Айцішнік адказаў польскім палітыкам, якіх палохаюць праграмісты з Беларусі
І сабраў добрыя водгукі пра беларусаў. А яшчэ — прапановы нашым айцішнікам перарабіць польскія дзяржсайты.
Python-распрацоўшчык напісаў на Reddit адказ польскім дэпутатам, якіх хвалююць візы PBH і тое, дзе працуюць іх уладальнікі, ці не выконваюць выпадкова адчувальныя дзяржзаказы.
Ён нагадаў, пры якіх абставінах у 2020 годзе стартавала праграма PBH і што ў лік уладальнікаў віз уваходзяць не толькі айцішнікі, але таксама іх сужэнцы і дзеці. Некаторыя да Польшчы не даехалі, але большасць усё ж выкарыстала візы па прызначэнні.
Распрацоўшчык запэўніў, што айцішнікі з Беларусі не хаваюцца, іх лёгка знайсці ў тэлеграм-чатах. А працуюць яны, як правіла, у польскіх аддзелах міжнародных карпарацый ці проста з заказчыкамі як ІП. Што да ўдзелу беларусаў у польскіх дзяржзаказах з доступам да дзяржсакрэтаў, наўрад ці ім гэта цікава — проста амерыканцы плацяць больш і ў іншай валюце.
— Nie znam nikogo, kto by pracował w firmach realizujących projekty krytyczne dla polskiego państwa. Może takie istnieją, ale większość z nas preferuje pracę dla amerykańskich czy europejskich firm, które oferują atrakcyjne wynagrodzenia w obcych walutach.
А вось партрэт тыповага айцішніка з Беларусі: з вышэйшай адукацыяй, тактоўны, эмпатычны, клапоціцца пра сябе і навакольных, шануе закон. Часцяком ён не можа вярнуцца на радзіму праз палітычны пераслед, але па-ранейшаму яе вельмі любіць.
Typowy białoruski informatyk ma wyższe wykształcenie, jest taktyczny, empatyczny, dba o sobie i ludzie obok. I przede wszystkim szanuje prawo
— Я таксама закахаўся ў Польшчу, яе культуру і людзей. У нас шмат агульнага, і мы не такія страшныя шпіёны, як пра нас думаюць, — рэзюмуе айцішнік.
<…>Я разумею, што Польшча ўступае ў новую палітычную эпоху і ёй трэба будзе пераадолець мноства праблем, але я хацеў бы запэўніць польскае грамадства, што беларускія ІТ-спецыялісты не ўваходзяць у лік гэтых праблем. Мы хочам жыць у міры, добра зарабляць і не дастаўляць непрыемнасцяў іншым.
Рэакцыя супольнасці
Пост сабраў надзіва добрыя і смешныя каментары. Хтосьці папраўляе дробную памылку, але ў цэлым тэкст, здаецца, напісаны на дыхтоўнай польскай. Аўтару сама час здаваць экзамен на B2.
І не толькі яму. Вось гэты камент ад айцішніка-беларуса таксама цягне на добры экзаменацыйны бал. Некалькі гадзін таму ён заплаціў столькі і столькі падаткаў і збораў у сацстрах. Не карыстаецца медпаслугамі па дзяржстрахоўцы і не стварае чэргаў, паважае палякаў, размаўляе па-польску. І так, ён беларус. Што не так?
Астатнія, спадзяемся, напісаныя палякамі.
— У нас працуе як мінімум 30 праграмістаў з Беларусі. Выдатныя супрацоўнікі; нават улічваючы, што некаторыя з іх маюць польскія карані, гэта, безумоўна, нацыя, якая інтэгруецца лепш за ўсіх.
— Побач са мной на працы калега з Беларусі — бэкэнд-спецыяліст. Усе хваляць яго працу, чувак норм, мы часта гутарым, бо моўнага бар’ера практычна няма.
— Хлопец з майго пакоя беларус, нешта там сабе кодзіць;
— Я працаваў з некалькімі беларусамі, і ўсе яны былі добрымі людзьмі (анекдатычна, я ведаю). Яны шмат працавалі, добра інтэграваліся і размаўлялі па-польску. У нас у краіне ёсць месца для кожнага, і, вядома ж, для нашых братоў беларусаў і ўкраінцаў, якія ўжо шмат гадоў уносяць свой унёсак у дабрабыт польскага народа. Жадаю, каб аднойчы мы змаглі адплаціць вам і каб Польшча, Украіна і Беларусь жылі ў гармоніі і квітнелі разам.
Аптаметрысты (гэта не айцішнікі) таксама малайцы:
— Працаваў з беларускім аптаметрыстам. Вельмі надзейны хлопец, ветлівы і абыходлівы. Не ведаю, як астатнія, але калі ўсе такія, як гэты хлопец, я б рэкамендаваў 10 / 10.
І пра (не)ўдзел беларусаў у дзяржзаказах:
— Хацеў бы, каб беларусы зрабілі сучасны партал ZUS.
— Так польскія парталы сапраўды патрабуюць вялікіх змен, ZUS — толькі пачатак.
Увогуле, беларускім айцішнікам сама час заганарыцца, але яны ж яшчэ і сціплыя?
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by