Батумі ці Тбілісі? Параўноўваюць рэлаканты з Беларусі
«Грузію трэба разумець. Альбо ты ўпускаеш яе ў сябе, прымаеш гэты лад жыцця і культуры, альбо яна цябе не прымае», — лічыць адзін з нашых суразмоўцаў. І сапраўды, жыццё ў найбуйнейшых гарадах Сакартвела — Батумі і Тбілісі — мае шэраг сваіх асаблівасцей. Якіх менавіта — расказалі тэлеграм-каналу «Ты таксама ў Грузіі?» рэлаканты з Беларусі. Жытло, каворкінгі, крамы ежы і тэхнікі, ІТ-тусоўкі ў двух гарадах — параўнанне ніжэй.
Батумі
Жытло: маленькі горад з вялікім выбарам кватэр
На пытанне, чаму ён абраў менавіта Батумі, адзін з рэлакантаў, праграміст .Net Яраслаў, адказвае наступнае: «Мора і горы. Маленькі горад без натоўпаў людзей, дзе можна адчуваць сябе расслаблена». А Мікіта Лейчык, Head of Marketing ў кампаніі Axamit.com і хост чата па маркетынгу ў Грузіі, кажа, што захацеў пасяліцца ў курортным горадзе, бо «вырашыў адпачыць ад шумнага гарадскога жыцця ў Мінску». Плюс у несезон у Батумі таннейшыя таксі і прадукты, і ў любую пару года тут большы выбар жытла праз актыўную забудову.
Пасля 24 лютага цэны на арэнду ў Грузіі ўзляцелі. Але ў нашых «батумскіх» суразмоўцаў атрымалася альбо зняць кватэру загадзя (як кажа Яраслаў, «мне пашанцавала заключыць гадавы кантракт, які выконваюць насуперак расповедам у чатах»), альбо на самым пачатку вясны. Так, Мікіта плаціць за трохпакаёўку з відам на мора ўсяго 400 долараў. «Мне ўсе зайздросцяць і лічаць, што я нейкі чорны маг», — жартуе ён.
Жытло ў Батумі мае свае асаблівасці. Вільготнасць у 80% тут — норма. Таму могуць узнікнуць праблемы з плесняй — неістотна, ці ты жывеш на першай лініі ля мора, ці на дзясятай.
Аднак у новых дамах, у адрозненне ад легендарнай батумскай «Магноліі», яе практычна няма (так кажуць мясцовыя жыхары).
Ёсць пытанні з зімоўкай. «Многія кватэры не маюць ацяплення — іх купілі толькі для сезоннай здачы ў арэнду. А зіма тут хоць і не такая халодная, як у нашых краях, але адчуваецца куды мацней», — адзначае Яраслаў. Таму пры арэндзе варта звярнуць увагу, ці ёсць у кватэры цэнтральнае ацяпленне (звычайна гэта проста газавы кацёл або гарэлка), цёплыя падлогі ці хаця б электрычны абагравальнік.
Каворкінгі: невялікія, але ўтульныя
Наконт каворкінгаў меркаванні падзяліліся. Так, Яраслаў кажа, што каворкінгі ў Батумі, вядома, ёсць, але пасля Масквы, дзе ён прапрацаваў пяць гадоў, «гэта і не каворкінгі зусім».
«Час працы нязручны (адзін з іх працуе ад 10:00 да 18.00!), выбар вельмі сціплы, дый мэбля часцяком так сабе. Пасядзець за ёй гадзін дзевяць — тое яшчэ выпрабаванне, не кажучы ўжо пра кожны дзень. Прасцей арганізаваць працу дома — знайсці крэсла і стол. Уласна, з дому пераважна і працую і цешу сябе спадзевам, што ўсё ж такі з такім „прыплывам“ айцішнікаў знойдуцца тыя, хто зможа арганізаваць добрае месца».
Мікіта ж, наадварот, кажа, што за мінулыя паўгода тут адкрыўся добры дзясятак новых прастор. Яны невялікія, у асноўным разлічаныя на 40-50 чалавек. У Тбілісі выбар большы, але і Батумі — усё ж курортны горад, куды людзі прыязджаюць хутчэй адпачываць, чым працаваць. «Тут ёсць маленькія, максімальна набліжаныя да сямейных умоў каворкінгі. Адзін з такіх адкрылі нашы хлопцы, называецца LinX. Вельмі даступныя цэны, розныя пакеты, вялікі выбар. Адзін з маіх любімых каворкінгаў — O!Coworking — размешчаны ў цэнтры горада. Яго заснавальніца займаецца праектаваннем і дызайнам кватэр і вельмі па-дызайнерску падышла да гэтай прасторы».
Крамы тэхнікі: невялікі выбар, але заўсёды можна з’ездзіць у Турцыю або замовіць анлайн
Мяркуючы з чатаў беларусаў у Батумі, за тэхнікай прасцей з’ездзіць у суседнюю Турцыю. «Ноўт, навушнікі, пыласос, манітор — аддаю перавагу магазіну Alta, але ноўт пад мае запыты там не знайшоўся, купіў у Elite Electronics, — расказвае Яраслаў. — Побач мяжа з Турцыяй, за гадзіну зматаўся і вярнуў сабе 11% ад кошту. З мышкамі, вядома, тут бяда — асартымент больш на шараговага, а не пераборлівага таварыша, але і ў гэтым выпадку можна штосьці знайсці».
«Так, цэны на тэхніку тут сапраўды вышэйшыя, калі параўноўваць з суседнімі рэгіёнамі або праводзіць паралель з Беларуссю, — лічыць Мікіта. — Плюс, улічваючы, што за апошнія паўгода сюды пайшла плынь тых, хто звыкся працаваць аддалена і выдаткоўваць на свой камфорт, то адчуваецца крызіс наяўнасці пэўных рэчаў. Напрыклад, знайсці добры манітор па добрай цане ў буйных ГЦ або крамах тэхнікі вельмі цяжка. У выніку я купіў свой у людзей, якія з’язджалі ў Тайланд. Многія ездзяць па тэхніку ў ААЭ (там Apple таннейшы). Хтосьці распавядаў пра хлопцаў, якія прывозяць тэхніку ў Батумі за нейкі працэнт. Хтосьці з Амерыкі заказвае».
Вопратка: няма анлайн-агрэгатараў, але ёсць пасярэднікі
З вопраткай прыкладна такая ж сітуацыя, як і з тэхнікай. Калі хочаш прычапурыцца, то адпраўляйся ў Турцыю, дзе цэны ніжэйшыя, а асартымент большы. Або ідзі ў адзін з гандлёвых цэнтраў у Батумі (накшталт Batumi Mall, Metro City або Black Sea Mall) — але, кажуць, кошты там на сусветныя брэнды або спартыўную экіпіроўку крыху вышэйшыя, чым у Беларусі.
Да таго ж у Грузіі няма буйных анлайн-агрэгатараў, дзе можна заказаць вопратку з дастаўкай. Так, найбліжэйшы пункт выдачы Wildberries — у Арменіі (адтуль можна даставіць тавар у Тбілісі праз пасярэднікаў — заўв. аўт.). Але за даплату можна звярнуцца да пасярэднікаў, якія даставяць тавар хоць з Amazon, хоць з TaoBao.
Крамы ежы: вельмі складана закупіцца ў адным месцы за раз
Наконт прадуктаў харчавання Мікіта кажа, што так, адрозненні ад беларускага асартыменту ёсць, але ты вельмі хутка прыстасоўваешся да «батумскага фармату». Па-першае, трэба разумець мясцовую спецыфіку: тут усе закупляюцца прадуктамі зранку, пасля прывозу, а не ўвечары, як мы прызвычаіліся, і ўжо пад канец пятніцы ў крамах амаль нічога не застаецца. Па-другое, у Батумі практычна немагчыма закупіцца ў адным месцы. За мясам трэба ісці ў адну краму, за малаком — у іншую, а садавіну-гародніну купляеш у шапіку на вуліцы.
Тут ёсць два гіпермаркеты — Agrohub і Carrefour — але кошты там вышэйшыя, чым у драбнейшых крамах. «Мы прызвычаіліся, што ў нас на прылаўку ляжыць 30 гатункаў сыроў — тут такога не ўбачыш. Але якасць мясцовых прадуктаў даволі добрая, мне асабіста вельмі падабаецца малочка і свойская курыца жоўтага колеру, — расказвае Мікіта. — Тут ёсць асобна прадуктовы рынак і рынак з гаспадарчымі таварамі. Але ўсе ў асноўным прадаюць адны і тыя ж тавары, прывезеныя з Турцыі, і прыкладна па адной і той жа цане. То-бок па факце ты проста ходзіш вялікімі коламі і глядзіш на адное і тое ж».
Айцішнае кам’юніці: не толькі беларусы, а рускамоўныя ў цэлым
Паводле слоў Яраслава, у Батумі даволі часта бываюць сходкі — і не толькі айцішнікаў, а наогул рускамоўных. «Пэўна, вялікі ўклад у гэтую справу ўносяць пэўныя асобы, такія як MaryRead (нік у тэлеграме — заўв. аўт.), якія з’яўляюцца ініцыятарамі падобных тусовак», — дадае ён.
Мікіта — адзін з арганізатараў «тусовак і мітапаў у Грузіі».
«У Грузіі не прынята проста сабрацца, выступіць у кавярні-рэстаране і разысціся. Тут паход у кавярню — гэта свята, дзе шмат ежы, усе кайфуюць і атрымліваюць задавальненне ад жыцця.
Спачатку было вельмі складана дамовіцца, што «мы ў вас здымем куток на 10-15 чалавек і правядзем імпрэзу на 2 гадзіны». Так што першае час мы спрабавалі розныя фарматы. Але калі пачалі з’яўляцца новыя прасторы і каворкінгі, мы сталі выходзіць з імі на сувязь і праводзіць розныя імпрэзы.
На нашым найбуйнейшым мітапе сабралася каля 60 чалавек і 20 анлайн. І гэта, не пабаюся такіх слоў, было самай буйной ІТ-імпрэзай, якая праходзіла тут ад пачатку года. У сярэднім іншыя нашы імпрэзы збіраюць ад 15 да 30 чалавек.
Мы хацелі не толькі аб’яднаць людзей з падобнымі інтарэсамі і досведам, але і дапамагчы ім сацыялізавацца, а таксама зрабіць гэты свет хоць трохі лепшым. Напрыклад, мы збіралі данаты, куплялі прадукты-медыкаменты і дапамагалі валанцёрам, якія займаюцца праблемамі з мясцовымі жывёламі. Іншыя сустрэчы праводзяцца з гуманітарнымі мэтамі, каб дапамагчы людзям у складанай сітуацыі. Закуплялі дзіцячае харчаванне, лекі. Але ў апошнія месяц-паўтара мы паставілі ўсё на паўзу, чакаем заканчэння спёкі і турыстычнага сезона».
Плюсы Батумі (на думку нашых суразмоўцаў)
- Галоўны плюс — мора: «Калі праца ідзе дрэнна, адчуваеш сябе не надта — кідаеш усё і ідзеш на пляж расслабляцца. Шыкоўна здымае стрэс. Праўда, тут ёсць і мінус — пасля мора складана ў той жа дзень зноў наладзіцца на працу».
- Выдатныя віды нават у межах горада.
- Адкрытасць мясцовых: «Тут людзі жывуць нібы ў маленькай вёсцы, усе адно аднаго ведаюць, дзеляцца навінамі, вельмі любяць камунікаваць».
- Хуткая забудова.
- Свабодны рынак: «Гэта добры плацдарм для запуску чагосьці новага, а падатковая сістэма пабудаваная для прыцягнення інвестыцый і новых спецыялістаў у краіну».
- Амаль усе гавораць па-руску (хоць для кагосьці гэта можа быць мінусам).
- У несезон горад пусцее, становіцца вельмі спакойным і бяспечным (праз нізкі ўзровень злачыннасці).
Мінусы:
- Нізкі ўзровень сэрвісу.
- Вільготны клімат, шмат дажджоў.
- Вялікая колькасць бадзяжных сабак: «За межамі Батумі ад выгляду бедных жывёл, у якіх тырчаць скрозь скуру рэбры, слёзы на вочы наварочваюцца. А ў Батумі турысты іх пастаянна перакормліваюць, і ў сабак пачынаюцца праблемы са здароўем. Але разам з тым сабакі вельмі добрыя, стэрылізаваныя, у іх чыпы ў вушах. Плюс тут вялікая колькасць валанцёраў, якія імкнуцца ўсімі спосабамі вырашыць гэтую праблему».
- Наплыў людзей у курортны сезон, праз які павялічваюцца цэны на прадукты і таксі, а таксама расце нагрузка на інфраструктуру.
Тбілісі
Жытло: праблемы з цэнамі на арэнду
Розныя людзі называюць розныя прычыны пераезду ў Тбілісі. Хтосьці бег ад палітычнага пераследу на радзіме, хтосьці абраў грузінскую сталіцу праз даступнасць паслуг і тавараў або больш сухі, чым у Батумі, клімату (хоць у сезон лясных пажараў гэта хутчэй недахоп, чым плюс).
Год таму ў Тбілісі было шмат прапаноў жытла па цэнах ніжэйшых за беларускія (праз малы попыт на фоне пандэміі). Так, распрацоўшчык Віталь здымаў тады кватэру ля метро за 330 долараў.
Пасля 24 лютага на рынак рынула мноства патэнцыйных арандатараў, а цэны ўраз выраслі ў 2-3 разы. Кватэрная гаспадыня Віталя падняла кошт арэнды да 550 долараў (а першапачаткова замахвалася і на 700). У адказ айцішнік проста пераздаў кватэру знаёмаму і знайшоў новае жытло — у раёне Вера «па цане ніжэйшай за рынак».
«Калі вы хочаце зняць што-небудзь бліжэй да цэнтра, кавярняў, рэстаранаў, тусовачных месцаў, дзе ёсць экспацкія кам’юніці і шмат рускамоўных, то, пэўна, варта аддаць перавагу раёнам Ваке, Вера і Сабуртала, — расказвае ён. — Каму бюджэт не дазваляе, тыя селяцца ў бок раёнаў Ісані, Артачала, Дзігомі або Дзідубе. А калі грошай наогул няма, то могуць і на ўскраіну — Глдані, Варкецілі. Але я гэтыя раёны ў прынцыпе не разглядаю, бо дабірацца адтуль вельмі нязручна. Дарога да цэнтра займае хвілін 25, а то і 45 з коркамі. Але на ўскраіне прасцей знайсці жытло — актыўна будуюцца мікрараёны. Так, жыццё ў навабудах, дзе яшчэ вядзецца рамонт, не ўсім падыходзіць. Але люты паказаў, што людзі згаджаюцца і на меншае, абы адчуць сябе ў бяспецы».
Праграміст Зміцер зняў кватэру ў Ваке за 400 долараў на пачатку сакавіка. Ён кажа, што за пяць хвілін пасля публікацыі аб’явы паспела ўтварыцца чарга з ахвотных. Яму ўдалося абысці іншых прэтэндэнтаў толькі дзякуючы дапамозе рыэлтара.
«Але гэта ўсё адно не зберагло мяне ад павышэння цаны за арэнду. Месяц таму патэлефанаваў гаспадар і пачаў расказваць, што яго сястра вяртаецца з Іспаніі, ёй трэба дзесьці жыць, а менш за гэтакую суму ўжо нічога не зняць, — расказвае Зміцер. — Я такі: зразумеў, давайце падвышаць. Пагадзіўся на новую цану ў 600 долараў, бо зараз няма моцы шукаць новае жытло і заключаць новы доўгатэрміновы кантракт. Няма гарантый, што ў новых гаспадароў праз месяц не вернецца траюрадная сястра бабулі».
Каворкінгі: шмат прапаноў, мала месцаў
У Тбілісі хапае сучасных і ёмістых каворкінгаў — накшталт сеткі Terminl, офісаў Regus, Impact Hub у крэатыўнай прасторы Fabrika, бібліятэкі Mediathek у парку Ваке або ANO OFFICE, вядомага сваёй рысаваркай. Але яны сталі папулярнейшымі за кошт плыні рускамоўных айцішнікаў (так што загадзя ўдакладняйце наяўнасць свабодных месцаў).
Некаторыя ратуюцца тым, што працуюць проста ў кавярнях. У адказ уладальнікі пакідаюць аб’явы на сталах накшталт «вы не можаце сядзець тут больш за 20 хвілін». Так што, магчыма, праца з дому — і не самы благі варыянт.
Крамы тэхнікі: лепш заказваць анлайн
На пытанне пра крамы тэхнікі Віталь адказвае, што «не асабліва тут закупляўся», а ў асноўным заказваў усе неабходныя дэвайсы з ЗША праз пасярэднікаў або фірмы па дастаўцы. «Пасылкі прыязджаюць за 7-10 дзён без размытнення, можна забраць іх у скрыні самаабслугоўвання або заказаць дастаўку на дом за 3 лары. Калі перавышаны ліміт у 300 лары, то просяць заплаціць 18%. Але тут спрошчаная сістэма размытнення, проста аплачваеш плацежку ў сваім банку і ўсё».
Што тычыцца фізічных крам, то, паводле слоў Змітра, «у Мінску з гэтым значна лепш».
«Бывае, што лінейкі тэхнікі або мадэлі, якія могуць прысутнічаць у Беларусі, тут адсутнічаюць. Калі трэба нешта канкрэтнае, усё ж лепш заказваць анлайн або папрасіць у чаце перадаць рэчы», — дадае Віталь.
Вопратка і прадукты харчавання: усё ёсць, але танней закупляцца на рынку
У Тбілісі прысутнічаюць усе асноўныя брэнды мас-маркету, уключна з тымі ж Zara і H&M. Плюс па горадзе раскіданыя буцікі грузінскіх дызайнераў. А для самых рызыкоўных на Дэзерцірскім рынку (у раёне Вакзальнай плошчы і стадыёна Дынама) ёсць аналаг мінскага «поля цудаў».
Што тычыцца прадуктаў, то ў Тбілісі працуюць сеткі Agrohub, Carrefour, Fresco, Goodwill, Nikora, Libre, Spar і Ori Nabiji.
Зміцер як жыхар Ваке кажа, што яму падабаецца Agrohub («там добры выбар гародніны і іншага»), а ў суседнім Carrefour зручна браць крупы на вагу і выпечку: «Але Carrefour нагадвае мне „Еўраопт“ у яго найгоршай праяве, бо там часта падгнілая гародніна».
«У цэлым прадукты дарагія. Я не вегетарыянец і не супер-мясаед, але тут стаў дакладна есці менш мяса, — дадае суразмоўца. — Так, мне казалі, што лепш закупляцца на рынку, але я ведаю, што калі прыйду на базар са сваім славянскім тварам, то будзе шоу „падмані гэтага чувака“. Я не настолькі фанат мяса».
А вось Віталь з жонкай наадварот — кожныя выходныя ездзяць на рынак і кажуць, што пасля Мінска цэны на гародніну і садавіну значна таннейшыя. «Калі хтосьці хоча беларускіх сыркоў, то па ўсім Тбілісі раскіданыя беларускія крамы (Belmart/ბელმარტი). Не знайшоў там — ідзеш у Europroduct, там дакладна будуць. Але мы сыркі не ямо, можа, таму нам лягчэй жыць, — жартуе суразмоўца. — Калі чагосьці тут няма, просім прывезці з Беларусі.
У астатнім — крамы, рынак, спецыяльныя месцы, дзе ты можаш знайсці толькі малочку або толькі мяса.
Грузія — гэта такое месца, дзе ў цябе павінныя быць «свае людзі». Свой пекар, свой малочнік, свой рыбалоў і свой мяснік. Гэта і недахоп, і перавага, бо ты павінны хадзіць ножкамі і ўсё шукаць самастойна. Першы час мяне гэта злавала. Цяпер нармальна».
Айцішная тусоўка: бяднейшая за батумскую
Суразмоўцы сыходзяцца на тым, што ў Тбілісі няма выразнай «айцішнай тусоўкі». Так, тут працуюць офісы беларускіх кампаній накшталт EPAM, SoftSwiss або Andersen. Але, як кажа Віталь, большасць айцішнікаў — у Батумі. «Спрабавалі ладзіць сустрэчы ў Тбілісі, але на іх вельмі мала чалавек прыходзіць. Я да 24 лютага прыходзіў — а там 4 чалавекі. Пасядзелі-пагутарылі, але выразнага кам’юніці я пакуль не назіраю. Але ўсё прыйдзе».
Але, у рэшце рэшт, заўсёды можна пайсці на тую ж «Фабрыку» (сучасная прастора з кавярнямі і каворкінгамі на левым беразе Куры ў Тбілісі — заўв. аўт.) і пагутарыць з экспатамі з усіх куткоў свету. Акрамя таго, паводле слоў Віталя, у Тбілісі імігравалі арганізатары квіза «Мазгабойня»: «Кожны тыдзень з айцішнікамі ўдзельнічаем у інтэлектуальных баталіях — як адна з разнавіднасцей ІТ-тусоўкі».
Плюсы Тбілісі (на думку нашых суразмоўцаў):
- Вялікі горад з вялікай колькасцю магчымасцей.
- Сухі і прадказальны клімат: «Магу пералічыць на пальцах адной рукі колькасць дажджлівых дзён у Тбілісі. А колькасць сонечнага святла наўпрост уплывае на тваё светаадчуванне, настрой і насычанасць вітамінам D».
- Прыгожая прырода і шмат магчымасцей выехаць на адпачынак — у горы або на мора.
- Мноства зяленіва: «Нават у самы сквар я магу спакойна прайсціся па вуліцы, бо вялікія дрэвы рассейваюць сонца. Гэта кайф наогул, у Мінску ўсе дрэвы знішчылі».
- Зручны грамадскі транспарт, новыя аўтобусы з кандыцыянерам.
- Ветлівыя людзі.
- Медыцынскія цэнтры і стаматалагічныя клінікі: «Карыстаюся карпаратыўнай страхоўкай, ёсць розныя медцэнтры ў пакрыцці — ёсць з чаго выбраць. Не ўпэўнены, што ў Батумі з гэтым усё акей».
Мінусы:
- Цэны на жытло.
- Якасць паветра: «Асабліва сваёй загазаванасцю і коркамі слаўны раён Ваке».
- Дарожны трафік. «Тут не любяць выконваць правіл дарожнага руху, а пешаход — не святая карова».
- Недагледжанасць месцамі: «Бывае, прыходзіш да кагось у госці, пад’езд — быццам з фільма жахаў, а кватэра — палац».
- Іншы бок ветлівасці — размытыя асабістыя межы: «Мясцовыя хутка спытаюць, хто ты і адкуль, а таксісты любяць пагаварыць пра палітыку. Але ў мяне ёсць рэцэпт, як з імі змагацца. На пытанне „адкуль, брат“ проста кажаш: „З Малдовы“. На гэтым усё заканчваецца, бо таксіст не ведае нічога пра Малдову».
Читать на dev.by