ІТ-фаундэр хацеў стварыць новую краіну. Але сутыкнуўся з рэальнай дзяржавай
Прадпрымальнік ды інвестар Баладжы Шрынівасан пакінуў Крэмніевую даліну, каб пабудаваць новую дзяржаву з нуля. Былы CTO Coinbase і партнёр Andreessen Horowitz, які верыць у непазбежны анархічны распад ЗША, запусціў інкубатар незалежных грамадстваў пад назвай Network School. Што з гэтага атрымалася, расказаў Wall Street Journal.
Прадпрымальнік ды інвестар Баладжы Шрынівасан пакінуў Крэмніевую даліну, каб пабудаваць новую дзяржаву з нуля. Былы CTO Coinbase і партнёр Andreessen Horowitz, які верыць у непазбежны анархічны распад ЗША, запусціў інкубатар незалежных грамадстваў пад назвай Network School. Што з гэтага атрымалася, расказаў Wall Street Journal.
Пляцоўкай для эксперыменту стаў занядбаны люксавы мегапраект Forest City у Малайзіі — паўпусты горад-прывід вартасцю $100 млрд, пабудаваны кітайскімі дэвелоперамі. Задума аб’яднала ў сабе элементы тэхнаўтопіі, інкубатара стартапаў і аздараўленчага рэтрыту.
За $1,5 тысячы ў месяц рэзідэнты атрымлівалі жыллё, каворкінгі, заняткі па праграмаванні, фітнес-клуб і харчаванне, распрацаванае ў стылістыцы біяхакера Браяна Джонсана. Шрынівасан асабіста адбіраў першых удзельнікаў праз апытанні пра іхныя погляды на капіталізм і будучыню чалавецтва. За пару гадоў праект прыцягнуў сотні ўдзельнікаў з усяго свету, якія хацелі «пракачаць цела і запусціць новае грамадства».
Але ўтопія сутыкнулася з бытавымі і дзяржаўнымі рэаліямі. Рэзідэнты скардзіліся на цвіль у нумарах, поўную адсутнасць начнога жыцця ў мёртвым горадзе і перакос у бок мужчынскай аўдыторыі. Шрынівасан адказаў, што праект створаны не для вечарынак, а для сямейных тэхнаэнтузіястаў, а праблемы з вільгаццю вырашальныя. Але галоўны ўдар нанеслі ўлады краіны, дзе размясціўся эксперымент.
Крызіс пачаўся пасля публікацый у сацсетках, у якіх гаварылася, што ў Network School пражываюць грамадзяне Ізраіля. Для мусульманскай Малайзіі, якая не мае дыпламатычных адносін з Ізраілем і патрабуе спецдазволаў для ўезду яго грамадзян, гэта стала падставай для маштабнай праверкі міграцыйнай службы. Шрынівасан публічна абурыўся дзеяннямі ўладаў, назваўшы даносы фэйкам, і пагразіў перанакіраваць мільённыя інвестыцыі ў больш гасцінныя рэгіёны.
Экс-СТО Coinbase запусціў неафіцыйны ўніверсітэт, дзе вучаць ствараць «крыптадзяржавы»
Афіцыйнае расследаванне не выявіла парушэнняў міграцыйнага заканадаўства, але мясцовы ўрад хутка знайшоў іншую падставу і закрыў праект з-за парушэнняў у ліцэнзаванні. Ужо праз некалькі гадзін Шрынівасан апублікаваў відэа з намеснікам прэм’ер-міністра Казахстана, з якім падпісаў пагадненне пра перанос кампуса. Казахстан прыцягвае замежны капітал спецыяльнымі эканамічнымі зонамі з нулявым карпаратыўным падаткам і спрошчаным візавым рэжымам, што ідэальна падышло для праекта.
Канцэпцыя Шрынівасана — толькі частка растучага руху сярод ІТ-мільярдэраў, якія спрабуюць стварыць аўтаноміі з мінімальным рэгуляваннем. Падобныя праекты, накшталт горада Próspera на востраве ў Гандурасе, падтрыманага Пітэрам Цілем і Маркам Андрысенам, рэгулярна сутыкаюцца з супрацівам мясцовых уладаў, якія мяняюць законы і спрабуюць вярнуць кантроль над сваімі тэрыторыямі. Ідэолагаў руху гэта не спыняе: яны перакананы, што будучыня за гнуткімі сеткавымі дзяржавамі, якія ствараюцца з нуля.
Сам 46-гадовы Шрынівасан, які вырас у сям'і іммігрантаў з Індыі, з дзяцінства фарміраваў скептычныя адносіны да інстытутаў улады. Ён яшчэ ў школе сутыкнуўся з булінгам і прыйшоў да высновы, што «дзяржава заўсёды гуляе супраць цябе». Пазней, зрабіўшы паспяховую кар’еру ў Даліне і заработаўшы стан, ён і яго жонка адмовіліся ад амерыканскага грамадзянства і пераехалі ў Сінгапур. На думку былых калег, Шрынівасан валодае геніяльным розумам, але катэгарычна не здольны працаваць у чужых рамках і падпарадкоўвацца правілам.
Нягледзячы на вымушаны пераезд у Казахстан, фаўндар не збіраецца адмаўляцца ад глабальнай мэты. У сваёй кнізе «Сеткавая дзяржава» ён апісаў 7-этапны план: ад анлайн-супольнасці аднадумцаў да выкупу зямель і афіцыйнага прызнання сусветнай супольнасцю. Па словах Шрынівасана, у будучыні Network School можа атрымаць уласную эканамічную зону, пабудаваць штучны востраў у нейтральных водах або «адправіцца разам з Ілонам Маскам на Марс».
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.