Айцішнікам не быць самазанятымі ў 2023-м. У спіс Саўміна ўвайшлі толькі распрацоўка сайтаў і рамонт камп’ютараў
Апублікаваная пастанова Саўміна № 851 ад 8 снежня 2022 года — у ёй пералік відаў дзейнасці, «якія ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі — плацельшчыкамі падатку на прафесійны даход». Дакумент набывае моц 1 студзеня 2023 года.
Адзіны ў пераліку від дзейнасці, блізкі да ІТ — «распрацоўка вэб-сайтаў, усталяванне (налада) камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленне камп’ютараў пасля збою, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне працы на персанальным камп’ютары».
Гэтая фармулёўка цалкам супадае з той, што выкарыстаная ў дадатку Падатковага кодэкса, які вызначае стаўкі адзінага падатку з ІП і іншых фізічных асоб. Як мы ўжо пісалі, згодна з праектам змяненняў у ПК на 2023 год стаўка адзінага падатку для самазанятых у Мінску складзе 593 рублі на месяц, у абласных цэнтрах і Мінскім раёне — 548 рублёў, у Баранавічах, Пінску, Барысаве, Оршы і інш. раённых гарадах — 518 рублёў, іншых населеных пунктах — 263 рублі. На мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў у першым чытанні зацвердзіла гэты законапраект.
Ці значыць гэта, што самазанятыя распрацоўшчыкі вэб-сайтаў змогуць выбіраць — ці плаціць адзіны падатак, ці 10% падатку на прафесійную дзейнасць (ППД)? Пакуль выглядае, што так.
І ўжо відавочна, што ў айцішнікаў, занятых распрацоўкай софту, не з’явіцца опцыі стаць самазанятымі. Нагадаем, ад 1 студзеня айцішнікі-ІП больш не змогуць працаваць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Тым ІП, хто дапрацоўвае 2022 год на спрошчанай сістэме, падаткавікі прапануюць перайсці на агульны парадак падаткаабкладання. Але заставалася яшчэ надзея, што айцішнікі-фрылансеры змогуць таксама стаць самазанятымі з выплатай ППД.
Год таму ў Мінфіне меркавалі, што на ППД можна будзе займацца любымі відамі дзейнасці, акрамя забароненых.
Цяпер выявілася, што спіс строга абмежаваны. У яго ўвайшлі:
— Рамесная дзейнасць;
— Паслугі ў галіне агратурызму;
— Продаж фізічнымі асобамі раслін, кандытарскіх вырабаў, жывёл;
— Выкананне шэрагу работ (у тым ліку распрацоўка вэб-сайтаў);
— Арэнда жылых памяшканняў, дач, маёмасці.
Читать на dev.by