Агрэгатараў таксі прымусяць ствараць юрыдычныя асобы і захоўваць даныя ў Беларусі

Падрыхтаваны праект указа з такімі нормамі.

12 каментарыяў

Працу агрэгатараў таксі абмяркоўвалі на нарадзе ў пытаннях пасажырскіх перавозак у Лукашэнкі, паведамляе ягоная прэс-служба. Уладам не падабаецца, што гэта замежныя кампаніі, якія захоўваюць інфармацыю на замежных серверах.

— Інфармацыя аб выкананых замовах і звесткі аб заказчыках перавозак захоўваюцца на серверах, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, што беспасярэдне ўплывае на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, — сказаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. 

Паводле ягоных слоў, раней «грошы чалавека і інфармацыя аб гэтай перавозцы» сыходзілі ў Галандыю, цяпер, «калі пачаліся санкцыі, гэтая карціна змянілася — грошы пачалі сыходзіць у Расію».

Лукашэнка падтрымаў ідэю абавязаць арганізатараў такіх перавозак захоўваць даныя ў Беларусі. Яшчэ да канца года.

— Відавочна, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. Да новага года гэтая норма мае працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта бяспекі, абароны персанальных даных, спынення супрацьпраўных дзеянняў.

Норма, відавочна, увойдзе ў праект указа аб адносінах у сферы пасажырскіх аўтаперавозак. У прыватнасці, плануецца стварыць рэестр легальных перавозчыкаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў працэсу. Пры гэтым замежныя дыспетчары таксі маюць стварыць юрыдычныя асобы ў Беларусі. Акрамя таго, іх абавяжуць даваць дзяржорганам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах.

Меры бяспекі замацуюць відэафіксацыяй: «У мэтах павышэння ўзроўню бяспекі для перавозчыкаў плануецца ўстанавіць абавязак відэафіксацыі выканання перавозак пасажыраў».

Дзеянне ўказа, верагодна, перш за ўсё распаўсюдзіцца на Yandex Go, які, як пісалі медыя мінулым летам, захоўвае ўсе даныя, у тым ліку і пра замежных заказчыкаў, на расійскіх серверах. Ад 1 верасня 2023 года кампанія мае даваць ФСБ кругласутачны аддалены доступ да звестак пра паездкі. У сувязі з гэтым Упраўленне Нідэрландаў па абароне даных пачало расследаванне ў дачыненні да сэрвісу таксі Yango, які ўваходзіць у нідэрландскую Yandex N.V.


Читать на dev.by