаны для шчаслівага жыцця: людзі там жывуць памяркоўна і нікуды не спяшаюцца. Пасля гарадоў-мільённікаў Вільнюс літаральна ахінаe сваёй спакойнай утульнасцю.
Як табе жывецца 25+ гадоў без сацпакета і медстрахоўкі? Як назапашваеш на пенсію і як яе сабе ўяўляеш?
Я б не сказаў, што жыву без сацпакета і медстрахоўкі — наадварот, яны ў мяне шырэйшыя, чым у многіх. Так, былі перыяды, калі майго даходу было недастаткова, і мне даводзілася працаваць на дзвюх працах. Але ў цэлым індывідуальная распрацоўка таксама прадугледжвае выплату ўсіх падаткаў, а значыць, і сацпакет.
За 11 гадоў у Літве ў мяне назапасілася пенсійных балаў разы ў чатыры больш, чым у чалавека з сярэдняй зарплатай: проста даходы ад дзвюх прац і індывідуальнай дзейнасці абкладаліся сацыяльнымі падаткамі асобна адно ад аднаго. Атрымліваецца, што я вельмі выгадны грамадству — падаткаў плачу больш, а сацыяльную сістэму стараюся менш загружаць.
Праўда, у любыя пенсійныя сістэмы я слаба веру і асабліва на іх не спадзяюся.
Калі за наступныя 17 гадоў у Літве мае пенсійныя балы будуць назапашвацца з такой жа хуткасцю, то мая пенсія складзе ўсяго толькі 1500 еўра ў месяц.
Гэта не толькі несувымерна менш за мае падаткі, але і проста недастаткова для камфортнага жыцця сям’і. У любым выпадку трэба думаць пра даход, акрамя пенсіі. Нават калі няма ведаў пра інвеставанне, можна частку даходу адкладаць у фонды ў банках і на розных інвестыцыйных платформах.
«У 2025 годзе верагоднасць поспеху большая ў камандзе»
Калі б табе сёння было 22, ці пайшоў бы ты тым самым шляхам?
Без аніякіх сумненняў. Мой шлях быў захапляльным і натхняльным, асабліва праца ў IBA і IBM, куды я трапіў яшчэ да заканчэння ўніверсітэта — гэта ўсё роўна як калі б цяпер мяне ўзялі на працу ў Apple ці Google на першых курсах інстытута.
Праўда, калі б я адразу адключыў эмоцыі і ўключыў рацыё, то шмат якія рэчы ў частцы распрацоўкі і прадуктаў зрабіў бы значна раней.
А ці можаш у 2025 блаславіць выпускніка БДУІР пайсці па тваіх слядах і ствараць прадукты і сэрвісы пад iOS/Android? Што важна ўлічыць перад стартам і якія «інвестыцыі» назапасіць у $, людзях і навыках?
Магу, хаця верагоднасць поспеху, безумоўна, будзе значна большая ў камандзе. Прынамсі, на пачатковых этапах.
Асаблівых перашкод для поспеху я не бачу, але патрэбны час і рэсурсы. Сёння нешта рабіць не складаней, чым карыстацца калькулятарам таму, хто засвоіў лічбы. Як толькі ты «вывучыш лічбы», перад табой адкрываецца велізарная колькасць навучальных матэрыялаў і прыкладаў плюс сіла ШІ.
Але для стварэння добрага прадукту патрэбныя веды ў самых розных галінах: дызайн, UX, псіхалогія карыстальніка, тэхналогіі, распрацоўка, маркетынг — усім гэтым павінен валодаць адзін чалавек (ну, або каманда).
Я пачаў распрацоўваць праграмы і алгарытмы яшчэ ў школе. Таму мне было прасцей стартаваць дзякуючы досведу і проста гатоваму коду — заставалася толькі сабраць прадукт з таго, што назапасілася за доўгі час.
ШІ адкрыў каласальныя магчымасці як для маленькіх каманд, так і для асобнікаў, але ён жа павялічыў канкурэнцыю, а значыць, вывесці прадукт на рынак будзе ўсё складаней і складаней.
Перамагаць будуць тыя, хто можа разабрацца ў тым, што згенеруе ШІ. Бо без ведаў код, выдадзены штучным інтэлектам, будзе або непрацаздольным, або не дазволіць стварыць якасны прадукт.
Читать на dev.by