Apple плануе адмовіцца ад штаб-кватэры ў Расіі
Apple адмаўляецца ад арэнды расійскага офіса побач з Крамлём. Пра гэта РБК расказалі дзве крыніцы на рынку камерцыйнай нерухомасці.
Apple упершыню арандавала 3,5 тыс. кв. м у бізнэс-цэнтры «Раманаў двор» пяць гадоў таму і затым павялічыла плошчу да 4, 7 тыс. кв. м. Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў РБК, з пачаткам пандэміі гэты офіс выкарыстоўваўся не ў поўным аб’ёме. Спыніць арэнду было вырашана пасля абвяшчэння ў Расіі частковай мабілізацыі ў верасні. Цяпер кампанія вядзе перамовы пра ўмовы скасавання дамовы, удакладняе іншая крыніца.
Паводле даных расійскага дзяржрэестра нерухомасці, дамова арэнды памяшканняў Apple дзейнічае да студзеня 2025 года.
Пры канцы верасня «Ведамасці» са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што Apple вывезла большасць супрацоўнікаў расійскага офіса ў Кыргызстан, яшчэ частка з’ехала ў Дубай і Лондан.
Выручка расійскай юрыдычнай асобы «Эпл Рус» за 2021 год склала каля $6 млрд, чысты прыбытак — $170 млн. Пасля пачатку вайны, на пачатку сакавіка, Apple абмежавала куплю і дастаўку тавараў з афіцыйнай анлайн-крамы для расійцаў. Тады ж яна заявіла аб прыпыненні ўсіх продажаў сваёй прадукцыі ў краіне. Таксама карты з Расіі цалкам перастаў падтрымліваць Apple Pay.
На пачатку мая расійскі Мінпрамгандаль уключыў прадукцыю Apple у пералік замежных тавараў, дазволеных да ўвозу па паралельным імпарце, то-бок без згоды праваўладальніка. Пры канцы таго ж месяца сетка re: Store, якая спецыялізуецца на продажы тэхнікі Apple, пачала закрываць крамы ў Расіі. Тады прадстаўнік рытэйлера тлумачыў гэта перабудовай лагістыкі.
Читать на dev.by