Беларус стварае венчурны фонд для стартапаў з Усходняй Еўропы
Bridgio — акселератар, які заснаваў беларускі прадпрымальнік Раман Пахолкаў, — запускае ў Польшчы новы венчурны фонд аб’ёмам 6 мільёнаў еўра. Інвеставаць плануецца ў стартапы з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы на стадыях pre-seed і seed у сферы робататэхнікі, аўтамабілістыкі, энергетыкі і прамысловай аўтаматызацыі.
Bridgio Fund 25 вызначаюць сваю мэту так: «Дапамагчы стартапам, якія працуюць у сферы прамысловасці, раскрыць свой патэнцыял на рынках ЕС і ЗША».
Фонд абяцае не толькі фінансавую падтрымку, але і экспертную — ад розных вузкапрофільных інжынераў і спецыялістаў. Да паслуг стартапаў таксама рэсурсы ад карпаратыўных партнёраў Bridgio — Infineon, Nvidia, Nokia і Amazon, і дапамога з інтэграцыяй сваіх прадуктаў у вытворчыя працэсы кліентаў.
У Bridgio Fund 25 перакананыя, што лакальныя тэхналагічныя стартапы могуць скласці сур’ёзную канкурэнцыю для заходнееўрапейскіх і амерыканскіх прадуктаў, так як яны прапаноўваюць рашэнні высокай якасці па выгаднейшай цане. І для стартапаў гэта добрая магчымасць замацаваць рэпутацыю на заходніх рынках і атрымліваць вышэйшыя даходы.
У фондзе кажуць, што ніша хардверных праектаў складае толькі каля 8% ад агульнай колькасці, таму яны «наўмысна не ставяць дадатковых абмежаванняў і адкрытыя для самых розных падгалін хардверных тэхналогій».
Ці могуць падаць заяўкі прадпрымальнікі з Беларусі — так, адказвае каманда. Яны гатовыя «падтрымаць любыя інтэрнацыянальныя каманды ў нашай сферы».
— Аднак наш досвед і экспертыза будуць асабліва карысныя стартапам з Усходняй Еўропы. Значна важнейшымі патрабаваннямі для Bridgio з’яўляюцца наяўнасць тэхнічных спецыялістаў, фокус на хардверных рашэннях у сферы вытворчасці, а таксама накіраванасць на рынкі ЗША і Заходняй Еўропы. Толькі пры наяўнасці дадзеных трох фактараў мы можам быць упэўненыя ў максімальнай эфектыўнасці нашай працы з фаўндарамі.
На пытанне, на які сярэдні чэк могуць разлічваць фаўндары стартапаў, у фондзе называюць суму каля 50 тысяч долараў на этапе акселерацыі.
— Акрамя таго, у рамках постакселерацыйнай праграмы Bridgio мы прапаноўваем інвестыцыі да 300 тысяч долараў, каб падтрымаць далейшае развіццё і маштабаванне вашага праекта.
Bridgio Fund 25 таксама запрашае інвестараў з тэхнічнай экспертызай далучыцца да іх у якасці партнёраў, каб падтрымаць лакальныя хардверныя стартапы. Задаць пытанні можна напрамую Раману Пахолкаву, яго адрас — roman@bridgio.eu.
Читать на dev.by