Айцішнік увесь год працаваў на ППД і здзівіўся: ягоны страхавы стаж — меншы за год. Як так?
Можа быць як мінімум дзве прычыны.
Нам напісаў айцішнік, які працуе з Беларусі на ППД. Летась ён недалічыўся страхавога стажу і вырашыў расказаць пра свой кейс, каб іншыя не былі такімі ж бестурботнымі.
—Я плачу падатак на прафдаход — 10% (4% падаходнага + 6% ФСАН). Заказчык не заўсёды аплачвае працу своечасова: часам у адным месяцы мой даход 0, часам 2х. Вырашыў даведацца ў ФСАН, якім чынам мне будзе налічаны страхавы стаж за 2023 год.
Патэлефанаваў — і мне паведамілі, што схема такая: калі за месяц была аплата ў фонд большая за 160 BYN, то месяц залічваецца цалкам. Калі меншая — то часткова, прапарцыйна аплачанаму.
Атрымліваецца, што, хоць за год я заплаціў больш за 2000 BYN страхавых унёскаў, мой стаж будзе меншы за год, бо грошы паступалі нерэгулярна.
Чаму так
Усё проста: для налічэння поўнага страхавога стажу дзяржава патрабуе не толькі выплаты ўзносаў не ніжэйшых за зададзены парог, але і іх рэгулярнасці.
Рэгулярнасць
Калі б рэгулярнасць не ўлічвалася, то айцішнікі з высокімі зп паспявалі б назапасіць 20-гадовы страхавы стаж за пару-тройку гадоў. Але так гэта не працуе. Можна зарабіць за студзень 10 тысяч BYN, выплаціць з іх 35% у ФСАН (пакінем за дужкамі льготу для рэзідэнтаў ПВТ), а потым да канца года сысці ў сабатыкал і застацца з адным месяцам стажу. А можна гэтыя 10 тысяч BYN зарабіць прыкладна роўнымі долямі цягам 12 месяцаў і атрымаць год страхавога стажу.
Тыя, хто працуе на ППД, у гэтым сэнсе нічым не адрозніваюцца ад работнікаў на працоўных кантрактах. Ім гэтак жа важна атрымліваць даход і выплачваць падатак кожны месяц.
А вось ІП (праўда іх амаль не засталося) плацяць узнос рэтраспектыўна адразу за год, так што за абавязковую мінімальную суму яны атрымліваюць 12 месяцаў стажу.
Сума
Мінімальная «цана» месяца страхавога стажу прывязаная да мінімальнай зарплаты. У выпадку з найманымі работнікамі і ІП гэта 35% ад мінімальнага заробку (554 BYN у 2023 годзе, 626 BYN — у 2024-м), у выпадку з працаўнікамі на НПД — 29% ад мінімальнага заробку (160,66 BYN — у 2023 годзе, 181,54 BYN — у 2024-м).
Стаўка 35% складаецца з пенсійных унёскаў (29%) і ўнёскаў на сацстрахаванне (6%). Тыя, хто працуе на ППД, на бальнічныя прэтэндаваць не могуць, таму плацяць толькі пенсійныя ўнёскі. Гэтыя ўнёскі ўжо ўключаныя ў стаўку падатку 10% (4% падаходнага +6% ФСАН), але гэта відавочна менш за ўсталяваную для краіны планку.
Таму для ППДшнікаў залік страхавога стажу прывязаны да 29% ад мінімальнай зарплаты. Няцяжка палічыць, што для заліку поўнага месяца страхавога стажу штомесячны даход плацельшчыка ППД у 2024 годзе мае быць амаль у 5 разоў вышэйшым за мінімальную зп (181,54×100:6 = 3025,6) — 3026 BYN.
Читать на dev.by