Акцыі EPAM абваліліся да адзнакі лютага 2022. Вось чаму
«Нашыя кліенты сталі яшчэ асцярожнейшымі ў выдатках», — заявіў Аркадзь Добкін.
Акцыі EPAM на таргах 5 чэрвеня ўпалі амаль на 22%, ад 260$ да 203$. Апошні раз да такога ўзроўню каціроўкі апускаліся пры канцы лютага — на пачатку сакавіка 2022 года (на дне тады было 198,5$).
Гэтаму папярэднічала публікацыя абноўленага прагнозу выручкі ў другім квартале 2023 года і за цэлы год.
Прагнозная выручка ў 2023 годзе ўпала ад 4,95-5 млрд $ да 4,65-4,8 млрд $. «Гэта адпавядае гадавому зніжэнню [выручкі] на 2% у сярэдзіне дыяпазону», — гаворыцца ў рэлізе кампаніі.
Аперацыйны прыбытак у 2023, згодна з новым прагнозам, складзе 11-12% ад выручкі (папярэдні прагноз — 11,5-12,5%).
Даходы ў другім квартале складуць 1,16-1,17 млрд $ (замест $1,19-1,205 млрд $), што адпавядае гадавому зніжэнню на 2,5% у сярэдзіне дыяпазону. Прагноз аперацыйнага прыбытку не змяніўся — 10-11% ад выручкі.
Па выніках 2022 года выручка EPAM склала $4,83 млрд, аперацыйны прыбытак — 11,9% ад выручкі.
Карэкцыя прагнозу — вынік скарачэння планаванага аб’ёму продажаў у EPAM.
«За некалькі тыдняў пасля нашай аб’явы пра прыбыткі і страты за першы квартал мы заўважылі, што нашыя кліенты сталі яшчэ асцярожнейшымі ў выдатках, асабліва ў сегменце „будаўніцтва“ глабальнага рынку ІТ-паслуг», — пракаментаваў новы прагноз Аркадзь Добкін.
Прамую сувязь паміж абноўленым прагнозам і падзеннем каціровак пацвердзіў dev.by венчурны інвестар, сузаснавальнік Angels Band Кірыл Голуб.
— Кампанія прыкметна знізіла прагнозную выручку сёлета — вось і рэакцыя. Дай EPAM пазітыўны ўдакладнены прагноз — быў бы рост на 20%. Зрэшты, і пасля падзення PE ratio (стаўленне рынкавага кошту акцыі да гадавога прыбытку на акцыю. — dev.by), застаецца 27,65. Гэта ўсё яшчэ даволі шмат для цяперашняга рынку.
Ці чакаць ад 2023-га далейшага зніжэння каціровак тэхналагічных кампаній?
Гэтага ніхто не знае, залежыць ад справаздачнасці кампаній.
Гэта ўсё крызіс?
Крызіс у сусветнай эканоміцы і фінансах працягваецца ўжо год.
Калі ён скончыцца?
Незадоўга да першага зніжэння стаўкі ФРС. Цяперашні крызіс — цалкам рукатворны. Яго асноўная (не менш як на 75%) прычына — рэзкі і значны ўздым стаўкі, выкліканы інфляцыяй, якая, у сваю чаргу, выкліканая перш за ўсё ростам грашовай масы, якая выкліканая зніжэннем у пандэмію стаўкі да нуля і зусім неразумным аб’ёмам QE (грашова-крэдытная палітыка, пры якой цэнтрабанк скупляе дзяржаблігацыі, каб уліць грошы ў эканоміку. — dev.by).
Таму і завершыцца крызіс з пачаткам зніжэння стаўкі. Чаму «крыху раней»? Бо эканамісты і фінансісты будуць да гэтага гатовыя і дадуць больш-менш правільныя прагнозы, калі пачнецца зніжэнне.
Читать на dev.by