Айцішнік з Докшыцаў хацеў зарабіць на розніцы курсаў крыптавалют, але стаў ахвярай махляроў
Ён пазбавіўся больш як 37 тысяч рублёў, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
Як паведамляе міліцыя, малады чалавек з Докшыцаў пазнаёміўся ў сацсетцы з дзяўчынай. Яна напісала яму, што ведае, як дабіцца поспеху ў заробку на крыптавалюце, — і падзялілася кантактамі «спецыяліста», а таксама спасылкай на крыптабіржу.
Неўзабаве з айцішнікам звязаўся «кансультант», які прапанаваў за невялікі адсотак зрабіць усю працу па павелічэнні лічбавых актываў. На фішынгавым сайце інвестару-пачаткоўцу стварылі кабінет, а затым паказалі нумары крыптагаманцоў, якія неабходна было папаўняць.
За некалькі месяцаў пацярпелы здзейсніў больш за 40 транзакцый на суму звыш 37 тысяч рублёў у эквіваленце. У нейкі момант яму прадэманстравалі прыбытак у 100 тысяч долараў. Але калі малады чалавек паспрабаваў вывесці частку грошай, даведаўся, што трэба заплаціць «камісію». А потым прыйшла яшчэ навіна: трэба пералічыць яшчэ некалькі тысяч долараў за «аўдыт». Вось тады айцішнік зразумеў, што стаў ахвярай махляроў і звярнуўся ў міліцыю.
Читать на dev.by