Амерыканец з'ездзіў у Еўропу і атрымаў рахунак на $143 тысячы за тэлефон
Мінулага верасня жыхар Фларыды Рэнэ Рэмунд вярнуўся з паездкі ў Швейцарыю, дзе адпачываў з жонкай. Дома яго чакаў гіганцкі рахунак за мабільную перадачу даных ад T-Mobile, расказвае ABC Action News.
Спачатку мужчына падумаў, што з яго запатрабавалі $143 за адпраўку фатаграфій і тэкставых паведамленняў родным і сябрам з Альпаў. Але насамрэч рахунак за перадачу 9,5 Гб даных праз акіян складаў блізу $143 тысяч. Гэта ў 2,5 разы больш за сярэднегадавы заробак па штаце, які складае прыкладна $55 980.
Рэмунд «залятаў» на тысячы долараў на дзень, бо ў яго не быў падключаны міжнародны роўмінг. А ў асноўным унутраныя тарыфныя планы ў ЗША не ўключаюць абмену трафікам за мяжой.
Рэмунд звязаўся з правайдарам. У T-Mobile пацвердзілі, што рахунак сапраўды шасцізначны. Амерыканец наняў юрыста, які пісаў лісты прэзідэнту T-Mobile і ў ABC Action News, дзе таксама вырашылі звязацца з кампаніяй.
У выніку там пагадзіліся спісаць доўг і дадалі, што спрабуюць прыняць меры, каб не дапусціць падобных неспадзяванак у будучыні. А кліентам раяць правяраць умовы сваіх тарыфаў перад замежнымі падарожжамі.
Читать на dev.by