Актывісты паказалі на берлінскім заводзе Tesla зігуючага Маска. Паліцыя назвала гэта фэйкам
Група актывістаў заявіла, што спраецыравала выяву Ілана Маска, які робіць супярэчлівы жэст, падобны да нацысцкага прывітання, на завод Tesla ў Берліне, суправадзіўшы яго словамі «Heil Tesla», але паліцыя сцвярджае, што гэта фэйк.
Актывісты з нямецкага «Цэнтра палітычнай прыгажосці» (Zentrum für Politische Schönheit) і брытанскай групы Led by Donkeys распаўсюдзілі фатаграфіі і відэа, на якіх відаць праекцыя выявы Ілана Маска з ускінутай рукой.
У адным выпадку на сцяне завода відаць слова «Heil», на другім здымку — слова «Boycott». «Учора мы патрацілі больш за гадзіну, ствараючы арт-працу на гігафабрыцы Tesla ў Берліне. Паліцыя, відаць, ужо дайшла да фашысцкага татальнага сачэння і гнеўна заяўляе ў СМІ: „Фатаграфія — фэйк“», — паведамілі актывісты.
Паліцыя Берліна і Брандэнбурга заявіла, што пасля кансультацый з аховай завода не ўдалося пацвердзіць інфармацыю, распаўсюджаную актывістамі. Паліцыя назвала фатаграфіі фэйкам. У сваю чаргу, актывісты сцвярджаюць, што ў Tesla дастаткова камер назірання, каб пацвердзіць тое, што адбылося.
У студзені гэтыя ж групы актывістаў праецыравалі відэазапісы на штаб-кватэру Tesla ў Амстэрдаме, крытыкуючы ўплыў Маска на палітыку ЗША. Сам жэст Маска, які выклікаў спрэчкі, быў зроблены ў часе выступу перад прыхільнікамі Дональда Трампа пасля інаўгурацыі прэзідэнта.
Читать на dev.by