Пара айцішнікаў пераехала ў Аўстралію. Уражанні, цэны, жытло
Project Manager з 10-гадовым досведам Сяргей і тэхнічная пісьменніца Вераніка пераехалі ў Аўстралію, у Мельбурн, пры канцы кастрычніка мінулага года на запрашэнне працадаўцы. Праз блізка што год жыцця пара падзялілася асаблівасцямі побыту на, «пэўна, самым спакойным і сонечным кантыненце» — жытло, прырода, цэны на ежу, камунальныя паслугі, падаткі.
— Мы паспелі адкрыць візы яшчэ да пандэміі, і тады іх зрабілі нечакана для нас хутка, таму мы сталі спехам закрываць справы ў Беларусі і збіраць валізкі. Але тут здарылася пандэмія, самалёты ў Аўстралію практычна не ляталі, квіткоў не было на паўгода наперад. Толькі пры канцы 2021-га года нам усё ж такі ўдалося злавіць два апошнія квіткі па цане нашмат даражэйшай за звычайную і даляцець да Мельбурна.
Агульныя ўражанні
— Мельбурн і Сідней — самыя папулярныя гарады для іміграцыі, як вонкавай, так і ўнутранай. Гэта сталіцы двух самых густанаселеных штатаў, дзе сканцэнтраваны бізнэс, ІТ-кампаніі і ўніверсітэты. Сідней больш нагадвае Нью-Ёрк, дзе ўсе кудысьці спяшаюцца. Мельбурн — больш спакойны, расслаблены і зялёны горад. Наконт небяспечных павукоў і змей: у гарадскіх умовах іх амаль немагчыма сустрэць. У дзікай прыродзе — верагоднасць большая, асабліва ў цэнтральнай і паўночнай частцы Аўстраліі. Мы жывём на поўдні і яшчэ ні разу за цэлы год не бачылі ні велізарных павукоў, ані змей.
Цяпер у Аўстраліі канец зімы, якая пачынаецца прыкладна з канца мая. У чэрвені-ліпені ў Мельбурне бывае ўсяго 9-13 градусаў цяпла, часта ідуць дажджы і часам выглядае сонца.
Надвор’е зімой па адчуваннях падобнае да бабінага лета ў Беларусі ў кастрычніку. Снегу ў горадзе і на ўзбярэжжы тут не бывае — толькі калі паехаць углыб кантынента.
А ў летнія і вясновыя месяцы, то-бок з лістапада да сакавіка, тут у сярэднім прыемныя +25, хоць бывае і ўсе +35. Пра Мельбурн кажуць, што ў яго бывае «чатыры сезоны ў адзін дзень»: выходзячы з дому летам у шортах, лепш узяць з сабой і парасон, і куртку.
У Аўстраліі свая валюта — аўстралійскі долар (AUD). На пачатак верасня 1 USD = 1.48 AUD.
Калі падчас лакдаўну ўсе сядзелі па дамах, то глядзелі больш за звычайнае тэлевізар і чыталі навіны — шмат хто ведае пра Беларусь, што адбывалася апошнімі гадамі.
Агульную ментальнасць аўстралійцаў нельга вызначыць — тут зашмат нацыянальнасцей.
Паводле статыстыкі, кожны другі жыхар Аўстраліі мае хаця б аднаго з бацькоў, які нарадзіўся ў іншай краіне, а трое з дзесяці жыхароў — прыехалі сюды самі. Мультыкультурнасць тут ва ўсім: ад мноства варыянтаў англійскай да кухняў дзясяткаў краін свету на адной шпацырнай вуліцы.
Але можна сказаць, што большасць жыхароў Аўстраліі — жыццярадасныя, вельмі прыязныя і шчаслівыя. Яны рэдка кудысьці спяшаюцца. Людзі заўсёды гатовыя дапамагчы, пагаманіць, пасябраваць.
А яшчэ мяне ўразіла, наколькі тут усё камп’ютарызаванае: усё анлайн, праз праграмы, нават дзяржаўныя паслугі. Хай часам з пункту гледжання чалавека з ІТ ёсць пытанні да таго, як яны працуюць. Усе твае асабістыя звесткі захоўваюцца анлайн. Гатоўкай за ўвесь час я расплачвалася, можа, адзін раз: і на рынку, і ў пустыні ў кавярні будзе тэрмінал.
А яшчэ ў Аўстраліі не ставяць штампаў на ўезд і выезд з краіны, у нас у пашпарце няма аўстралійскай візы — яна электронная. У аэрапорце ты сам друкуеш свой багажны талон у аўтамаце і здаеш багаж таксама аўтамату — ніякіх стоек рэгістрацыі.
Арэнда кватэры ў Мельбурне
— Калі мы прыляцелі ў Мельбурн, усё яшчэ дзейнічалі абмежаванні, звязаныя з пандэміяй. Таму ўсе яны паўплывалі на пошук кватэры: для нас ён быў стрэсавы, бо канкурэнцыя была вялікая, і мы шмат чаго не ведалі. Пры арэндзе кватэры ці дома заключаецца кантракт з адным «але»: у выпадку заўчаснага высялення ты павінны кампенсаваць арэндадаўцу страты за час, які застаўся паводле дамовы. Часам гэтага можна пазбегнуць, але трэба абмяркоўваць усе дэталі з агентам загадзя.
Добрую кватэру па добрай цане няпроста знайсці, і на пошук можа сысці ад месяца да трох. Часта для агляду кватэры, свабоднай для арэнды, ёсць пэўныя гадзіны, калі яна адчыненая і ўсе патэнцыйныя арандатары натоўпам прыходзяць на яе паглядзець. Часам можна дамовіцца прыйсці асобна.
Пасля агляду кватэры ты падаеш заяўку праз сайт, уключна з дакументамі аб працаўладкаванні, крэдытную гісторыю, гісторыю здыму жытла, і калі ты спадабаешся ўладальніку кватэры і агенту, яны цябе ўхваляць, то тады можна заключаць дамову. Мы не мелі ніякай гісторыі, таму наш пошук быў досыць утомны.
Тут прынята вымяраць кошт арэнды за тыдзень, а не за месяц (плаціш ты ўсё адно раз на месяц, як усюды). Кватэра з дзвюма спальнямі і гасцёўняй за тыдзень каштуе ў межах ад 400 да 600 AUD (270 да 400 USD) у залежнасці ад раёна і аддаленасці ад цэнтра.
У новых кватэрах часцей за ўсё будуць вялікія вокны ў падлогу і працоўны востраў на кухні, які падзяляе кухню і гасцёўню. У новых дамах прынята мець такую ж колькасць санвузлоў, колькі і спальняў. У старых дамах, пабудаваных больш за 10 гадоў таму, такога не сустрэнеш. А наогул тут любяць жыць у доме, каб ён быў з невялікім садам і зонай для барбекю. Па кошце яны звычайна не надта даражэйшыя за кватэру.
Здаецца жытло ў Аўстраліі амаль пустым: самастойна трэба купляць і мэблю, і тэхніку. У нас пры заездзе ў кватэру была толькі кухня, пліта і ўбудаваная пасудамыйка.
Камунальныя плацяжы ў нас складаюцца ў асноўным з аплаты за электрычнасць: за месяц набягае каля 150-180 AUD (101-121 USD).
Цяпер літр бензіну каштуе 1,7 AUD (1,14 USD). Ужываную машыну можна купіць за 5 тысяч AUD (каля 3,8 тысяч USD) узростам 10 гадоў з прабегам крыху большым за 20 тысяч (калі пашанцуе, часцей — усё ж такі больш), і яна будзе ў добрым стане, бо машыну выкарыстоўваюць тут часта толькі ў краму на закупы і для паездак да сваякоў.
Колькі каштуюць прадукты ў Аўстраліі
— Прадуктамі мы закупляемся раз на тыдзень, і на сям’ю з двух чалавек сыходзіць прыкладна 200 AUD (135 USD) у супермаркеце. У кошык кладзём штосьці з мяса, рыбы, гародніну, садавіну, шакалад. Таксама часта купляем штосьці з прадуктаў на рынках і ў спецыяльных крамах, напрыклад, гародніны.
Хлеб каштуе 4 AUD (2,7 USD), свежы ў пякарні — ад 6 AUD і больш (ад 4USD). Два стэйкі са звычайнай ялавічыны каштуюць 16-18 UAD (11-12 UAD).
Самае распаўсюджанае мяса тут — ялавічына і бараніна. Курыца ёсць, але ядуць яе менш, чым у Беларусі. А яшчэ вы нідзе тут не знойдзеце замарожанага мяса або рыбы — усё заўсёды свежае.
Французскія і італьянскія сыры прывозяць з Еўропы, таму яны тут даражэйшыя за мясцовыя. Але мы ўжо прывыклі да мясцовага аўстралійскага, ён таксама вельмі смачны, і, напрыклад, бры будзе каштаваць каля 10 AUD (амаль 7 USD) за звычайны невялікі кавалак.
Часам мы ходзім у простую італьянскую рэстарацыю каля дома, і вячэра з дзвюма стравамі, дзвюма закускамі і двума келіхамі віна тут абыходзіцца нам прыкладна ў 120 AUD (81 USD). У больш папулярным, турыстычным месцы можна заплаціць да 300 AUD (200 USD) за падобны набор на дваіх. Амерыкана каштуе ў раёне 4-5 долараў (2-2,5 USD).
Ахова здароўя
— Прылятаючы ў Аўстралію, на руках мусіць быць прыватная медстрахоўка. За яе пачынаеш плаціць у дзень перасячэння мяжы. На сямейную пару страхоўка з сярэднім наборам опцый паслуг выходзіць каля 400 AUD на месяц (270 USD). Страхоўка пакрывае толькі частку выдаткаў пры звароце ў медустанову — 60-80% у залежнасці ад аказання паслугі. А некаторыя паслугі могуць быць бясплатнымі і ісці бонусам.
Лячэнне ў бальніцы (амбулаторны стацыянар) страхоўка пакрывае цалкам. Але можа распаўсюджвацца і на такія паслугі, як лячэнне ў астэапата і нават акупунктуру, паслугі псіхатэрапеўта і псіхіятра. Напрыклад, сеанс у астэапата каштаваў 100 AUD (68 USD), з якіх страхоўка пакрыла каля 75 AUD.
Праз кавід тут вялікі недахоп дактароў, таму нам расказвалі знаёмыя, што можна правесці пару гадзін у прыёмным пакоі бальніцы. Да вузкага спецыяліста запісваешся загадзя, за адзін-два тыдні, карацей, як пашанцуе.
Даходы і падаткі ў Аўстраліі
— Айцішнікі ніяк асабліва не вылучаныя ў Аўстраліі: яны такія ж спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, як і іншыя. Твой заробак будзе залежаць ад досведу і тваіх унікальных навыкаў, усё як усюды, і атрымліваць ты будзеш ад 80 да 150 тысяч AUD (55 да 102 тысяч USD) на год у сярэднім (брута). Заробак звычайна выплачваецца кожныя два тыдні.
У Аўстраліі прагрэсіруючая падатковая стаўка, і, напрыклад, зарабляючы 120 тысяч AUD на год (брута), на падаткі ты аддасі 30% прыбытку. Сярэдні даход тэхнічнага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй — 80-100 тыс. AUD (54 — 68 тыс. USD) на год.
Мінусы:
- Агульны ўзровень цэн. Усё, што імпартнае, завозіцца альбо морам, альбо паветрам, і цана за такую лагістыку адбіваецца на гаманцы пакупніка.
- Тэхнічныя навінкі тут з’яўляюцца са спазненнем. Напрыклад, прыстаўку Play Station 5 дастаць складана ў вольным продажы. Або прадукты Apple тут даражэйшыя, чым у ЗША ці Еўропе. Напрыклад, Iphone 13 Pro каштуе 2200 AUD (1500 USD).
- Адсутнасць цэнтральнага ацяплення. Нельга прыйсці пасля працы ў цёплую кватэру. Даводзіцца чакаць, пакуль кандыцыянер надзьме цёплага паветра за 30-40 хвілін. Мы вырашылі гэтую праблему купляй разумнага абагравальніка.
- Мова. Нават з узроўнем C1 першым часам прыйдзецца адаптавацца да аўстралійскіх асаблівасцей і вымаўлення.
- Адлегласць. Цяпер на дарогу на еўрапейскі кантынент трэба выдаткаваць чатыры дні (туды-назад), і некалькі тысяч долараў на квіткі. То-бок, каб з’ездзіць у Мінск, трэба ўзяць паўнавартасны адпачынак тыдні на тры. І калі да дарогі можна маральна падрыхтавацца, то да доўгага расстання з роднымі і сябрамі — не.
А скончыць хочацца плюсамі:
— У гэтым мінусе — у адлегласці — ёсць цяпер і плюс: Аўстралія знаходзіцца далёка ад усіх гарачых падзей, і хоць людзі ў нашым асяроддзі тут усё ведаюць, але менш пра гэта размаўляюць — тут іншыя праблемы (напрыклад, выбары прэм’ер-міністра і паводкі ў суседнім штаце). Таму нам, напэўна, крыху лягчэй.
Звязаны з першым плюс: паколькі гэта краіна мігрантаў і прыезджых па працы з усіх краін свету, тут няма ніякай напружанасці праз колер твайго пашпарта.
Самы галоўны плюс — у Аўстраліі шыкоўная прырода, і тут ёсць усё: акіян, горы, лясы, пустыні, вёскі і хмарачосы. Шмат дзікай прыроды, да якой лёгка дабрацца на машыне. Кожныя выходныя ты можаш мяняць ландшафт і падарожнічаць, а да акіяна ад нашага дома — пару станцый метро.
Падарожнічаць унутры краіны вельмі даступна: квіткі на самалёт каштуюць крыху даражэй за квіткі ў тэатр. Гэта падобна да маршрутак, дзе няма ніякіх праверак і ніякага камфорту — падобна да еўрапейскіх лаўкостаў.
Яшчэ тут расце ўся садавіна і гародніна, шмат фермерскіх гаспадарак.
Цяпер для нас гэты пераезд — больш як прыгода. Рана казаць, ці задаволеныя мы, ці не, але плюсаў больш, чым мінусаў. Магчыма, гэта найлепшае месца, каб перачакаць перыяд турбулентнасці ў свеце.
Читать на dev.by