Мачулішчы атакаваў «айцішнік». Лукашэнка паабяцаў «жэстачайшую зачыстку»

Лукашэнка расказаў пра раскрыццё інцыдэнту з вайсковым самалётам А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. І ўручыў узнагароды сілавікам.

53 каментарыя

Паводле ягоных слоў, быў затрыманы ўраджэнец Крывога Рога з расійскім і ўкраінскім пашпартамі, «айцішнік або той, хто добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях». Ён нібыта быў завербаваны спецслужбамі Украіны, «рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў».

Акрамя гэтага Лукашэнка сказаў пра затрыманне ў Беларусі больш як 20 чалавек. 

— Не буду ў дэталях казаць, як перадаваліся прылады злачынства, гэтыя беспілотнікі, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. — Абралі маленькі беспілотнік. Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Але маленькі гэты беспілотнік кітайскай вытворчасці, які прадаецца і ў нашых крамах, мы выявілі, — ён быў прададзены ў ЗША (гэты кітайскі беспілотнік), а потым вярнуўся ва Украіну. І ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым.

Лукашэнка прызнаў, што ў выніку атакі А-50 быў пашкоджаны: паводле ягоных слоў, «самалёт не зведаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя драпін і адной прабоіны ў корпусе», «тым не менш мы папрасілі расійцаў, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўванне і даслалі нам іншы».

Па выніках «контртэрарыстычнай аперацыі» Лукашэнка раздаў узнагароды кіраўнікам сілавым ведамстваў, а ворагам паабяцаў «жэстачайшую зачыстку».

— Я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай аперацыі) па ўсёй краіне правесці жэстачайшую зачыстку. Гэта нам навука. Яны схаваліся і сядзяць. <…> Мы ўжо да іх ідзем. Нашыя хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца, — сказаў ён.

Раніцай 26 лютага на вайсковым аэрадроме «Мачулішчы» прагрымелі выбухі. Медыя пісалі пра атакі беспілотнікаў на расійскі самалёт-выведнік А-50, учыненыя «беларускімі партызанамі». Афіцыйных пацверджанняў нападу доўга не было, але адразу ж быў узмоцнены кантроль на беларуска-польскай мяжы.

Праз некалькі дзён з’явіліся паведамленні, што пашкоджаны самалёт паляцеў на рамонт у Расію.

Паводле слоў Аляксандра Азарава, кіраўніка аб’яднання беларускіх экс-сілавікоў, «удзельнікі акцыі выехалі і знаходзяцца ў бяспецы».

Сілавікі ў цывільным, чэргі і праверкі. Што адбываецца на польскай мяжы
Па тэме
Сілавікі ў цывільным, чэргі і праверкі. Што адбываецца на польскай мяжы

Читать на dev.by