Apple рыхтуе маштабнае абнаўленне інтэрфейсу для iPhone, iPad і Mac
У 2025 годзе кампанія плануе прадставіць адно з самых значных абнаўленняў праграмнага забеспячэння ў гісторыі Apple, каб змяніць інтэрфейс iPhone, iPad і Mac для новага пакалення карыстальнікаў.
Паводле Bloomberg, кампанія мае намер «радыкальна пераасэнсаваць знешні выгляд сваіх аперацыйных сістэм». Абнаўленне, якое чакаецца пазней у гэтым годзе, кардынальна зменіць дызайн аперацыйных сістэм. Яно ўключае абнаўленне стылю значкоў, меню, аплікацый, вокнаў і сістэмных кнопак.
Па словах крыніц, дызайн часткова заснаваны на праграмным забеспячэнні Vision Pro. visionOS адрозніваецца ад iOS і macOS круглай формай значкоў аплікацый, спрошчаным падыходам да вокнаў, паўпразрыстымі панэлямі для навігацыі і больш прыкметным выкарыстаннем 3D-глыбіні і ценяў. Таксама кампанія працуе над спрашчэннем навігацыі і кіравання прыладамі.
Ключавая мэта абнаўлення — зрабіць розныя аперацыйныя сістэмы Apple больш падобнымі і аднастайнымі. Цяпер аплікацыі, значкі і стылі вокнаў адрозніваюцца ў macOS, iOS і visionOS, што можа ствараць нязручнасці пры пераходзе з адной прылады на іншую.
Аднак Apple не плануе аб’ядноўваць свае аперацыйныя сістэмы, бо лічыць, што асобныя сістэмы дазваляюць ствараць больш якасныя Mac і iPad. Яшчэ адна перавага гэтага падыходу — стымуляванне карыстальнікаў да набыцця абедзвюх прылад, а не толькі адной.
Паводле дадзеных інсайдэраў, будуць прадстаўлены iOS 19 і iPadOS 19 (кодавая назва «Luck») і macOS 16 (кодавая назва «Cheer»). Чакаецца, што гэтыя абнаўленні стануць галоўнай тэмай на Сусветнай канферэнцыі распрацоўшчыкаў Apple (WWDC) у чэрвені. Гэта таксама можа дапамагчы адцягнуць ўвагу ад праблем, звязаных з запускам Apple Intelligence. На мінулым тыдні Apple адклала абнаўленні Siri на базе штучнага інтэлекту.
Распрацоўкай праграмнага забеспячэння кіруе Алан Дай, даўні кіраўнік Apple, які раней працаваў у модных брэндах. Яго прызначыў галоўным дызайнерам Джоні Айв для распрацоўкі аперацыйнай сістэмы Apple Watch і iOS 7. Пасля сыходу Айва ў 2019 годзе Дай стаў больш прыкметнай постаццю у кампаніі. Цяпер ён узначальвае каманду з больш чым 300 чалавек, якая адказвае за знешні выгляд і працу ПЗ Apple.
Читать на dev.by