Айцішнік назапасіў $10 млн да 28 гадоў. Хоча сысці на пенсію, але баіцца, што не хопіць — можаце дапамагчы з рашэннем
Айцішнік з Meta падзяліўся на Blind досыць нетыповай праблемай. Да сваіх амаль 29 гадоў ён назапасіў каля $10-15 млн у выглядзе інвестыцый, пенсійных адлічэнняў, крыпты і іншых зберажэнняў.
Ён задумаўся, чаму б не зладзіць сабе раннюю пенсію, але не можа рашыцца на такі рызыкоўны крок, бо з улікам інфляцыі, дынамікі даляра і напрамку, у якім коціцца грамадства, грошай яму да канца жыцця можа і не хапіць.
Ён папрасіў супольнасць прагаласаваць. На момант напісання артыкула сваё меркаванне выказалі 633 карыстальнікі пляцоўкі. Дзве траціны раяць сыходзіць.
У каментарах пачалі дзяліцца парадамі. Многія адзначалі, што зберажэнняў топікстартара сапраўды можа быць мала, калі толькі ён не збіраецца жыць па-за межамі ЗША ці ў ЗША, але ў вёсцы. Іншы каментатар адзначыў, што калі не марнаваць грошы, то забяспечваць сябе разам з сям’ёй можна на $300 тысяч у год. Гэта значыць, калі не нарошчваць суму, то хопіць на 30-50 гадоў.
Некаторыя пачалі троліць аўтара. Адзін супрацоўнік Apple напісаў, што ў яго ўзросце меў ужо $30 млн, так што ён моцна адстае. Хтосьці з Microsoft адзначыў, што ў яго кампаніі можна зарабляць ад $500 тысяч да $1 млн у год, літаральна нічога не робячы. Калега з PayPal наўпрост назваў аўтара беднякам і лузерам, бо ў нармальнага чалавека да 25 гадоў павінна быць на рахунку $25 млн, так што няма чаго тут хваліцца, робячы выгляд сціплага чалавека.
Хтосьці з Amazon пажартаваў (ці не), што сядзеў бы з гэтымі грашыма дома гадоў да 40, а потым скончыў бы жыццё самагубствам. Яшчэ адзін карыстальнік прапанаваў звольніцца і запусціць канал на YouTube аб тым, як выйсці на пенсію да 30.
Читать на dev.by