Банкі абавязалі дзяліцца з падатковай вашымі пакупкамі на замежных маркетплэйсах
Банкі і некаторыя іншыя арганізацыі цяпер павінны «зліваць» падаткавікам дадзеныя пра выдаткі беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах. Адпаведная пастанова Міністэрства па падатках і зборах Беларусі запрацавала 1 мая.
Ад гэтага часу банкі павінны па спецыяльнай форме перадаваць падатковай дадзеныя пра перавод грошай (у тым ліку электронных) за мяжу за паслугі або тавары, якія былі набыты анлайн. Гэтае патрабаванне таксама тычыцца працэсінгавага цэнтра, аператараў і ўладальнікаў плацежных сістэм. Пры гэтым апошнія павінны падаваць інфармацыю «на аснове выкарыстання банкаўскіх плацежных картак».
У форме для справаздачнасці, сярод іншага, неабходна ўказваць колькасць плацяжоў, іх суму і валюту.
У пастанове МПЗ прапісаны нават патрабаванні да аператараў мабільнай сувязі: «Аператары электрасувязі, інтэрнэт-правайдары павінны па ўсталяванай форме перадаваць звесткі аб аказанні паслуг у электроннай форме; аб электронным дыстанцыйным продажы тавараў замежнай арганізацыяй, замежным ІП, іншай асобай — падаткаплацельшчыкам замежнай дзяржавы».
Читать на dev.by