Amazon заблакавала «разумны дом» інжынеру Microsoft за расісцкі каментар, якога не было

Amazon на тыдзень заблакавала прылады разумнага дома інжынеру Microsoft Брэндану Джэксану праз тое, што кур’ер рытэйлера памылкова абвінаваціў яго ў расізме, піша The Independent.

1 каментарый

Джэксан жыве ў ЗША. Раптоўнае блакаванне пачалося ў маі на наступны дзень пасля таго, як ён атрымаў заказ з Amazon: у адзін цудоўны момант ён больш не змог узаемадзейнічаць з падключанымі да разумнага дома смарт-прыладамі. У асноўным усімі гаджатамі і аўтаматыкай ён кіруе праз галасавога асістэнта Alexa на разумных калонках Amazon Echo.

Джэксан звязаўся з тэхпадтрымкай Amazon, дзе яму сказалі, што ягоны акаўнт быў заблакаваны праз скаргу кур’ера на нібыта расісцкія каментары з яго боку.

Інжынер праверыў запісы са свайго смарт-званка і ўбачыў на іх кур’ера — той жа расы, што і ён сам. Выявілася, што той няправільна пачуў аўтаматычную рэпліку прылады: «Прабачце, чым я магу вам дапамагчы?»

Джэксан адправіў запіс Amazon, якая правяла расследаванне і прыкладна праз тыдзень вярнула яму доступ да акаўнта.

Інжынер кажа, што цалкам падтрымлівае тое, што кампанія абараняе сваіх працаўнікоў. Але на час расследавання ўся смарт-сістэма ягонага дома зрабілася неюзабельнай. Цяпер ён насур’ёз хоча адмовіцца ад калонак Echo і расказаць пра свой выпадак астатнім карыстальнікам. Гісторыю ён выклаў у сябе ў блогу і на /watch?v=_onpy_gGnyU" target="_blank" rel="noopener">YouTube.

Праблема, лічыць ён, тычыцца не толькі Amazon, а ўсіх тэхналагічных кампаній, якія выпускаюць смарт-прылады. «Калі вы купілі прыладу, то яна належыць вам незалежна ад таго, хто вы. Калі вы купілі тостар, то што б вы ні здзейснілі, якім бы дрэнным чалавекам ні былі або якім бы добрым чалавекам ні былі, тостар усё роўна належыць вам… І калі вы і праўда зрабілі штосьці вельмі жудаснае, то не Amazon, не Google, не Apple вырашаць, што з гэтым рабіць», — адзначыў Джэксан.


Читать на dev.by