Кампаніі ў ААЭ і Катары нацэленыя на беларускіх айцішнікаў і плацяць да 13K. Пагутарылі з рэкруцёркай
Арабскія краіны наймаюць айцішнікаў-беларусаў. Каго і на якіх умовах? Расказвае рэкруцёрка.
Еўрапейскае рэкрутынгавае агенцтва Mission Hire летась выйшла на рынкі арабскіх краін, і цяпер ужо 30% яго кліентаў (каля 10 кампаній) — у ААЭ і Катары. Мы распыталі заснавальніцу кампаніі беларуску Марыну Мендзелеву, што за ІТ-кампаніі ў арабскіх краінах, каго яны шукаюць і на якіх умовах.
Наколькі актыўныя ІТ-кампаніі ў рэгіёне
Арабскі рэгіён перажывае перыяд бурнай дзіджыталізацыі, там шмат хуткарослых стартапаў і ўжо сталых ІТ-бізнэсаў, і яны вельмі актыўныя ў найманні.
Напрыклад, кампанія G42 (фокус на AI і воблачныя вылічэнні) з’явілася ў Абу-Дабі ў 2018 годзе як стартап з 30 чалавек, а ў 2023-м у ёй было ўжо больш за 22 тысячы супрацоўнікаў.
У 2023 годзе ААЭ запусцілі Dubai Program for Gaming 2033 як дзесяцігадовы план ператварэння Дубая ў горад-лідар у сусветнай індустрыі геймінгу. Для гэтага ўрад увёў асаблівы від візы — Dubai Gaming Visa — якая выдаецца тэрмінам на 10 гадоў і дае пэўныя прывілеі ў легалізацыі. Такім чынам, у 2033 годзе краіна хоча прыцягнуць у гульнявую індустрыю каля 30 000 спецыялістаў.
Па івэнтах у Дубаі — Global АІ Show, Gitex Global ды іншых — добра відаць, наколькі буйны і дынамічны ІТ-сегмент у ААЭ. У ІТ шмат праектаў, звязаных са штучным інтэлектам, сэрвісамі дастаўкі, воблачнымі вылічэннямі, кібербяспекай, тэхналогіямі блакчэйну, фінтэху.
Я мяркую таксама з вопыту нашай кампаніі: з нуля ў 2023 годзе доля нашых кліентаў у ААЭ і Катары вырасла пры канцы 2024 года да 30%. Гэта каля 10 кампаній, перш за ўсё геймдэў і AI-стартапы, а таксама сэрвіс дастаўкі. Прычым палова гэтых кампаній родам з СНД, а другая палова — уласна арабскія.
Тут асабліва не карыстаюцца паняццем «мясцовай» кампаніі, так як усе імкнуцца быць міжнароднымі, вялікімі, значнымі. Мяне ўразіла, што адзін з аднарогаў ААЭ, Kitopi, які спачатку вельмі хутка вырас у арабскім рэгіёне, мэтанакіравана прыехаў у Польшчу і адкрыў офіс у Кракаве. Сярод яго працаўнікоў ёсць і беларусы.
Для чалавека, які шукае працу, карысна глядзець на рэгіён, які так хутка расце.
Каго яны наймаюць. аддаленая праца ці рэлакейт
Запатрабаванае шырокае кола спецыялізацый: геймдэў-распрацоўшчыкі, мастакі, ML-распрацоўшчыкі, дата-аналітыкі — карацей, увесь скоўп ведаў беларускіх айцішнікаў.
Напрыклад, у шасці нашых арабскіх кліентаў у гэты момант сумарна адкрыта 57 аддаленых вакансій або з рэлакацыяй. Яны падыходзяць і для беларусаў. Гэта пазіцыі ў AI-стартапе, дастаўцы і геймдэве (mobile publishing midcore/hardcore, mobile midcore, PC Sandbox-RPG, mobile casual).
Астатнія чатыры кліенты пакуль укамплектаваныя або наймаюць у іншых рэгіёнах (напрыклад, толькі ў Еўропе).
Вось на якія пазіцыі і ў якіх галінах шукалі кандыдатаў нашы кліенты ў 2024 годзе:
— ІТ-sales для «распакоўкі» новага рэгіёна (legal tech, fintech-праекты — ужо не ў стартап-фазе, прычым адзін з праектаў хацеў спецыяліста з веданнем арабскай);
— Senior/Lead .NET — fast delivery;
— Senior/Lead Mobile Engineer (Android) — fast delivery;
— Senior/Lead Mobile Engineer (iOS) — fast delivery;
— Senior/Lead ML Engineer (Python, Data Science Principles, Big Data Expertise, AWS, опыт с LLM, Computer Vision, STT, STS, TTS) — AI startup;
— Product Manager (healthcare with AI, mobile startup);
— Head of Product (gaming, midcore);
— Head of UA, Senior UA (gaming);
— CTO (стэк не важны, але важны вопыт на бэкэнде з высоканагружанымі серверамі, каб гульні вытрымлівалі шмат гульцоў);
— Level Designer;
— Senior Game Designer LiveOps, monetization;
— Marketing Art Director;
— Marketing Artist;
— AI Artist;
— Graphic Designer (Senior, Middle, Junior — дарэчы);
— Media Buyer;
— Devsecops Engineer;
— 2D Artist (з вопытам у нейрасетках);
— Senior Unity Developer (вопыт са складанымі мідкор-праектамі пад мабільную распрацоўку — шмат такіх хацелі ў розныя кампаніі);
— Art Manager;
— Go Developer (у гульнявую студыю з ПК-гульнёй);
— Full Stack Developer (Java Backend, React на фронце — у гульнявую студыю на ўнутраныя прадукты);
— DevOps — у гульнявую студыю;
— Сommunity manager (англійская мова, англійская + кітайская);
— Game Data Analyst;
— Head of Marketing (gaming, web 3);
— Brand Manager (gaming, web 3);
— Influence Marketing Manager (gaming);
— SMM (AI startup, reddit, X experience);
— Influencer Talent Agent (AI startup);
— Backend Middle (java, AI startup);
— UA Manager (AI startup);
— Frontend (JS, react, TS) Middle (AI startup);
— HR Manager (AI startup, knowledge of local specifics in UAE hiring);
— Graphics Programmer (gaming);
— Render Programmer (C++. gaming);
— Technical Artist (gaming).
Прычым з гэтых 37 пазіцый толькі 9 мелі на ўвазе рэлакацыю.
Аддаленая праца або рэлакейт
Праца на кампанію ў арабскай краіне далёка не заўсёды азначае пераезд. Часта ў гэтым няма неабходнасці, тым больш што розніца ў тайм-зонах паміж ААЭ і РБ — адная гадзіна, а паміж Катарам і РБ яе зусім няма.
Наш кліент з Катара, хуткарослая ІТ-кампанія, летась прыйшоў да нас з запытам знайсці за два месяцы 20 чалавек: iOS- і Android-распрацоўшчыкаў, а таксама бэкэнд-распрацоўшчыкаў на .Net. Гэта ўсё былі аддаленыя вакансіі. У тым ліку ў гэтай кампаніі хацелі беларусаў, бо ўжо ведалі, як з імі працаваць, і падабалася іхняя падрыхтоўка.
Яшчэ прыклад: адзін з самых хуткарослых стартапаў Катара, Snoonu, аддалена наймае беларускіх распрацоўшчыкаў.
Любая топавая кампанія зацікаўленая ў пераездзе перш за ўсё выключных талентаў. Для іх гатовыя рабіць многае. Стандартны рэлакацыйны пакет — гэта аплачаныя авіябілеты, першы месяц арэнды жытла, дапамога ў пошуку доўгатэрміновага жытла, медстрахоўку да працоўнай дамовы і афармленне ўсіх дакументаў па легалізацыі.
Індывідуальна абмяркоўваецца дапамога ў рэлакацыі сям'і, звычайна пасля паспяховага праходжання выпрабавальнага тэрміну, які, напрыклад, у Катары можа займаць да шасці месяцаў нават на стандартныя пазіцыі.
Ці ёсць вакансіі для джуноў
У нашую кампанію такія запыты амаль не трапляюць. Звычайна да нас звяртаюцца, калі трэба знайсці сеньёра, ліда, C-level, часам мідла.
Што з заробкамі і падаткамі
Прывяду адкрытую аналітыку па ААЭ, якую пацвярджаюць нашыя ўнутраныя даныя:
— AI/ML Engineer: $9000 — $13 400/месяц;
— UI/UX Designer: $4900 — $8200/месяц;
— Product Manager: $5400 — $9500/месяц;
— DevOps Engineer: $6200 — $8200/месяц;
— DevOps Manager — да $13 100/месяц.
Пра заробкі ў ААЭ і Катары важна ведаць, што gross цалкам супадае з сумай net, так як ніякіх падаткаў або схаваных збораў на падаходны даход для фізічных асоб у гэтых краінах не існуе.
Курс мясцовай валюты вельмі стабільны, ён падтрымліваецца нацыянальным банкам на адным узроўні адносна долара ЗША ад 1997 года. Усе думаюць у дырхамах, не канвертуючы ў долары.
Заробкі ў Эміратах вышэйшыя за еўрапейскія, аднак і выдаткі таксама вышэйшыя. Гэта трэба ўлічваць, прымаючы рашэнне пра пераезд.
І яшчэ важна разумець, што прыведзеныя сумы — для экспатаў, то-бок супрацоўнікаў, якія пераехалі.
Калі спецыяліст працуе аддалена, яго зарплата будзе адпавядаць дыяпазону таго рэгіёна, дзе ён фізічна знаходзіцца
То-бок, калі праграміст працуе з Беларусі, то ўзровень заробку будзе разлічвацца зыходзячы са звестак пра РБ.
Мова і сумоўі
Англійская мова, вядома, важная, аднак у ААЭ (пра Катар мы не можам гэтага сказаць) шмат кампаній-выхадцаў з СНД, так што ёсць шанец знайсці цалкам рускамоўную кампанію.
Рэкрутынгавы працэс у арабскіх краінах нашмат прасцейшы, чым у Еўропе, сяміэтапныя інтэрв’ю тут не прынятыя.
Часам можа хапіць і двух званкоў — 20-хвіліннага сумоўя з эйчарам і 30-хвіліннага з фаўндарам.
Хуткарослым стартапам, як правіла, трэба хутка тэсціраваць свае гіпотэзы, або яны ўжо паднялі раўнд інвестыцый і актыўна наймаюць. Так што хуткасць у найманні найважнейшая.
Легалізацыя
Працэс атрымання ДНЖ і легалізацыі ў ААЭ хуткі і просты. Калі ёсць кантракт — запрашэнне на працу ад мясцовай кампаніі, для атрымання ID трэба адзін раз наведаць медцэнтр (здаць кроў і прайсці флюараграфію) і адзін раз дзяржустанову (здаць адбіткі пальцаў). Праз некалькі дзён вам даставяць ID-карту.
ААЭ — гэта ўжо пратаптаная дарога і для бізнэсу, і для рэлакантаў. Беларус можа прыехаць туды самастойна, аформіць фрыланс-візу і знайсці працу.
Дзе шукаць вакансіі
Я б раіла пачынаць з Linkedin, таму што там:
— зручны фільтр;
— добрая выбарка кампаній;
— ёсць выхад на кантакты каманды, і гэта спосаб прарвацца праз плот з тысячы водгукаў.
У арабскім рэгіёне гэта рэальная праблема: нават на вакансію сеньёра на папулярных джаббордах будуць не сотні, а тысячы водгукаў, таму многія мясцовыя кампаніі аўтаматызуюць разбор водгукаў, і як працуюць гэтыя фільтры, незразумела. LinkedIn добры тым, што праз яго можна звярнуцца да жывых людзей і паспрабаваць выбудаваць зносіны.
— можна наладзіць пошук па кампаніях, а не па вакансіях, схадзіць на сайты, і нават калі яны не наймаюць, то пазнаёміцца з камандамі праактыўна.
— можна шукаць па пастах кампаній, якія наймаюць.
Калі вы ўжо прыехалі ў арабскую краіну, то трэба актыўна займацца нэтворкінгам — гэта самы эфектыўны спосаб знайсці працу.
У астатнім можна шукаць праз Indeed, Gulftalent (што праўда, там нізкая якасць вакансій), на сайтах буйных кадравых агенцтваў накшталт Michael Page (яны часта працуюць з цікавымі кампаніям).
Читать на dev.by