Рынак працы ці базар з «бязмежжам»? Кам'юніці абмяркоўвае, ці трэба таргавацца пасля оферу
Кар’ерная кансультантка напісала ў лінкедзіне пост пра тое, як яе кандыдат, прайшоўшы цыкл з чатырох сумоўяў, атрымаў офер на $2,5 тысячы меншы, чым было абяцана раней. Ён адмовіўся, а выявілася — трэба было «яшчэ паўгаворваць» патэнцыйнага працадаўцу.
«Калі вам сказалі «так», гэта павінна азначаць «так», а не «мы яшчэ паманежымся»
Гісторыя ад топікстартара такая: Java-распрацоўшчык атрымаў офер на $7 тысяч чыстымі на рукі на месяц. Але ў працэсе перамоў ён пазначыў, што яго мінімальныя патрабаванні — $9,5 тысяч, і ў кампаніі сказалі: «Без праблем!».
Пасля чатырох інтэрв’ю яму далі офер на $2,5 тысячы менш. Ён ад яго адмовіўся. Тады рэкруцёрка патэлефанавала і сказала: «Яны чакаюць сустрэчнай прапановы, каб вы маглі атрымаць $9,5 тысяч». Малады чалавек і ад таргоў адмовіўся, сказаўшы, што «сумленна ўдзельнічаў у працэсе, разумеючы, што з ім абыдуцца справядліва і стрымаюць слова».
— Ён быў 1,5 месяца ў пошуках і прайшоў сумоўі ў 7 розных кампаніях, — піша аўтарка паста, — у яго былі дадатковыя два оферы, і ён вырашыў, што дзеля свайго псіхічнага здароўя не будзе гуляць у гэтыя галодныя гульні. І пагадзіўся на працу, дзе яму далі $9,5 чыстымі плюс remote — пасля двух сумоўяў.
Найманне не павіннае быць марафонам, дзе ты дабягаеш да фінішу і яшчэ павінен пакласці на лапаткі суддзю, каб забраць свой медаль. Калі вам сказалі «так», гэта павінна азначаць «так», а не «мы яшчэ паманежымся», — так заканчваецца пост.
«Прадай сябе, прадай свае навыкі… Нашто мне ўсё гэта? Я выбраў не продажы, а штосьці іншае»
Пад пастом — амаль 150 каментароў. Вось, што думае кам’юніці.
Першая рэакцыя шмат у каго — -здзіўленне: «Ко-о-олькі?» і «Бываюць жа такія заробкі…» Хтосьці піша, што, нават маючы 15 гадоў досведу, «такіх грошай у вочы не бачыў — а я ўжо не распрацоўшчык, а архітэктар».
— Нашто я ўбачыў гэтыя лічбы? Я звычайна чую: «Можам прапанаваць мяшок збожжа і воз яблыкаў».
Другая рэакцыя — падтрымаць рашэнне распрацоўшчыка: «Усё слушна зрабіў! Я б аналагічна паслаў бы кампанію за такое стаўленне».
— «Чакаюць ад вас сустрэчнай прапановы» — гэта топ! Кандыдат ужо, здаецца, сказаў сваё слова. Ці гэта штосьці а-ля камерцыйная прапанова — каб яму ўсе ўхвалілі $9,5 тысяч? Не варта біцца ў зачыненыя дзверы. Калі бізнэс не ідзе ў нейкай сферы — яе мяняюць, калі стратэгічная схема па інвестыцыях не прыносяць грошай — яе мяняюць. Затое ў ІТ мы «застаемся на сувязі» там, дзе нам паднасралі, а можа, мы будзем працаваць у будучыні… Ніхто не будзе. Нашто гэтая крывадушнасць?
Хтосьці дзеліцца сваімі падобнымі кейсамі: напрыклад, адгукалася як сеньёр, а офер у выніку — несеньёрскі, як і сума ў ім. Абгрунтаванне ад кампаніі: «Ой, ну ты проста сказала, што для цябе важнае развіццё — вось мы табе далі простую пазіцыю, як стымул».
— Вельмі знаёма: прасіла X, мне далі Y на 30% менш — і радасна спыталі, калі я выходжу. Адмовіла. У адказ — крыўды.
— Класіка жанру: шмат інтэрв’ю — потым лаўбол офер, у разліку на тое, што пасля столькіх сумоўяў кандыдату будзе складана паслаць іх.
Ёсць тыя, хто піша, што рынак працы — гэта ўсё ж такі рынак, і ўменне таргавацца — «адзін з ключавых навыкаў высокагрэйдавых спецыялістаў: хочаш шмат грошай — умей прадаць сябе».
Але многія не згодныя і парыруюць, што тады гэта ўжо не рынак працы, а базар з бязмежжам, бо «трэба ледзь не з драбавіком прыходзіць, каб атрымаць абяцанае». Дый наогул чаму пасля перамоў і адказу выразнага «але, так і будзе», трэба весці яшчэ перамовы.
— «Прадай сябе, прадай свае навыкі, прадай свой досвед, патаргуйся з намі…» Але навошта мне ўсё гэта? Я не стаў выбіраць продажы, я выбраў штосьці іншае. Чаму? Ды таму! Якія могуць быць «чаму», калі маеш офер ад нармальнай кампаніі.
— Калі супрацоўнік добры ў продажы сябе і хоча грошай, то, па-першае, кампанія рызыкуе атрымаць яго навыкі па завышанай ім цане, а па-другое, ёсць верагоднасць, што ён спакойна перапрадасць самога сябе яшчэ куды-небудзь — як толькі там прапануюць больш.
А вы што думаеце і як паступілі б на месцы таго Java-распрацоўшчыка? Пішыце ў каментарах.
Читать на dev.by