Аўтар кнігі аб «тэхна-негатыве»: супраціў ШІ — гэта не страх тэхналогій, а барацьба за чалавечую будучыню
Гісторык тэхналогій і выкладчык чалавечай геаграфіі Томас Декейсер лічыць, што нарастаючы супраціў ШІ і біг-тэху — не ірацыянальны страх перад новымі тэхналогіямі. На яго думку, такім чынам людзі спрабуюць адстаяць больш шырокае ўяўленне аб будучыні і аб тым, што азначае быць чалавекам. З ім пагутарыла выданне Rest Of World.
Гісторык тэхналогій і выкладчык чалавечай геаграфіі Томас Декейсер лічыць, што нарастаючы супраціў ШІ і біг-тэху — не ірацыянальны страх перад новымі тэхналогіямі. На яго думку, такім чынам людзі спрабуюць адстаяць больш шырокае ўяўленне аб будучыні і аб тым, што азначае быць чалавекам. З ім пагутарыла выданне Rest Of World.
Гэтую думку Декейсер развівае ў кнізе Techno-Negative: A Long History of Refusing the Machine, дзе ён прасочвае доўгую гісторыю супраціву тэхналогіям. Падобныя канфлікты ўзнікалі заўсёды: ад сярэднявечных манахаў, якія забаранялі інструменты, да ткачоў, што знішчалі механічныя станкі ў XVII стагоддзі. На яго думку, сучасная крытыка ШІ — гэта не адмова ад прагрэсу як такога, а спроба аспрэчыць вузкае разуменне таго, якім павінен быць гэты прагрэс.
Декейсер адзначае, што крытыку тэхналогій часта спрабуюць прадставіць як «тэхнафобію» — гэта значыць як ірацыянальны страх перад новымі распрацоўкамі. Але такое тлумачэнне, на яго думку, ігнаруе сапраўдныя прычыны супраціву. Людзі могуць цалкам рацыянальна выступаць супраць асобных тэхналогій або формаў іх прымянення, калі лічаць іх шкоднымі. У такім супраціве, лічыць даследчык, праяўляюцца альтэрнатыўныя ўяўленні аб будучыні, а не проста жаданне спыніць развіццё.
Адной з прычын росту недаверу да індустрыі ён называе змену вобраза Google і іншых гігантаў Крамянёвай даліны. Раней буйныя тэхнакампаніі імкнуліся пазіцыянаваць сябе як прагрэсіўныя сілы — напрыклад, ранні дэвіз Google «Don’t be evil» абяцаў, што тэхналогіі будуць служыць грамадскаму дабру. Але, на думку Декейсера, з часам стала відавочна, што тэхналагічная інфраструктура часта цесна звязана з ваеннымі і геапалітычнымі інтарэсамі дзяржаў.
Расчараванне ўзмацняецца адчуваннем, што новыя тэхналогіі працуюць перш за ўсё на карысць вузкай групы людзей. Робатаксі, сістэмы назірання ці ШІ-сэрвісы абяцаюць палепшыць жыццё грамадства, але для многіх яны азначаюць хутчэй страту працоўных месцаў, узмацненне сачэння і рост экалагічных праблем. Гэтае пачуццё бездапаможнасці, калі тэхналогіі здаюцца непазбежнымі і ўсепранікальнымі, часам прыводзіць да радыкальных формаў пратэсту — ад вандалізму супраць інфраструктуры да адмовы карыстацца сэрвісамі.
Асобна даследчык кажа пра супраціў ШІ ў краінах глабальнага Поўдня. На яго думку, многія супольнасці ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы бачаць у сучаснай тэхнаіндустрыі працяг каланіяльных практык: іх праца выкарыстоўваецца як танная рабочая сіла для апрацоўкі дадзеных, а прыродныя рэсурсы — для будаўніцтва ШІ-інфраструктуры. У гэтым кантэксце пратэсты супраць дата-цэнтраў ці ШІ-праектаў становяцца часткай больш шырокай барацьбы супраць такіх эканамічных адносін.
Нарэшце, Декейсер лічыць, што ШІ змяняе само ўяўленне аб чалавечым жыцці. У дамінуючым тэхналагічным наратыве цэняцца хуткасць, эфектыўнасць і інтэлектуальная прадукцыйнасць, але для многіх людзей сэнс жыцця звязаны з іншымі рэчамі — супольнасцю, клопатам і асабістым развіццём. Таму адмова ад ШІ, на яго думку, — не спроба спыніць тэхналагічнае развіццё, а барацьба супраць ідэі, што чалавечае жыццё павінна падпарадкоўвацца логіцы машыннай эфектыўнасці.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.