Amazon выплаціць $2,5 млрд за навязванне карыстальнікам падпіскі. Гэта сума, якую кампанія зарабляе прыкладна за паўтара дня
Amazon пагадзілася выплаціць $2,5 млрд у выглядзе штрафаў і кампенсацый карыстальнікам падпіскі Prime. Федэральная гандлёвая камісія (FTC) ЗША абвінаваціла кампанію ў тым, што яна прымушала кліентаў набываць яе падманам.
Reuters адзначае, што велізарнае на першы погляд пакаранне будзе для Amazon практычна бязболесным — суразмерную выручку ад продажаў тэхнагігант генеруе за 33 гадзіны. Катыроўкі кампаніі не зварухнуліся. Сама Amazon вінаватай сябе не лічыць.
На кампенсацыі карыстальнікам пойдзе $1,5 млрд, астатні $1 млрд складуць штрафы. На выплату змогуць прэтэндаваць каля 35 млн карыстальнікаў Prime. Карыстальнікам, якія аформілі падпіску ў перыяд з 23 чэрвеня 2019 года да 23 чэрвеня 2025 года $51 будзе налічаны аўтаматычна. Таксама права на кампенсацыю маюць тыя, хто спрабаваў адмяніць падпіску ў пазначаны перыяд, але не змог.
Акрамя гэтага, Amazon зробіць «простую і зразумелую» кнопку для адмовы ад падпіскі. І больш зразумелай мовай пропіша ўмовы яе афармлення.
Гэта другая па велічыні кампенсацыя, калі-небудзь вынесеная па справе, ініцыяванай FTC. У Камісіі назвалі гэта пагадненне велізарнай перамогай для амерыканцаў, стомленых ад непразрыстых умоў і падпісак, ад якіх немагчыма адпісацца. У ходзе разбору было ўстаноўлена, што кіраўніцтва і супрацоўнікі Amazon ведалі, што ўмовы набыцця і адмены падпіскі ўводзяць людзей у зман.
Читать на dev.by