Айцішнік стаў «пагрозай бяспецы» ў Літве. Праз працу на БелАЭС па размеркаванні
+ 1 гісторыя анулявання ДНЖ у Літве беларусам. Яна ўскладненая тым, што ў дзяцей скончыліся пашпарты РБ, а праязных дакументаў ім не выдалі.
У гэтыя дні ІТ-спецыяліст з Беларусі, які пражыў з сям’ёй больш за два гады ў Вільні, спрабуе вырашыць, як/дзе жыць далей. На мінулым тыдні Літва прызнала яго «пагрозай нацбяспецы», як вынік, яму анулявалі ДНЖ. Звычайны (на жаль) для нашага часу сюжэт ускладняецца тым, што ў Беларусь сям'і нельга, і не толькі гэтым. Вось падрабязнасці.
У чым «пагроза»
Як расказаў dev.by сам айцішнік, з адукацыі ён фізік, выпускнік БДУ, па размеркаванні ў 2015 годзе трапіў на БелАЭС і дэ-факта адпрацаваў там два гады. У 2017 годзе ў яго нарадзілася дачка, і ён на тры гады сышоў у адпачынак па доглядзе дзіцяці, а пасля заканчэння дэкрэта, вясной 2020 года, звольніўся з АЭС і ўвайшоў у ІТ. У студзені 2022 года ён прыняў офер ад літоўскай кампаніі і пераехаў з сям’ёй у Вільню.
Усё ішло добра: блюкард, кватэра побач са школай і секцыямі для дзяцей (іх ужо двое), жонка таксама знайшла працу ў ІТ. Як і іншым мігрантам з Беларусі, нашаму герою ў 2022-м давялося запоўніць анкету пра мінулыя працы; адпрацоўку на АЭС ён добрасумленна пазначыў. Гісторыі з ануляваннем ДНЖ тых беларусаў, што служылі ў войску па кантракце або працавалі на стратэгічных аб’ектах РБ/РФ, у 2023-м моцна напружылі, але да нашаму чытачу прэтэнзій у той час не ўзнікла. Праблема прыйшла тады, калі не чакалі.
Здавалася, пагроза абмінула
У лютым 2024 года ў дзяцей скончыўся тэрмін ДНЖ, а ў маі 2024 — пашпартоў РБ. У прамежку паміж гэтымі дзвюма датамі бацькі звярнуліся ў Мігрыс (Дэпартамент міграцыі), прыклалі доказы таго, што не могуць паехаць у Беларусь для абмену дакументаў, і тады дзецям выдалі новыя карткі, якія дзейнічаюць даўжэй за тэрмін пашпартоў — да 2025 года (сёлета мінаў блюкард таты).
— Тады (у 2023 годзе, калі пачаліся першыя ануляванні ДНЖ беларусаў — dev.by) мы напружыліся моцна. Але за намі не прыйшлі. А калі нашыя падставы прынялі пры падаўжэнні дзіцячых ДНЖ, мы расслабіліся, — расказвае айцішнік.
Але не
Праз некалькі месяцаў пасля гэтага дарослыя са спакойнай душой падалі заяўку на праязныя дакументы для дзяцей — на тых жа самых падставах. Рашэнне міграцыйныя службы меліся прыняць на працягу 30 дзён, аднак чаканне зацягнулася на 3,5 месяца, а потым замест дзіцячых праязных дакументаў бацька атрымаў паведамленне аб ануляванні ДНЖ, так як ён працаваў на БелАЭС і, значыць, «ёсць пагрозай нацбяспецы Літвы». Наўздагон прыйшло і апавяшчэнне аб забароне на ўезд у Літву.
Так як жонка і дзеці афармляліся «прычэпам» да галавы сям'і, то іхнія ДНЖ таксама анулююцца.
Такім чынам: айцішнік мае ў самыя кароткія тэрміны пакінуць Літву. У Беларусь ён паехаць не можа. Пераехаць у трэція краіны дарослыя гіпатэтычна могуць (іх пашпарты яшчэ дзейныя), але толькі без дзяцей (у тых ані пашпартоў, ані праязных дакументаў).
Якія могуць быць рашэнні
— Зразумела, што без дзяцей мы нікуды не паедзем, — кажа айцішнік. — Цяпер я звязваюся з юрыстамі і НКА, каб вырашыць, што рабіць далей. Будзем, верагодна, падаваць у суд, аднак чакаць рашэння суда ў Літве я, здаецца, не маю права. У ідэальным свеце сям’я магла б падацца на ДНЖ на іншых падставах (сям’я не прызнаная «пагрозай бяспецы»), а я мог бы папрацаваць з трэцяй краіны, выйграць суд і вярнуцца. Аднак гэта ў ідэальным. Пакуль мы атрымліваем супярэчлівую інфармацыю ад юрыстаў: ад «паспяховых кейсаў апеляцый не было» да «такія кейсы можна вырашыць».
Магчыма, айцішніку давядзецца падавацца на міжнародную абарону.
Читать на dev.by