Amazon падманам прымусіла мільёны людзей купіць падпіску Prime і не дае адпісацца
Федэральная гандлёвая камісія (FTC) ЗША падала пазоў супраць Amazon за тое, што тэхнагігант несумленным шляхам прымушаў карыстальнікаў, якія нічога не падазравалі, афармляць падпіску Amazon Prime і спецыяльна зрабіў працэс адпіскі занадта заблытаным. Колькасць падманутых спажыўцоў вылічаецца мільёнамі. Пазоў пададзены ў федэральны суд у штаце Вашынгтон.
У прыватнасці, Amazon пускала ў ход так званыя «цёмныя патарны» карыстальніцкага інтэрфейсу — маніпуляцыйныя дэталі, прымусовыя або тыя, што ўводзяць у зман. У выніку карыстальнікі аказваліся з аўта-аднаўляльнай падпіскай у руках, якая каштуе немалых грошай. Натуральна, без свайго ведама і згоды, сцвярджаюць у FTC.
Amazon адзначыла, што на момант падачы скаргі рэгулятарам ужо вяла з ім перамовы, але пазоў разгаласілі, не папярэдзіўшы кампанію. Прадстаўнік Amazon заявіў, што абвінавачанні FTC супярэчаць фактам і закону.
«Праўда палягае ў тым, што карыстальнікам падабаецца падпіска Prime, і мы спецыяльна робім простым і зразумелым для іх працэс як афармлення, так і адмовы ад яе», — сказаў ён, дадаўшы, што кампанія прыслухоўваецца да водгукаў пра ўсе свае прадукты і паслугі і шукае спосабы палепшыць карыстальніцкі досвед.
Прэміяльная падпіска Amazon, якая ўключае бясплатную дастаўку заказаў, відэастрымінг ды іншыя сэрвісы, налічвае больш за 200 млн карыстальнікаў і з’яўляецца адной з самых папулярных у свеце. У ЗША яна каштуе $139 на год або $14,99 на месяц.
Як адзначае Insider, падпіска — важная крыніца даходаў рытэйлера, які прыносіць $25 млрд на год. Яе ўладальнікі робяць больш пакупак на Amazon і робяць іх часцей.
Читать на dev.by