Беларусь і Расія дамовіліся пра скасаванне роўмінгу ад 1 сакавіка 2025 года
Беларусь і Расія прынялі рэзалюцыю аб стварэнні камфортных тарыфаў для карыстання паслугамі сувязі і перадачы даных на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (скасаванні роўмінгу). Пра гэта паведамляе агенцтва БЕЛТА.
Новыя тарыфы ўступяць у сілу на тэрыторыі дзвюх краін 1 сакавіка 2025 года.
Паводле слоў міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, знойдзеныя ўмовы, якія забяспечваюць роўныя правы для абанентаў Беларусі і Расіі.
Пра ўвядзенне 1 сакавіка 2025 года тарыфаў за паслугі сувязі і перадачу даных на тэрыторыі Беларусі і Расіі стала вядома яшчэ ў лістападзе гэтага года пасля пасяджэння саюзнага Саўміна.
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка тлумачыў, што гаворка ідзе аб зніжэнні міжаператарскіх тарыфаў. То-бок пры падарожжах з Беларусі ў Расію і ў зваротным кірунку можна будзе карыстацца тарыфамі, супастаўнымі з цаной паслуг у хатняй сетцы.
«У аб’ёме не меншым за 300 хвілін бясплатных уваходных галасавых выклікаў і не меншым за 5 Гб перадачы даных на месяц. Гэта дазволіць грамадзянам на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы карыстацца на камфортных умовах яшчэ большым аб’ёмам галасавых паслуг і ўпершыню — значным аб’ёмам перадачы даных», — адзначаў Галоўчанка.
Эпапея з поўнай адменай роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю доўжыцца больш за дзесяць гадоў. У 2019 годзе была падпісана «дарожная карта» па паэтапнай адмене роўмінгу. Планавалася, што роўмінг будзе адменены ўжо да 2020 года, аднак тэрміны неаднаразова пераносіліся.
Читать на dev.by