«Не хачу бегчы». Айцішніца дае парады, як жыць у Беларусі
Колькі разоў за апошні час вам даводзілася тлумачыць іншым, чаму не з’язджаеце? А колькі разоў вы спыталі сябе: «А далей што?».
Алёна, фінансавы дырэктар кампаніі па прасоўванні мабільных праграм праз інтэрнэт, звязалася з рэдакцыяй, каб эмацыйна выказацца пра набалелае. Прыводзім маналог без скарачэнняў.
«Як быццам у краіны баліць галава»
— Нашая кампанія ў ПВТ, яшчэ трымаецца і не рэлакуецца. Мы не з’ехалі з Беларусі і не плануем.
Гэта не значыць, што ўсе нядаўнія падзеі даліся нам проста. Мы прайшлі вельмі многае за гэты перыяд. І кожнага разу нам здаецца, што ўсё, выдыхнулі. Але не.
Апошнія гады суправаджаюцца пастаяннымі прыступамі панікі. Я даўно зразумела, што Чарлз Дарвін меў рацыю — трэба ўмець адаптавацца.
Калі абстрагавацца і паглядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце, з фокусам на Беларусь, можна заўважыць выразную нервовую пульсацыю. Як быццам у краіны баліць галава, але ніхто не можа знайсці таблетку. Боль пульсуе, а потым адпускае. Праблема не вырашаная, і боль павяртаецца зноў.
Усе гэтыя болевыя пікі я назіраю на прыкладзе свайго калектыву. Мінімум тры разы за апошнія два гады нам бы не зашкодзіла не проста «таблетка ад галавы», а «кропельніца».
Мы працуем у ІТ і, як і ўсе, маніторым навіны на хуткасць, як быццам гэта спаборніцтва — скідаем у агульны чат свежыя публікацыі, перш-наперш зранку бяжым абмяркоўваць тое, што паглынулі за вечар і раніцу, баімся.
Здавалася б, адказ просты: збірай рэчы і едзь. Толькі я гэтага не хачу.
«Я ўжо 5 гадоў дома, у Беларусі»
Магу сказаць за сябе, як чалавек, які пражыў у Еўропе каля 10 гадоў, што я хачу быць тут, дома.
Некалькі гадоў я вучылася і жыла ў Чэхіі, але так і не змагла ўкараніцца ў іншай краіне, адчувала сябе мігранткай. У студэнцкія гады мы, студэнты з краін постсавецкай прасторы, не былі абцяжараныя вялікімі даходамі і жылі звычайным жыццём. Яно ўключала ў сябе праблемы з уладкаваннем у інтэрнат, пастаянныя гадзінныя чэргі па візу ў паліцыі для замежнікаў, абслугоўванне ў клініцы для мігрантаў і ўсімі любімы моўны бар’ер. Але прычына не столькі ў адміністрацыйных ды іншых арганізацыйных пытаннях. Мяне адштурхнулі ў большай ступені маральныя прычыны — пастаяннае адчуванне, што ты тут чужы. Аднойчы мне выказаў аднакурснік, што не разумее, нашто мы прыязджаем вучыцца да іх ва ўніверсітэты і адымаем у далейшым працоўныя месцы, якія насамрэч належаць чэхам. Калі я патлумачыла, што мы паступаем на агульных падставах і праходзім праз большыя балы, чым у саміх чэхаў, ён развярнуўся і сышоў.
Мы гуртаваліся, часам паводзілі сябе гучна і часам агрэсіўна, спрабуючы ўсім давесці, што нас не зламаць. Гучыць па-дурному і трохі адчайна, але так мы жылі. Вядома, былі і добрыя сяброўскія адносіны з мясцовымі, і плюсы жыцця ў Еўропе. Яны тычыліся больш прывабнасцей студэнцкіх часоў і, вядома, адсутнасці абмежаванняў для падарожжаў.
Я доўга хацела вярнуцца дадому, але не вырашалася зрабіць гэты крок назад, як мне здавалася. Але ўсё абярнулася так, як трэба — я ўжо 5 гадоў дома, у Беларусі. Працую намеснікам дырэктара па фінансавых пытаннях у ІТ кампаніі і пастаянна адаптуюся. Я не хачу бегчы і не хачу такой беганіны для блізкіх і калегаў. Апошнія гады з’ядналі наш працоўны калектыў, і мы сталі вялікай сям’ёй.
«Загугліць унутр сябе»
Але каб не страціць сябе ў гэты час, я зрабіла высновы, якія могуць быць карысныя ў цяперашні час:
- не ставіць доўгатэрміновых мэтаў, планаваць кароткатэрмінова перыядамі ў 3-4 тыдні;
- не спяшацца, даць вонкавай сітуацыі астыць, а вачам разгледзець карціну свету больш выразна;
- мець план Б: адкрыць візу, закрыць пытанні па здароўю, наладзіць сувязі са сваякамі або сябрамі за мяжой;
- фільтраваць інфармацыю, верыць надзейным крыніцам, калі яны ёсць. У іншым выпадку верыць сабе;
- шукаць запасны аэрадром: альтэрнатыўны заробак, анлайн бізнэс за мяжой, рахункі ў розных банках і аплатных сістэмах;
- вывучыць нешта абсалютна новае, што дапаможа ў далейшым забяспечыць сабе дадатковы прыбытак. Варыянтаў вельмі шмат, пачынаючы ад агучкі аўдыёкніг да дропшыпінгу;
- медытаваць, дадаць актыўнасці ў сваё жыццё;
- не баяцца і не ісці на павадку ў базавых інстынктаў;
- загугліць унутр сябе, прыняць і працягнуць жыць.
Бізнэсу я б параіла разгледзець магчымыя варыянты для пашырэння і выкарыстоўваць крызіс для росту. Не абавязкова рэлакавацца фізічна і несці затраты па адаптацыі супрацоўнікаў. Больш выгадна адкрыць бізнэс у іншай краіне і забяспечваць жыццё супрацоўнікаў у Беларусі мясцовай заработнай платай з прывязкай да валюты.
Яшчэ засталіся банкі, здольныя аператыўна вырашаць пытанні па валютных плацяжах і забяспечыць бесперабойную працу з замежнымі партнёрамі. Пашырайцеся, наймайце людзей, пераводзьце больш працы ў анлайн і эканомце на офісе, матывуйце супрацоўнікаў, і гэта прынясе дадатковы прыбытак.
Час пройдзе, а ўспаміны сатруцца. Мы ж застанемся жыць з наступствамі сваіх дзеянняў і рашэнняў. Значыць, трэба кампетэнтна рэагаваць. А лепш згадаць інтэлектуальную перадачу і яе слоган пра тое, што нашае жыццё — гульня. І я для сябе дакладна вырашыла яе выйграць.
Читать на dev.by