«Мая галера — анклаў дыктатуры ўнутры свабоды». 3 гісторыі айцішнікаў пра Берлін

Беларускія айцішнікі пераехалі ў Берлін і падзяліліся ўражаннямі аб жыцці ў сталіцы Германіі. Вось іх гісторыі. 

55 каментарыяў

Гісторыя 1. Мінск — Берлін — Варшава

— У Германію я пераехаў у 2020 годзе. Пра жыццё ў гэтай краіне ніколі асабліва не задумваўся. Хутчэй заўсёды была думка наконт пераезду ў ЗША. Усё пачалося з таго, што ў лінкедзін прыйшла рассылка з прапановай прайсці сумоўе ў кампанію, якая здалася мне цікавай. Гэта быў AWS (Amazon Web Services).

Я не асабліва верыў у паспяховасць гэтага мерапрыемства, але вырашыў паспрабаваць. Прайшоў неабходныя этапы інтэрв’ю і вельмі доўга чакаў job offer праз тое, што каманда, у якую мяне хайрылі, толькі стваралася. У выніку я атрымаў офер праз пяць месяцаў. Мы з жонкай параіліся і вырашылі, што не варта выпускаць шанец пажыць у іншай краіне і атрымаць каштоўны досвед працы.

Легалізацыя

Першапачаткова я атрымліваў Blue Card. З гэтым дапамагала кампанія-партнёр. У Amazon ёсць кантракты з такімі кампаніямі.

Для атрымання Blue Card былі стандартныя патрабаванні:

  • дамова на арэнду жытла;
  • працоўная дамова;
  • дыплом, перакладзены на нямецкую мову (з апастылем);
  • анкета з фота;
  • пасведчанне пра шлюб.

Я выслаў неабходныя дакументы, у кампаніі запоўнілі анкеты. Маёй спецыяльнасці не было ў базе дыпломаў, таму прыйшлося месяц чакаць пацверджання. У патрэбны час мы падалі дакументы, заплацілі па 100 еўра за пластык і праз 2-2,5 месяцы атрымалі яго па пошце.

Blue Card выдаецца пры пэўным узроўні заробку. У 2022 годзе для інжынераў ён складаў 44+ тысячы еўра на год (брута).

Жонка таксама ўладкавалася на працу ў ІТ-кампанію ўжо пасля пераезду ў Берлін, і калі атрымлівала Blue Card, усё рабіла сама. 

Blue Card выдалі на 4 гады. У Германіі ў яе ёсць перавагі:

  • магчымасць атрымаць ПМЖ праз 18 месяцаў з веданнем нямецкай на ўзроўні B1;
  • магчымасць атрымаць ПМЖ праз 33 месяцы з веданнем нямецкай на ўзроўні A1.

У Берліне мы пажылі паўтара года. Не магу сказаць, што сутыкаліся з нейкімі праблемамі. У цэлым Германія — талерантная краіна, а Берлін — мультыкультурны горад. Вядома, ёсць свае плюсы і мінусы.

Плюсы

  • Добра развітая сетка грамадскага транспарту.
  • Клопат аб экалогіі (шмат паркаў, досыць чыстае паветра).
  • Адносна іншых гарадоў Германіі ў Берліне ўсё нядрэнна з англійскай.
  • Заўсёды можна знайсці доктара, які размаўляе на англійскай і нават на рускай.
  • Берлін — гэта развіты IT-hub, у горадзе шмат ІТ-кампаній.
  • Вялікая разнастайнасць кавярняў/крам.
  • Заходняя частка Берліна досыць прыгожая.
  • Лёгка падарожнічаць.

Мінусы

  • Дарагая нерухомасць.
  • Складанасці з пошукам жытла ў арэнду праз высокі попыт (у выпадку з доўгатэрміновай арэндай трэба выйграць конкурс сярод некалькіх дзясяткаў чалавек).
  • З беларускім пасведчаннем кіроўцы можна ездзіць толькі паўгода, а потым абавязкова пераздаваць, а гэта каштуе больш за тысячу еўра.
  • Высокія падаткі і сацыяльныя зборы (з прагрэсіўнай шкалой).
  • Прыблізна варта арыентавацца на 38-42% ад даходу брута.
  • У Берліне бруднавата, шмат графіці.
  • Медыцынскае абслугоўванне.
  • Аплата гатоўкай. У многіх кавярнях і крамках (асабліва невялікіх) часцяком немагчыма расплаціцца картай, таму прыходзіцца трымаць гатоўку пры сабе.
  • Якасць сэрвісу. Усё рана закрываецца, часцяком нават да 18:00.
  • Месцамі ёсць перагіны з фрывольнасцю, на мой погляд. Напрыклад, у цэнтры горада могуць спакойна загараць нудысты або на парадзе маршыраваць аголеныя людзі.

Жытло

За паўтара года ў Берліне мы паспелі пажыць у трох кватэрах. Шукалі іх праз Wunderflats — гэта сэрвіс арэнды мэбляванай нерухомасці.

Першапачаткова вырашылі не залазіць у доўгатэрміновую арэнду, бо не былі ўпэўненыя, што гэты горад нам падыходзіць. Бо з доўгатэрміновай арэнды можа быць праблематычна выйсці.

Звычайна доўгатэрміновыя дамовы любяць складаць адразу на некалькі гадоў (часам і на 5-10 гадоў). Каб з’ехаць з такой кватэры, трэба будзе абавязкова знайсці іншага арандатара, якога ўхваліць лэндлорд. Да таго ж кватэры на доўгі тэрмін амаль заўсёды здаюцца без мэблі і часцяком нават без кухні. Калі вырашыцеся з’ехаць, то мэблю прыйдзецца вывозіць/спрабаваць прадаць.

Праз Wunderflats кватэры можна арандаваць на 1-2 гады або на менш працяглы перыяд. Для заключэння кантракта патрабуецца працоўная дамова, выпіскі з банка. Сэрвіс правярае вашую плацежаздольнасць і крыніцы даходу ў Германіі.

Мінімальна за арэнду мы плацілі 1300 еўра на месяц, максімальна — 1500 еўра. У гэты кошт уваходзіла плата за камуналку і інтэрнэт, а ў самай першай кватэры яшчэ і за клінінг. Цяпер цэны выраслі. Калі мы з’язджалі з апошняй кватэры, яе арэнда складала 1650 еўра.

Іншыя выдаткі

Мы асабліва не вялі падліку выдаткаў. Да таго ж прыехалі ў перыяд жорсткага лакдаўну, там асабліва нічога не працавала.

На прадукты на месяц сыходзіла прыкладна 600 еўра. Выдаткаў на транспарт амаль не было, бо праязны білет аплачвала кампанія, а аўтамабіля мы ў Германіі не набывалі. 

Прыкладна 200 еўра на месяц сыходзіла на дастаўку ежы. Сярэдні чэк у годнай кавярні/рэстаране — прыкладна 70 еўра на дваіх без алкаголю.

Папулярныя лакальныя праграмы ў Берліне

  • Liferando — дастаўка ежы з рэстаранаў.
  • Gorillas — хуткая дастаўка прадуктаў з крамы.
  • MedPex — дастаўка лекаў з аптэкі.
  • FreeNow — таксі.
  • CoronaWarn — інфармацыя пра зробленыя вакцыны ад кавіду.

Медыцына

У Германіі абавязковае медыцынскае страхаванне. У нас была дзяржаўная медыцынская страхоўка. Гэта частка сацыяльных унёскаў — нешта каля 14% ад даходу.

Найманыя працаўнікі маюць права перайсці на прыватнае медыцынскае страхаванне, калі гадавы даход перавышае 66,6 тысячы еўра. У гэтым выпадку выдаткі залежаць ад веку і стану здароўя. То-бок прыватнае страхаванне таннейшае, пакуль ты малады і здаровы, але дзяржаўнае дае магчымасць уключыць у страхоўку ўсю сям’ю (дзяцей і беспрацоўнага мужа).

Для нас хварэць у Германіі выявілася нядорага. За паўтара года са сваёй кішэні мы аплачвалі толькі нейкія медыкаменты ў аптэцы, і тое не ўсе.

Што тычыцца якасці абслугоўвання, то, напрыклад, «дыягнастычная» медыцына тут не тое каб дрэнная. Але гэта не зусім тое, што звычайна ўяўляюць людзі.

Звычайны прыём у доктара-спецыяліста можа стаць праблемай. Можна чакаць прыёму і месяц. Таксама тут любяць усё лячыць ібупрафенам/гарбатай/супчыкамі і шпацырамі на свежым паветры. Але калі раптам трапіце ў шпіталь, вас будуць ратаваць, выкарыстоўваючы перадавыя тэхналогіі. У гэтым плане ў Берліне ўсё на найвышэйшым узроўні.

Пераезд у Польшчу

Жыццё ў Германіі падарыла нам бясцэнны прафесійны і жыццёвы досвед. Але некалькі месяцаў таму мы вырашылі пераехаць у Варшаву.

Там у нас ёсць сябры і знаёмыя. Акрамя таго я вырашыў сысці з AWS і цяпер працую наўпрост на амерыканскую кампанію. У Германіі вельмі высокія падаткі і сацыяльныя зборы, а ў самазанятасці яны могуць быць нават большымі, ніж пры найманай працы. Польшча ў гэтым плане крыху лаяльнейшая. Ды і ў цэлым неяк Варшава бліжэйшая па духу. Але я не выключаю, што, пажыўшы тут нейкі час, мы паедзем куды-небудзь яшчэ.

Гісторыя 2. «Нямецкая галера — найгоршае месца за 15 гадоў у ІТ»

— У Германію я рэлакаваўся разам з жонкай пры канцы чэрвеня 2022 года. Выбралі краіну, бо дзейнічалі як апартуністы, выкарыстаўшы раптоўную магчымасць з’ехаць менавіта туды — мяне сханцілі на лінкедзіне і зрабілі офер. Так атрымалася, што апошнія інтэрв’ю я праходзіў ужо пасля пачатку вайны ва Украіне. Стан быў нервовы, магчымасць эвакуявацца ў заможную Германію — прывабная.

Плюсы

  • Няма рызыкі быць рэпрэсаваным.
  • Няма рызыкі быць адпраўленым на вайну.
  • Ежа ў супермаркетах вышэйшай якасці, ніж у Беларусі.
  • Спажывецкі рай — адзенне, Amazon з Ebay ды іншымі «аліэкспрэсамі».
  • Няма межаў паміж краінамі Еўрасаюза, можна падарожнічаць.
  • Захапляецеся начным жыццём, мастацтвам, урбанізмам, хіпстарствам — сардэчна запрашаем.
  • 90% сустрэтых немцаў выявіліся станоўчымі, прыемнымі, прыязнымі людзьмі. З дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы па-за межамі працы пакуль не сутыкаўся.
  • Добрая інфраструктура для раварыстаў.

Мінусы

  • Слабая нямецкая можа быць праблемай. Мне, напрыклад, не раз даводзілася адчуваць стрэс на гэтай глебе. Так, у Берліне амаль усе добра размаўляюць па-англійску і шмат тых, хто панаехаў. Але ў любой сацыяльнай сітуацыі з мясцовымі да вас звернуцца па-нямецку і будуць чакаць, што вы разумееце і адкажаце таксама па-нямецку.
  • Нямецкая бюракратыя. Хочаце знайсці жытло, будзьце гатовыя запаўняць пачкі незразумелых дакументаў на нямецкай.
  • Усё занадта павольна. Атрымаць рэгістрацыю — павольна. Мусілі даслаць яе на хатні адрас, але доўга не слалі і давялося ісці ў мясцовы «выканкам» самастойна. Дастаўка тавараў — павольна. Можна чакаць заказаную вопратку, бытавую тэхніку, касметыку некалькі дзён/тыдняў.
  • Інтэрнэт часам штарміць, і гэта тыповая праблема ў Германіі. Працуеце з дому, будзьце гатовыя, што раптам падчас кола вы «адваліцеся». Рашэнне — мясцовая сімка з інтэрнэтам, які ў выпадку ахтунгу можна расшарыць з вашым камп’ютарам.
  • Энтэртэйнмент. Дома захапляўся рознымі актыўнасцямі — рыба, паходы, вогнішча ў лесе ў душэўным месцы. У Германіі вымушаны часткова пра гэта забыцца. Рыба — толькі калі вывучыліся на рыбара, здалі экзамен, атрымалі сертыфікат, які пацвярджае, што вы сертыфікаваны і паважаны рыбар. Рыбу адпускаць няможна — гэта злачынства. Вогнішча — толькі ў спецыяльных абсталяваных месцах.
  • Лахатронскі курс долара да еўра. За 100 баксаў дадуць 90 еўра. Гэта інфармацыя для беларусаў, якія плануюць пераехаць сюды з гатоўкай у баксах.
  • Вельмі дорага.
  • Гатоўкі ў выпадку аплаты за арэндную кватэру тут не бяруць. Магчымае выйсце — па прыездзе па-хуткаму пайсці ў банк, адкрыць рахунак і пакласці грошы туды.

Адкрыць рахунак у Берліне не складана. Але выбар нескладаных банкаў — дзе вам могуць адкрыць рахунак хутка, без пякельнай бюракратыі — абмежаваны.

На маю думку, найлепшы банк у гэтым сэнсе — Revolut. Віртуальны банк (фізічныя карты таксама даступныя), нагамі нікуды ісці не трэба. 15 хвілін — і ў вас бясплатная віртуальная карта на 5 гадоў. Базавая фізічная карта каштуе каля 8 еўра (аднаразова). Яе дашлюць на фізічны адрас прыкладна праз тыдзень пасля рэгістрацыі.

Яшчэ адзін банк, які рэкамендуюць для базавага выжывання ў Берліне — N26. Ім я пакуль не карыстаўся. Класічны банк, дзе вам адкрыюць рахунак нават без residence permitа — Deutsche Bank.

У цэлым цяпер пераезд у Германію адчуваецца як жорсткі адкат на 10 гадоў назад. У Беларусі мы жылі з камфортам, у добрай уласнай кватэры з класным рамонтам пад сябе. У нас было дзве машыны, адная з якіх мажорная. Зараблялі абое, грошай не лічылі. Быў круг зносін. Бацькі, сваякі і сябры — у даступнасці.

А ў Берліне ў нас няма нават ровара, бо раён дрэнны, могуць скрасці. Няма машыны. Трэба мяняць пасведчанне, але рэсурсаў на гэта няма, увесь час альбо праца, альбо бытавуха. Рыхтуюся да абсурду, бюракратыі, сацыяльных сітуацый на нямецкай, фрустрацыі і дэпрэсіі. Прайшоўшы энную колькасць цыклаў экзістэнцыйнага непатрэбства, спадзяюся, змагу атрымаць пасведчанне і купіць сабе якую-небудзь машыну.

Жытло

Рынак жытла пад вялікім ціскам. Попыт велізарны, цэны высокія, прапаноў мала. Кватэру можна безвынікова шукаць месяцамі. З пачаткам вайны ва Украіне гэтая сітуацыя пагоршылася.

У дадзены момант мы жывем у 18-ці павярховым саўковым пачварным чалавейніку ў стылі бруталізму ў цэнтры Берліна, у некамфортнай кватэры, якая каштуе шалёныя 1600 еўра на месяц. Ужо больш за месяц мы шукаем новую кватэру ў рэжыме нон-стоп.

Дзе шукаць жытло ў Берліне

Папулярныя агрэгатары арэнднага жытла:

  • immobilienscout24.de
  • immowelt.de

Сайт-агрэгатар забудоўшчыкаў inberlinwohnen.de

Facebook, Instagram, Ebay

Самы эфектыўны пакуль — пошук на immobilienscout24.de. Там больш за ўсё прапаноў і запрашэнняў на прагляд. Мы за ўвесь час адправілі 78 запытаў, 4 разы нас запрасілі паглядзець кватэру, спадабалася адная, але аддалі яе не нам.

Мы яшчэ ні разу не атрымлівалі афіцыйнай адмовы, нас проста ігнаруюць. Тут можа быць дзве прычыны.

  1. Мы недастаткова хутка дасылаем арэндадаўцу ўсе неабходныя дакументы, і ён выбірае кагосьці іншага. Недастаткова хутка — гэта ад некалькіх гадзін пасля прагляду кватэры да двух дзён.
  2. Мы слаба размаўляем па-нямецку. Мне здаецца, гэта галоўная прычына.

Усе арэндадаўцы, з якімі мы беспасярэдне мелі справу — немцы. На прагляд кватэры вы часта прыходзіце не адзін, там яшчэ шмат іншых патэнцыйных арандатараў, большасць/палова з якіх — немцы. Чакана, што немец-арэндадаўца аддасць перавагу немцу-здымшчыку, які больш-менш выклікае давер, ніж замежніку, з якім складана ўсталяваць кантакт праз моўны бар’ер.

ІТ у Германіі

 — ІТ у Германіі пакуль выглядае як поўны трэш у параўнанні з Беларуссю. Магчыма, гэта не з’яўляецца ўніверсальнай праўдай, а проста мне не пашанцавала з галерай.

Я працую ў аўсторсінгавай кампаніі са штатам у 20 тысяч чалавек. За мае 15 гадоў працы цяперашняя галера — гэта найгоршае месца і найгоршыя ўмовы працы. Можа быць тут не ўсюды так, але мой досвед вельмі негатыўны.

Паводле адчуванняў, у Беларусі ІТ-галеры, дзе я працаваў, уяўлялі сабой анклавы свабоды ўнутры бурлівай дыктатуры. У Германіі мая ІТ-галера падобная да анклаву дыктатуры ўнутры свабоды. Напрыклад, у Беларусі можна было атрутна-саркастычна, без цэнзуры сцябацца з калегамі са сваёй галеры або CEO, быць таксічным шавіністычным тролем. У Германіі так не прынята. Людзі трымаюць дыстанцыю і маўчаць. За ўсмешкамі і small talk адчуваецца фальш і напружанне.

Галера, у якой я працую ў гэты момант, заяўляе пра сябе як пра кампанію, дзе інклюзіўнасць і дывёрсіці — адныя з галоўных каштоўнасцей. Ёсць нават дырэктар па інклюзіўнасці і дывёрсіці.

Барацьба людзей за свае правы — гэта важна, Я падтрымліваю. Але калі вы, інклюзіўны інтраверт, пачнеце цкаваць, напрыклад, інклюзіўную тусоўку экстравертаў, вас спачатку зацэнзураць, потым асудзяць і выганяць. Пра якую дэмакратыю і інклюзіўнасць тут вядзецца? Увогуле, калі вы маргінал, то вам няможна быць сабой. Трэба гуляць у тэатр прыемнай персоны, якая ўмее ў small talk.

Нізкі ўзровень ІТ-культуры супрацоўнікаў

Галоўная тыкетавая сістэма кампаніі — Jira. Але карыстацца ёю нават на базавым узроўні не ўмеюць. Прычым гэта тычыцца і ІТ-персаналу, і звычайных юзераў.

Звычайныя юзеры мараць, каб тыкеты сабміціліся са слэка, а яшчэ лепш — проста з іх галавы, Jira для іх недастаткова фрэндлі і вельмі складаная. ІТ-персанал, замест таго каб юзаць Jira як мае быць хоць бы на базавым узроўні, гарадзіць у ёй няўяўны трэш. Напрыклад, замест таго, каб усяму ІТ-аддзелу працаваць у адным кансалідаваным глабальным JSM праекце, ствараюць пачкі лакальных ізаляваных JSM праектаў, у найлепшым выпадку па адным на каманду. Потым спрабуюць мыліцамі іх сінхранізаваць, гэта не працуе, закупляюць больш магутнасцей.

Вялікі аб’ём працы

Першыя некалькі месяцаў даводзілася працаваць па 60+ гадзін на тыдзень. Гэта вынік адсутнасці працэсаў і людзей, якія могуць выконваць працу, і прысутнасці менеджменту, які нічога не разумее і душыць і якому патрэбны «зноў рост».

Самадурства і некампетэнтнасць менеджараў

Каля пяці гадоў карпаратыўны Atlassian instance нікім не супорціўся. А дакладней — усімі запар, але не людзьмі з профільнымі скіламі. Цяпер патрэбныя гады, каб ліквідаваць праблемы.

Кажаш ІТ-менеджарам: «Трэба сінхранізаваць Google з Atlassian». Не разумеюць, што гэта значыць і нашто гэта. Я дапускаю, што гэта можа быць незразумела ў аддзеле тэсцераў або дэвелапераў ці нават проджэкт-менеджараў, але не ў ІТ-аддзеле, які займаецца Google і Atlassian.

Найманне

У кампаніі працуе задроцкі працэс наймання супрацоўнікаў. Па выніках інтэрв’ю інтэрв’юер запаўняе score card, дзе піша ўсе «за» і «супраць» пра кандыдата. Усе важныя decision-makers маюць доступ да гэтай карткі і могуць/мусяць у падрабязнасцях пачытаць. Аднойчы майму менеджару прыйшоў у галаву афігенны паляпшайзінг працэсу. Ён паведаміў мне, што цяпер пасля кожнага інтэрв’ю я маю яму голасам расказваць, пераконваць, чаму нам патрэбны ці не патрэбны той ці іншы кандыдат.

Яшчэ прыклад. Аднойчы менеджар вырашыў зрабіць новы паляпшайзінг і загадаў усім сваім direct report раніцай кожнага панядзелка высылаць ліст усёй камандзе, дзе будзе напісаная твая галоўная мэта на гэты тыдзень. Можна, вядома, сказаць, што ён, пэўна, хацеў нас дысцыплінаваць або прапампаваць нашыя скілы. Ён бы яшчэ загадаў відос з Шаем Ла-Бафам глядзець кожную раніцу панядзелка.

Пра беларусаў

Нядаўна ў нашую галеру прыйшоў беларус. Гэта пакуль адзіны суайчыннік, з якім я пагутарыў (віртуальна) у Берліне.

З іншымі беларусамі пакуль не камунікую. Па-першае, дэпрэсняк штурхае мяне ў ізаляцыю, не хочацца гутарыць. Па-другое, не хочацца выходзіць з зоны камфорту і прапаноўваць камусьці камунікацыю. Па-трэцяе, па дэфолту я інтравертаваны беларус, тыповыя паводзіны для мяне — убачыць беларуса і перайсці на другі бок вуліцы. Але так было да жніўня 2020. А цяпер свет перавярнуўся і час дыктуе іншыя ўмовы. Так што, убачыўшы беларуса на вуліцы, абавязкова захачу з ім душэўна пагутарыць.

Гісторыя 3. «Нямецкі пашпарт здаецца выгаднай інвестыцыяй»

— Працу ў Германіі я пачаў шукаць літаральна праз пару тыдняў пасля выбараў 2020 і ўсяго, што адбылося адразу пасля іх. Вакансіі шукаў на LinkedIn, на парталах Stepstone, XING і ў раздзеле вакансій на Github. Па заробку завышаных чаканняў у мяне не было, я ведаў, што прыкладна на 60 тысяч еўра на год брута можна жыць усёй сям’ёй, на гэтую суму і арыентаваўся.

Я адгукнуўся прыкладна на 50 вакансій FЕ-developer узроўню middle і senior. Крыху больш за месяц рассылаў рэзюмэ, праходзіў сумоўі, рабіў тэставыя заданні. Усе сумоўі ў асноўным былі праз Google Meet, радзей Skype. Ніякіх адрозненняў ад беларускіх кампаній у працэсе сумоўяў я не згадаю. Звычайна гэта быў першы сазвон з HR, далей тэхнічнае інтэрв’ю альбо тэставае заданне і потым інтэрв’ю. Працоўная мова — англійская, пара сумоўяў на рускай. Не ўсе кампаніі былі гатовыя перавозіць людзей з-за межаў ЕС, усё гэта клапотна і доўга.

Усяго прайшоў каля 17 сумоўяў. У выніку 1 кастрычніка атрымаў офер і адразу ўзяўся за афармленне ўсіх дакументаў і віз.

Як жа проста і хутка ўсё рабілася тады. На пачатку снежня 2020 мы ўжо прыбылі ў Берлін, можна сказаць яшчэ першым эшалонам эмігрантаў. «Белавія» тады лётала прамым рэйсам. Пераехаць дапамагала кампанія, нанятая працадаўцам — аператыўна адказвала на пытанні, знайшла часовае жытло, сустрэла ў аэрапорце Берліна.

Легалізацыя

Паводле дыплома я інжынер па радыёэлектроніцы, прыйшоў у ІТ яшчэ ў 2015 годзе. Паколькі дыплом не зусім профільны, прыйшлося выдаткаваць шмат часу і сіл на яго пацвярджэнне, перасылаць дакументы ў Германію і чакаць адказу. Гэта трэба было, каб прэтэндаваць на Blue card. Мабыць, гэта было найбольш пакутлівым з усёй эпапеі пераезду. У астатнім усё прайшло гладка. Кампанія кампенсавала большую частку выдаткаў, якую я змог пацвердзіць дакументальна.

Увосень я ўжо планую атрымаць пастаяннае рэзідэнцтва і далей жыць тут як мінімум да атрымання грамадзянства. Да таго ж цяпер актыўна спрашчаюць патрабаванні да мігрантаў і неўзабаве для атрымання грамадзянства не трэба будзе адмаўляцца ад грамадзянства РБ. Нямецкі пашпарт выглядае выгаднай інвестыцыяй.

Плюсы/мінусы

Я не бачу ніводнага сур’ёзнага мінусу Германіі для мігранта, акрамя, быць можа, цяжкасцей спачатку праз няведанне нямецкай і праблем з пошукам жытла. У астатнім умовы прывабныя нават для неайцішнікаў: шукаеш працадаўцу, атрымліваеш звычайную працоўную візу і едзеш.

З асаблівасцей адаптацыі я б вылучыў:

  • вялікія чэргі ў дзяржустановы;
  • складанасці і жорсткія абмежаванні ў часы пандэміі і лакдаўну;
  • высокія цэны на паліва;
  • камунальныя плацяжы і жытло;
  • адставанне краіны ў плане якасці інтэрнэту і лічбавых паслуг;
  • спрэчная медыцына і бюракратычныя замарочкі.

Пры гэтым тут вельмі камфортнае безбар’ернае асяроддзе, зручная сетка транспарту, клопат аб экалогіі і бытавым камфорце людзей. Таксама добры work-life баланс, бяспека на дарогах, якасць прадуктаў, доступ да інструментаў інвеставання, шырокі рынак працы, выгоды і перспектывы для дзяцей у плане адукацыі і развіцця.

Берлін — мультыкультурны і цікавы, гісторыя горада ўнікальная. Да таго ж тут прасцей адаптавацца з англійскай мовай, часта можна пачуць і рускую гаворку.

Жытло

Першае і другое арэнднае жытло дапамагла знайсці рэлакейт-кампанія, якая суправаджала. Арэнда часовых абсталяваных усім неабходным кватэр даражэйшая. За двушку недалёка ад цэнтра горада ў нас сыходзіла 1300 еўра. І гэта лічылася недарагім варыянтам.

У арандаваным жытле мы пражылі паўтара года да пераезду ва ўласнае. Купілі ў крэдыт двушку плошчай 64 квадратныя метры ў доме 1997 года, з утульным дворыкам, ліфтам, падвалам і балконам у ціхім спальным раёне на паўночным усходзе Берліна. Побач дзіцячы садок, школа, басейн, аўтобус і трамвай, а таксама возера і паркі.

Кватэру шукалі самі праз мясцовы партал для пошуку жытла immobilienscout24.de. Нам пашанцавала знайсці хутка, нягледзячы на недахоп добрых варыянтаў і высокі попыт. Кватэра дасталася з усёй маёмасцю ранейшых гаспадароў, якія з’ехалі з Германіі. Застаўся нават посуд, кветкі, іншыя бытавыя дробязі. Гэта велізарная эканомія часу і сіл — пераезд на ўсё гатовае заняў у нас літаральна дзень.

Усе пытанні з банкам ды іпатэкай дапамагаў вырашыць фінансавы кансультант, а афармленне ўгоды праходзіла праз натарыуса. Іпатэку афармлялі яшчэ да падзей лютага 2022. Тады беларусам было куды прасцей атрымаць крэдыт і працэнт быў смешны: нам удалося ўзяць пад 1,07%. Пасля лютага разагналася інфляцыя, энергакрызіс, стаўкі рэзка пайшлі ўверх — да 4-6% гадавых, як і кошты на ўсё.

Для выдачы крэдыту спатрэбіўся першы ўнёсак у памеры 10% плюс сродкі на аплату натарыуса і падаткаў, а таксама адэкватны даход. Да чалавека з ПМЖ або грамадзяніна патрабаванні былі яшчэ ніжэйшымі, а працэнт прывабнейшым.

Крэдыт нам выдалі на 10 гадоў, стаўка па іпатэцы фіксаваная. Месячны плацеж таксама фіксаваны — 800 еўра, які ўжо пачала актыўна есці інфляцыя. Праз 10 гадоў можна будзе альбо выплаціць рэшту сумы разам (калі будзе рэшта), альбо ўзяць новы крэдыт пад актуальны працэнт.

Агульныя выдаткі

Мы ўтрох жывем прыкладна на 1500 еўра на месяц, яшчэ каля 1200 еўра сыходзіць на плацяжы па іпатэцы і камуналку. Увогуле, больш-менш камфортна сям’я з дзіцем пачынае сябе адчуваць з прыбыткам ад 3500 еўра чыстымі.

Медыцына

У Германіі ў нас нарадзілася дзіця. Яшчэ да родаў, адразу па прыбыцці ў Берлін, жонка запісалася ў клініку Charite і дамовілася нараджаць там. Асобна знайшла рускамоўнага доктара для вядзення цяжарнасці. Усё гэта пакрывалася на 100% маёй звычайнай дзяржаўнай медстрахоўкай.

Страхоўка ў Германіі абавязковая і каштуе дорага — каля 15% месячнага даходу адлічваецца аўтаматычна. Пры гэтым працаўнік плаціць 8%, яшчэ 7% даплачвае працадаўца. Залежныя сямейнікі ўпісваюцца ў страхоўку працоўнага сужэнца без даплат.

Пасля нараджэння дзіцяці першы год мы атрымлівалі дапамогу 519 еўра на месяц. Далей сума знізілася да 219 еўра, а ад гэтага года паднялася да 250 на месяц. Дапамога плаціцца аж да 18-годдзя.

Дарэчы, важны нюанс. Пасля нараджэння дзіцяці ў нас сышоў цэлы год на выраб усіх дакументаў: нямецкага пасведчання аб нараджэнні, пашпарта серыі РР для жонкі і пашпарта для дзіцяці, нямецкага дазволу на жыхарства. Працэдуры расцягнуліся на год таму, што ўсюды запіс на месяцы наперад, таксама вялікія тэрміны разгляду і вырабу дакументаў.

ІТ у Германіі

Заробкі ў ІТ вышэйшыя за сярэдні па краіне, няхай і не настолькі, як у Беларусі. Дыяпазон заробкаў для FE-dev ўзроўню Senior сёння прыкладна 70-100 тысяч еўра на год брута. Далей чыстая сума залежыць ад падатковага класа. Калі працуе адзін сямейнік, то ў суме ўсе падаткі складаюць каля 33%. На адзін сярэдні айцішны заробак лёгка жыць сям'і з 3 чалавек і адкладаць. Калі дзіця пойдзе ў садок, жонка плануе таксама ўключыцца ў працу.

Я працую ў буйной прадуктовай кампаніі-аднарозе ў сферы automotive. Умовы працы камфортныя, няма жорсткага прэсінгу і пастаянна гарачых дэдлайнаў. Выдатны work-life balance, не згадаю авертаймаў і паведамленняў наконт працы пасля 18:00.

30 рабочых дзён адпачынку на год, абарона правоў працаўніка згодна з нямецкімі законамі. Адносіны паважлівыя і прыязныя — людзі імкнуцца дапамагаць, нікога не закрануць і ў цэлым камунікаваць фармальней, бо культуры вельмі розныя.

Калектыў мультынацыянальны, у кампаніі шмат украінцаў, у тым ліку тых, якія працуюць аддалена з самой Украіны. У маёй камандзе людзі з Турцыі, Бразіліі, Аргенціны, Ірана, Італіі і Індыі, Расіі і многіх іншых. У нашым Tech-дэпартаменце каля 600 чалавек, а ўсяго ў астатніх падраздзяленнях больш за 4000 чалавек у розных краінах Еўропы.

Ад часоў лакдаўну ўсіх перавялі на працу з дома, так і сядзім дагэтуль, у офіс хадзіць не патрабуюць. Гэта дае вялікую гнуткасць — можна надаваць час дзіцяці на працягу дня, лёгка адысці на пару гадзін, папярэдзіўшы каманду.

Рэзюмэ

За два гады ў Берліне ў нас нарадзілася дзіця, мы купілі кватэру, я атрымаў павышэнне на працы, здаў на нямецкае пасведчанне кіроўцы, падвучыў мову, аб’ехаў з дзясятак нямецкіх гарадоў на цягніках і за стырном, зрабіў шматразовыя візы сваякам і прымаў гасцей. Паводле адчуванняў выканалі пяцігодку за два гады.

«Когда приехал, знал 2 слова: ja и nein». Гид по Мюнхену от минчанина, что живёт там 2,5 года
По теме
«Когда приехал, знал 2 слова: ja и nein». Гид по Мюнхену от минчанина, что живёт там 2,5 года
Польша, Грузия или Германия — что выбрать? Гиды по 6 странам
По теме
Польша, Грузия или Германия — что выбрать? Гиды по 6 странам
В Германии создают «академию в изгнании» для учёных из Беларуси, Украины и России
По теме
В Германии создают «академию в изгнании» для учёных из Беларуси, Украины и России

Читать на dev.by